Праект «Ад зямнога да нябеснага» рэалізуецца ў Валеўцы

Праект «Ад зямнога да нябеснага» рэалізуецца ў Валеўцы

Праект «Ад зямнога да нябеснага» рэалізуецца ў Валеўцы

31 Августа 2020 998

«Ад зямнога да нябеснага» – праект, які рэалізуецца Валеўскім дзіцячым садам-сярэдняй школай, Навагрудскім раённым цэнтрам рамёстваў і храмам Святых апосталаў Пятра і Паўла аграгарадка Валеўка. 

Мэта праекта – адраджэнне духоўнай культуры продкаў, знаёмства моладзі з культурнай і матэрыяльнай спадчынай краю, выхаванне любві і павагі да нацыянальнай культуры, духоўна-асветніцкая дзейнасць.


Праект пачаў рэалізоўвацца ў ліпені гэтага года, калі храм Святых апосталаў Пятра і Паўла, унікальны помнік гісторыі і культуры Беларусі, адзначаў сваё 335-годдзе. Вучні пад кіраўніцтвам настаўнікаў школы збіралі вышываныя ручнікі, арнаменты сваёй мясцовасці, якімі ўпрыгожылі храм да прастольнага свята, якое святкавалася 12 ліпеня.

Супрацоўнікі Цэнтра рамёстваў прапанавалі жыхарам Валеўкі выстаўку работ майстроў-умельцаў Алены Міхайлаўны і Аляксандра Валянцінавіча Піразевых. А таксама правялі для моладзі майстар-клас па пляценні паясоў. У гэты час працаваў кірмаш народных рамёстваў. Сапраўднае свята прыйшло ў вёску, якое аб’яднала і дзяцей, і дарослых.



Наступным крокам праекта стала свята Успення Прасвятой Багародзіцы. На гэты раз дзеці ўпрыгожылі храм жытнімі каласамі і кветкамі, а ўсіх, хто прыйшоў у храм на богаслужэнне, чакала выстаўка «Творение женских рук прекрасных…», дзе былі прадстаўлены тканыя радзюшкі, ручнікі, вырабы з саломкі. Дырэктар Цэнтра рамёстваў Наталля Клімко цікава расказала моладзі аб тым, колькі любві і працы патрэбна было ўкласці жанчынам у свае вырабы, а старэйшае пакаленне, з вачыма поўнымі слёз, успамінала сваіх матуль і бабуль.




Падчас майстар-класа моладзь навучылася вырабляць анёлаў з саломкі. Напярэдадні навучальнага года дзеці прычасціліся Хрыстовых таінстваў і памаліліся на малебне. Дадому кожны з іх прынёс анёла з саломкі – добры падарунак для матуль, які яны зрабілі сваімі рукамі.




У праекце прымаюць удзел цэлыя сем'і, якія не толькі наведваюць богаслужэнні, але і вучацца народным промыслам, а наш храм становіцца цэнтрам духоўнасці і культуры не толькі для жыхароў Валеўкі.

Надзея Арцюх, «НЖ-media»