Вяртанне на зямлю продкаў

Вяртанне на зямлю продкаў

28 сентября 2018 2938

Напэўна, ні адна іншая нацыя ў свеце так не шукае свае карані, як яўрэі. Раскіданыя лёсам па свеце, пазбаўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны радзімы, родных, сёння яны імкнуцца вярнуць сабе памяць. Памяць аб месцы, дзе нарадзіліся і жылі іх продкі, памяць аб людзях, якія заставаліся адданымі сваёй веры, памяць аб падзеях, якія назаўжды падзялілі лёсы тысяч яўрэяў на «да» і «пасля».

Без названия (8)

 

У канцы XIX стагоддзя ў Навагрудку пражывала больш за 3000 яўрэяў. У яўрэйскім асяроддзі добра ведалі сям’ю Гаркавых. Згодна з «Ведамасцямі аб домаўладальніках горада Навагрудка польскага паходжання і яўрэях», датаванымі 1866 г., яўрэі былі ўласнікамі 452 дамоў, католікі – 99. Заможныя яўрэі жылі галоўным чынам на Гандлёвай плошчы. Самымі багатымі дамамі, якія належалі яўрэям, названы: дом купца 2-й гільдыі Хаіма Бейліна (ацэньваўся ў 8000 руб.), Мовшы Гаркавага (6000 руб.), два дамы купца Меера Пікера (6350 і 3750 руб.).

У 1835-1850 гг. гарадскім рабінам з’яўляўся Аляксандр Зіскінд Гаркавы, гандляр, член заможнай сям’і. У 1867 г. у яўрэйскім казённым двухкласным вучылішчы 1-га разраду ганаровым папячыцелем быў купец Гершон Маісеевіч Гаркавы.

 

 

Гаркави

У верасні гэтага года адбылася мая сустрэча з адным з нашчадкаў калісьці вядомай на Навагрудчыне яўрэйскай сям’і Гаркавых. У апошнія гады такія сустрэчы ўжо не дзіва. Унукі і праўнукі яўрэяў, якія жылі тут, вяртаюцца на радзіму продкаў. Іх вялікае жаданне ведаць, хто яны і адкуль, заслугоўвае павагі.

Прыехаць на зямлю продкаў – аб гэтым у далёкай Каліфорніі Роберт Гаркавы марыў не адзін год. Дзе тая далёкая Беларусь і невядомы Навагрудак, ён нават мала ўяўляў. Аднак жаданне пабываць на радзіме продкаў было такім моцным, што ў свае 74 гады разам з жонкай яны адважыліся пераадолець акіян. Прыехалі за тысячы кіламетраў, каб проста ўбачыць горад, дзе некалі жыла сям’я Гаркавых.

– Я нарадзіўся ў Нью-Ёрку, рос у Фларыдзе, але лічу сябе беларусам. Мае карані тут, у Беларусі, – пераканана адзначае ў пачатку размовы Роберт Гаркавы. – Я нікога не шукаю, проста хачу прайсціся па вуліцах горада, даведацца пра яго гісторыю, убачыць цікавыя мясціны. У нашай сям’і я часта чуў пра свайго родзіча Аляксандра Гаркавага, добра ведаю гісторыю яго эміграцыі ў Амерыку і слаўную навуковую дзейнасць. Я пачаў шукаць звесткі, адкуль ён родам. Мае даследаванні паказалі, што ёсць вельмі шмат Гаркавых у розных краінах свету. Для мяне ўжо больш у мінулым, чым наперадзе, таму хацелася паспець прыехаць сюды.

Свае даследаванні Роберт Гаркавы пачаў трыццаць гадоў таму, і толькі зараз яны прывялі яго ў Навагрудак. Ён ведаў, што калі яго продкі эмігрыравалі, адносіны паміж людзьмі, стаўленне да яўрэяў было не вельмі добрым. У канцы XIX стагоддзя на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Расіі жыццё яўрэяў было цяжкім. На жаль, многім прыйшлося пакі­нуць сваю радзіму і боль­шасць засталіся ў Амерыцы. Сярод іх быў і прапрадзядуля Роберта Гаркавага – Аляксандр Гаркавы.

– Калі Аляксандр Гаркавы прыехаў у Амерыку, яму давялося некаторы час пераяз­джаць з месца на месца. Ён пабываў у Канадзе, а потым стаў пастаянна жыць у Нью-Ёрку. Аляксандр шмат узаемадзейнічаў з іншымі эмігрантамі і напісаў для іх кнігу практычных парад, якія дапамагалі асвоіцца ў новым асяроддзі. У нашай сям’і захоўваецца гісторыя аб тым, што ў 20-я гады XX стагоддзя да нас даволі часта па выхадных прыходзілі Аляксандр Гаркавы разам з жонкай Бэл. І абавязкова прыносілі вішнёвы пірог.

У 1921 годзе Аляксандр Гаркавы прыязджае з ЗША ў Навагрудак і прывозіць яўрэйскай абшчыне дапамогу ў памеры 40 тыс. долараў, сабраную эмігрантамі з Навагрудка ў Амерыцы. Праз дзесяць гадоў, у 1931 г. ён прыехаў зноў. Гэта была сапраўдная па­дзея для невялікага штэтла. Па яго замове Варшаўская студыя «Зеніт» здымае дакументальны фільм, які захаваўся да сённяшняга дня. Дзякуючы гэтаму фільму і старым фатаграфіям, зробленым падчас наведвання горада, сёння мы можам уявіць і лепш зразумець свет навагрудскага штэтла і яго жыхароў. Праз 87 гадоў Роберт – першы з Гаркавых, якія эмігрыравалі ў Амерыку, – вярнуўся на ра­дзіму сваіх продкаў.

– Я чакаў убачыць штэтл, а штэтла больш няма, – усміхаецца Роберт Гаркавы. – Ві­даць, што Навагрудак – горад, які мае свой шлях развіцця. І гэта, на мой погляд, звязана з тым, што Беларусь – незалежная краіна. Мне гэта бачыцца такім пазітывам для будучага развіцця. Я пабываў на Замкавай гары, у музеі Адама Міцкевіча. Было вельмі цікава, усё спадабалася. Для мяне, як яўрэя, вельмі важна было пабываць у Музеі яўрэйскага супраціўлення. Некалі ў Навагрудку жыло шмат яўрэяў, а сёння, на жаль, зусім мала. Аднак я думаю, многія могуць і не ведаць, што яны яўрэі. Трэба развівацца, вывучаць свае карані, сваю культуру. Яўрэі – вялікая частка гісторыі Навагрудка, і гэта важна. У Навагрудку ёсць шмат вядомых імён. З Гаркавых доб­ра вядома пра Аляксандра, а вось лёс Аўраама Гаркавага малавядомы.

Ужо шмат гадоў Роберт Гаркавы імкнецца адшукаць шматлікіх нашчадкаў Гаркавых, з некаторымі з іх падтрымлівае сувязь. Сярод Гаркавых, што жывуць у Амерыцы, шмат адвакатаў, юрыстаў, напрыклад, пракурор у Лос-Анжэлесе носіць таксама прозвішча Гаркавы. А вось сам Роберт Гаркавы называе сябе бізнесменам у адстаўцы. Больш за дваццаць пяць гадоў ён адпрацаваў у будаўнічым бізнесе, а сёння адпачывае і атрымлівае асалоду ад жыцця.

– Мне падабаецца наладжваць сувязі паміж людзьмі, – адзначае Роберт. – У нашым жыцці вельмі важна нешта рабіць дзеля будучыні. І калі ты можаш штосьці зрабіць для нашчадкаў, абапіраючыся на мінулае, твая місія выканана. Спадзяюся, што мой прыезд у Навагрудак стане пачаткам цікавых кантактаў і супрацоўніцтва. У Каліфорніі, дзе я жыву, шмат людзей займаецца фермерствам, прычым і ў турыстычных мэтах. Я даведаўся, што на Навагрудчыне маецца 24 аграсядзібы і людзі займаюцца практычна тым жа. І адразу ў мяне ўзнікла ідэя: гэтым людзям можа быць цікава сустрэцца і нала­дзіць супрацоўніцтва.

– Мне спадабаўся Навагрудак, асабліва калі стаіць такое цёплае надвор’е. Я не ўпэўнены наконт студзеня, лютага, а вось зараз вельмі камфортна і прыемна. І хаця нас раздзяляюць дзясяткі тысяч кіламетраў, я перакананы – людзі ёсць людзі. Людзі ўсюды аднолькавыя. І ўсе праблемныя пытанні, якія могуць узнікаць, яны звязаны з палітыкай. А людзі заўсёды зной­дуць узаемаразуменне, – падкрэсліў Роберт Гаркавы.

Без названия (7)

[tabs style="h1" ]

[tab title="Аляксандр Гаркавы" ] 

 Александр Гаркави 1Аляксандр Гаркавы нарадзіўся ў 1863 годзе ў Навагрудку. Рана асірацеўшы, ён выхоўваўся ў сям’і бедных сваякоў. Атрымаўшы звычайнае рэлігійнае выхаванне, Аляксандр шмат займаўся сама­адукацыяй, яго любімым заняткам было вывучэнне моў. У яго рана праявілася цяга да літаратуры, і ўжо 13-гадовым хлопчыкам ён пісаў вершы на старажытнаяўрэйскай мове і выдаваў рукапісны часопіс. У 1878 г. Гаркавы пераехаў у Вільню, дзе працаваў у друкарні ў якасці тачыльшчыка літар. У вольны ад заняткаў час ён працягваў займацца самаадукацыяй, вывучаючы пераважна старажытныя мовы. Пасля пагромаў 1881 г. эмігрыраваў у ЗША. Яго першы агульнадаступны падручнік англійскай мовы «Дэр энглішэр Лерэр» («Англійскі настаўнік», 1891 г.) разышоўся тыражом у 100 тысяч экзэмпляраў. Гаркавы перакладаў на ідыш творы еўрапейскіх класікаў (у тым ліку «Дон-Кіхота» Сервантэса), напісаў шэраг папулярных кніг па гісторыі і культуры Амерыкі. Выкладаў амерыканскую гісторыю і грамадскія дысцыпліны ў навучальных установах Нью-Ёркскага савета па адукацыі, а таксама граматыку і літаратуру ідыш у Нью-Ёркскай яўрэйскай настаўніцкай семінарыі. Найбольшых поспехаў дасягнуў у лексікаграфіі. Яго слоўнікі англа-ідыш і ідыш-англійскі (40 тысяч слоў) вытрымалі 22 выданні. Самая значная работа А. Гаркавага – ідыш-англа-іўрыцкі слоўнік (1925 г.; 4-е выданне – 1957 г.). За сваю вялікую дзейнасць зарэкамендаваў сябе як вялікі філолаг і аўтар некалькіх дзясяткаў кніг і нарысаў па лінгвістычнай культуры.[/tab]

[tab title="Аўраам (Альберт) Гаркавы" ]

Авараам ГаркавиАўраам (Альберт) Гаркавы нарадзіўся 17 кастрычніка 1839 года ў Навагрудку ў сям’і рабіна Якава Гаркавага і Двойры Вейсбрэм. З 1858 г. вучыўся ў Віленскім рабінскім вучылішчы, пасля заканчэння якога ў 1863 годзе паступіў на факультэт усходніх моў Пецярбургскага ўніверсітэта, скончыў яго са ступенню кандыдата. У 1868 г. А. Гаркавы абараніў магістарскую дысертацыю і ў тым жа годзе атрымаў замежную камандзіроўку. Па вяртанні ў Пецярбург у 1872 г. ва ўніверсітэце абараніў дысертацыю на ступень доктара гісторыі Усходу. Тады ж у якасці прыват-дацэнта Гаркавы быў дапушчаны да чытання лекцый ва ўніверсітэце. Пасля абароны доктарскай дысертацыі А. Гаркавы да канца жыцця працаваў у імператарскай Публічнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбурзе (1872-1919). Неаднаразова ўдзельнічаў у арганізацыі розных выставак. Актыўны ўдзел Гаркавы прымаў у дзейнасці Таварыства для распаўсюджвання асветы паміж яўрэямі ў Расіі, быў членам яго камітэта, сакратаром, ганаровым папячыцелем, рэдактарам выдавецтва гэтага таварыства. Доўгія гады быў членам праўлення Пецярбургскай яўрэйскай абшчыны, членам гаспадарчага камітэта і старастам сінагогі Пецярбурга.[/tab]

[/tabs]

 

А. ГАНЦЭВІЧ, «НЖ».

Усе матэрыялы праекта "Жыць і помніць":  http://novgazeta.by/category/nashi-proekty/zhyc-i-pomnic/