Паэт Янка Паддубіцкі з замілаваннем пісаў пра Прынёманскі край

Паэт Янка Паддубіцкі з замілаваннем пісаў пра Прынёманскі край

Паэт Янка Паддубіцкі з замілаваннем пісаў пра Прынёманскі край

18 марта 2020 1950

Край мой Прынёманскі! Родныя далі

Воблікам дзіўным чаруюць душу.

Долю адну мы сабе нагадалі,

Песні твае я ў сэрцы нашу…

Край Прынёманскі, жытнёвыя далі,

Край працавітых і добрых людзей.

Нізка ў пояс табе кланяюся,

Край мой Прынёманскі, край дарагі!..

Так, з асаблівым замілаваннем і пачуццём любві праслаўляў шчорсаўскую зямлю ў сваім вершы «Край мой Прынёманскі» паэт Янка Паддубіцкі (Іван Серафімавіч Паддубіцкі), дырэктар Шчорсаўскай сярэдняй школы (1986-2005 гг.). Наш артыкул – даніна памяці і павагі чалавеку, большая частка жыцця якога была звязана з Навагрудчынай, з наднёманскім краем.


З жонкай Івана Серафімавіча Марыяй Пятроўнай я пазнаёмілася ў ліпені мінулага года падчас віншавання яе матулі Ганны Адольфаўны Яцукевіч са 100-гадовым юбілеем. Пазней сустракаліся ў Шчорсах на прэс-туры для журналістаў. Жанчына ўразіла тады сваімі глыбокімі ведамі па гісторыі роднага мястэчка Шчорсы, знакамітага роду Храптовічаў. Марыя Пятроўна расказала, што глыбей і больш дасканала вывучаў гісторыю Шчорсаў яе муж Іван Серафімавіч Паддубіцкі. А яшчэ ён прысвяціў знакамітаму мястэчку шмат сваіх паэтычных твораў.


Мы дамовіліся пра сустрэчу, падчас якой жанчына расказала пра мужа. Пасля яго смерці прайшло амаль дзевяць гадоў, але боль страты чалавека, які стаў не проста мужам, а і дарадцам, лепшым сябрам, не сціхае і сёння. Але разам з болем у яе сэрцы ўдзячнасць лёсу за тое, што паслаў на жыццёвым шляху дарагога чалавека.

Школа жыцця

– Сустрэліся мы з Іванам Серафімавічам у студэнція гады, а дакладна – 5 снежня 1971 года. Я была студэнткай 2 курса факультэта гісторыі і грамадазнаўства, а ён вучыўся на 3 курсе філалагічнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Пазнаёміліся на звычайным студэнцкім вечары. Як сёння памятаю, расказваў пра студатрад, у якім ён працаваў у Сібіры – так з таго часу і сябравалі, пажаніліся на апошнім курсе, – успамінае Марыя Пятроўна. – Нарадзіўся Іван у вёсцы Заброддзе Салігорскага раёна, дзе 23 лютага 1943 года 387 мясцовых жыхароў былі расстраляны і спалены немцамі. Верш «Рэха Хатыні» ён прысвяціў сваёй маці Надзеі Яфімаўне, якая ў той час жыла ў вёсцы і на яе вачах спалілі ўсю сям’ю. У сям’і Івана было шасцёра дзяцей, у маёй – трое. Не было за што нам шыкаваць у студэнцкія гады. Вучыліся добра, каб атрымліваць стыпендыю, – без яе было аніяк. Пасля заканчэння інстытута размеркавалі нас у Салігорскі раён у Скаўшынскую школу. Іван Серафімавіч працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, я выкладала гісторыю. На Салігоршчыне нарадзіліся нашы сыны Павел і Андрэй.Так атрымалася, што я цяжка захварэла. Дзеці былі малыя, таму вырашылі пераехаць на Навагрудчыну, – расказвае мая суразмоўца. – Маімі ідэаламі настаўніка з дзяцінства былі Іван Мікалаевіч Качан і яго жонка Аляксандра Аляксандраўна. Як я магла пайсці на іншы факультэт, як не на гістарычны. Калі мы прыехалі на Навагрудчыну, Іван Мікалаевіч ужо ўзначальваў раённы аддзел адукацыі. Ён і накіраваў нас з Іванам на працу ў Ваўковіцкую сярэднюю школу. У гэты час муж паступіў у аспірантуру. У Ваўковічах мы жылі і працавалі да 1986 года. Я прапрацавала настаўніцай 16 гадоў і атрымала званне «Настаўнік-метадыст».


Прызванне і прызнанне

Вочы дзяцей, мае мілыя вочы,

Бачу ўсюды вас, дзе б я ні крочыў…

Вочы дзяцей – справядлівыя вочы.

Я перад імі ніколі не збочу,

І за бацькоўскім ці школьным парогам

Не пакідаюць мяне іх трывогі…

Прафесія педагога патрабуе вялікай душэўнай шчодрасці, сапраўднай любві да дзяцей. Усімі гэтымі якасцямі валодаў Іван Серафімавіч Паддубіцкі. Яго многія ведаюць як цудоўнага настаўніка, дырэктара школы, сапраўднага інтэлігента, эрудыта, добрага і спагадлівага чалавека. Амаль 20 гадоў Іван Серафімавіч узначальваў Шчорсаўскую сярэднюю школу. Гэты час жыхары вёскі, вучні і настаўнікі і сёння называюць «залатым векам» школы.


Яго любілі і паважалі калегі і вучні. Ён быў адданы педагагічнай справе. І сёння былыя вучні з цеплынёй успамінаюць свайго дырэктара, настаўніка, для якога галоўнай жыццёвай сцежкай стала дарога да школы. Кожны выпускнік з нецярпеннем чакаў ад дырэктара вершаваны падарунак на выпускным балі. Гэты чалавек частку свайго жыцця прысвяціў і краязнаўчай рабоце. Ён з першага дня палюбіў Шчорсы і быў верны гэтаму гістарычнаму мястэчку да самай смерці. Дзякуючы Івану Серафімавічу, на будынку Шчорсаўскай школы была адкрыта памятная дошка ўраджэнцу в. Шчорсы, беларускаму пісьменніку, грамадскаму дзеячу, акадэміку Янку Нёманскаму (Івану Андрэевічу Пятровічу).

Апошнія гады І.С. Паддубіцкі працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Цяжка хварэў. (Малодшага сына Андрэя не стала ў 1998 годзе. Яго заўчасная смерць падкасіла бацькоў.).


Марыя Пятроўна працавала таксама ў Шчорсаўскай школе, але з часам ёй прапанавалі перайсці ў сельскі савет на пасаду сакратара. Праца адказная, патрабавала нямала сіл і ведаў, а час таксама быў няпросты – 90-я гады. З даручанай справай жанчына спраўлялася на працягу 27 гадоў, а пацвярджэнне таму – шматлікія ўзнагароды, сярод якіх Падзячнае пісьмо Прэзідэнта краіны.

Паэтычная спадчына

Уся паэтычная спадчына Янкі Паддубіцкага прасякнута вялікай любоўю да Навагрудчыны, да непаўторнага шчорсаўскага краю. Нямала паэтычных радкоў адрасавана і малой радзіме – Салігоршчыне. Зборнік вершаў Янкі Паддубіцкага «Наднёманскі край» убачыў свет праз два гады пасля яго смерці – да друку яго падрыхтавала жонка.


– Шчорсы… Яны былі ў яго душы. Тут для Івана ўсё мілае і прыгожае было, – адзначае Марыя Пятроўна. – Вельмі любіў прыроду, наваколле, шмат твораў прысвяціў Адаму Міцкевічу. Захапіўся яго творчасцю, а каб прачытаць «Пана Тадэвуша» ў арыгінале, нават вывучыў польскую мову. Друкаваўся ў раённай газеце «Новае жыццё», рэспубліканскіх газетах, а таксама часопісах «Маладосць», «Родная прырода». Вершы прысвячаў школе, вучням, мясцоваму калгасу, сваім родным, сябрам, нямала паэтычных радкоў прысвяціў і мне. Пісаць пачаў з гадоў пятнаццаці, працягваў пісаць у інстытуце, пісаў да апошніх дзён жыцця. Апошнія радкі верша «Бывай…» я знайшла пад падушкай у бальніцы.


Гоман рачных хваль, музыка птушыных спеваў, несціханы шум бору – гэтыя галасы наднёманскай прыроды чароўнымі мелодыямі гучалі ў душы Янкі Паддубіцкага. Радзіма, яе гісторыя, паданні, маляўнічыя краявіды, радасць і боль, шчырыя і сумленныя людзі-працаўнікі – усё гэта неаддзельнае ад інтарэсаў паэта, ад яго роздумаў, радасцей, трывог. Вельмі любіў і шанаваў родную мову. У паэтычных творах асаб­ліва ўражвае яго душэўная адкры­тасць. І чым глыбей учытваешся ў яго вершы, тым больш адчуваеш, як яны ўскалыхваюць душу, здзіўляешся, як умела пераплецены каханне, шчасце і радасць, боль і страты. Паэт умеў цаніць прыга­жосць чалавечага жыцця, працавітых і сумленных людзей. Кожны верш прасякнуты дабрынёй і шчырасцю, спагадай, якія былі спадарожнікамі Янкі Паддубіцкага. Многа цудоўных радкоў, поўных любві і ласкі, прысвяціў маці Надзеі Яфімаўне. Яны прасякнуты пя­шчотаю і дабрынёю, пашанай і клопатам. У іх самае роднае, святое і запаветнае, што ёсць у чалавека.


Да апошніх дзён свайго жыцця педагог, паэт быў верным абранаму творчаму і чалавечаму крэда: заўсёды заставацца чалавекам. А па жыцці Іван Серафімавіч быў вельмі сціплым чалавекам, які з кожным быў гатовы падзяліцца часцінкай сваёй шчодрай душы. Цікавы і яркі, самабытны і арыгінальны, дасведчаны, таварыскі, душэўны – такім ён назаўсёды застанецца ў настаўніцкім і паэтычным асяроддзі, у памяці родных і землякоў.

 

Вольга Пісар, «НЖ»