24 снежня спаўняецца 222 гады з дня нараджэння генія зямлі Навагрудскай – Адама Міцкевіча

24 снежня спаўняецца 222 гады з дня нараджэння генія зямлі Навагрудскай – Адама Міцкевіча

24 снежня спаўняецца 222 гады з дня нараджэння генія зямлі Навагрудскай – Адама Міцкевіча

24 декабря 2020 5301

Знакамiтага ва ўсiм свеце паэта Адама Мiцкевiча 222 гады таму, напярэдаднi каталiцкага Раства, нарадзiла наша беларуская зямля. З ёю цесна звязана жыццё і ўся паэтычная творчасць Адама Міцкевіча.


Самы знакаміты  выхадзец з Беларусі

Першае месца ў індэксе гістарычнай папулярнасці сярод ураджэнцаў Беларусі заслужана займае паэт Адам Міцкевіч. Гэтая выснова зроблена згодна з базай даных «Сусветна вядомых людзей у гісторыі», якую стварыла група навукоўцаў Масачусецкага тэхналагічнага інстытута (ЗША), пачынаючы ад 4000 года да н.э. і аж да 2010 года. Для гэтага аналізавалі біяграфіі, што ёсць у больш чым 25 моўных раздзелах вядомай інтэрнэт-энцыклапедыі Вікіпедыя. У выніку ў тую базу ўвайшлі 11 341 чалавек са 190 краін (32 нарадзіліся ў межах тэрыторый сучаснай Беларусі). Затым спецыялісты распрацавалі індэкс гістарычнай папулярнасці, паказчык якога залежаў ад колькасці праглядаў профіляў гэтых асоб у Вікіпедыі на працягу 5 гадоў.


«Пан Тадэвуш » – праз гады і народы

Адам Міцкевіч стаў паэтам і ўславіў Навагрудчыну ў сваіх неўміручых творах, быў адданы гэтай зямлі ўсім сэрцам: «Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое: не цэнім, маючы, а страцім залатое – шкада, як і красы твае, мой родны краю. Тугою па табе тут вобраз твой ствараю…». Так пісаў Міцкевіч пра зямлю, дзе нарадзіўся, у сваёй паэме «Пан Тадэвуш». Менавіта любоў да роднай зямлі, разважанні пра яе лёс натхнілі Адама Міцкевіча да стварэння гэтага найбольш значнага яго твора – паэмы «Пан Тадэвуш», якую з поўным правам называюць шэдэўрам сусветнай літаратуры. Аб тым, што падзеі адбываюцца на Навагрудчыне, сведчаць назвы вёсак Брацянка, Кашалева, Купіск, Ятра і іншыя. «Калі за што, дык за «Пана Тадэвуша»  ўдзячныя навагрудчане павінны паставіць мне помнік на гарадской плошчы», – пісаў Адам Міцкевіч свайму сябру Ігнацію Дамейку.


Паэма перакладзена на 34 мовы свету, у Доме-музеі Адама Міцкевіча маюцца пераклады на 18 мовах, частка якіх выстаўлена на пастаянна дзеючай выстаўцы «Паэма «Пан Тадэвуш » – праз час і народы».

Адам Міцкевіч  пакінуў землі Беларусі і Літвы ва ўзросце 25 гадоў. Пакінуў вымушана і, як аказалася, назаўсёды. Але куды б потым ні закінуў паэта жыццёвы лёс, душа яго назаўжды засталася сярод людзей і вобразаў «Зямлі Навагрудскай – роднага краю».


Вядомыя людзі ў жыцці Міцкевіча

Жыццёвыя сцежкі Адама Міцкевіча пачаліся на Навагрудчыне, а праляглі затым праз Вільню, Коўна, Пецярбург, Адэсу, Еўпаторыю, Бахчысарай, Маскву, Берлін, Дрэздэн, Рым, Веймар, Лазану, Парыж, Стамбул, вывелі яго на агульнаеўрапейскі ўзровень. Аб гэтым сведчыць і тое, з кім ён сустракаўся, быў у сяброўстве, узаемаадносінах.

Сябрамі Адама Міцкевіча, землякамі з Навагрудчыны, былі беларускі фалькларыст і паэт Ян Чачот і вядомы вучоны-геолаг Ігнацій Дамейка, які стаў ганаровым грамадзянінам Чылі, дзе ў свой час быў рэктарам універсітэта ў сталіцы гэтай краіны.


У Расіі Адам Міцкевіч сябраваў і сустракаўся з дзекабрыстамі Кандраціем Рылеевым і Аляксандрам Бястужавым, аб якіх успамінаў у сваім вершы «Рускім сябрам», пісьменнікамі Аляксандрам Грыбаедавым, Мікалаем Палявым, паэтамі Аляксандрам Вяземскім, Дзмітрыем Веневіцінавым, Яўгеніем Баратынскім і іншымі. У кастрычніку 1826 г. у Маскве адбылася сустрэча двух вялікіх паэтаў – Міцкевіча і Пушкіна.

Асабліва ўражвалі Пушкіна міцкевічаўскія імправізацыі, з якімі ён выступаў у маскоўскіх і пецярбургскіх салонах. Прыяцель Міцкевіча Антоній Адынец пазней успамінаў: «У час адной з такіх імправізацый у Маскве Пушкін, у гонар якога быў дадзены гэты вечар, раптам ускочыў з месца і, кудлацячы валасы, бегаючы па зале, усклікваў: «Які геній! Які свяшчэнны агонь! Што я побач з ім!». І тут жа кінуўся Адаму на шыю, абняў яго і пачаў цалаваць, як брата».

Вельмі папулярным у Расіі быў як бы жарт аб сустрэчы двух паэтаў на вузкай сцяжынцы. Каб размінуцца, трэба было аднаму з іх саступіць. Пушкін, быццам бы смеючыся, сказаў: «З дарогі двойка, туз ідзе!». На што Міцкевіч адказаў не менш трапна і дабрадушна: «А казырная двойка і туза б’е».

У 1829 годзе А. Міцкевіч выязджае за мяжу. У Берлінскім універсітэце ён наведвае лекцыі знакамітага філосафа Гегеля. Затым быў госцем на юбілеі вялікага нямецкага паэта І.В. Гётэ, якому на той час споўнілася 80 гадоў, а А. Міцкевічу было 30 гадоў. Гётэ падараваў Міцкевічу пяро для пісьма, якое з подпісам Міцкевіча захоўваецца ў парыжскім музеі, а ў нашым Доме-музеі, як напамін аб гэтым падарунку, ёсць копія гэтага аўтографа Адама Міцкевіча.


Таксама за мяжой сустракаўся з французскімі пісьменнікамі Анорэ дэ Бальзакам, Вікторам Гюго, Жорж Санд, кампазітарам  Фрэдэрыкам Шапэнам.

Нашчадкі паэта

У Парыжы ў ліпені 1834 г. Адам Міцкевіч ажаніўся з Цэлінай Шыманоўскай (дачкой знакамітай піяністкі Марыі Шыманоўскай, музычныя салоны якой наведваў у Расіі).

У сям’і Адама і Цэліны нара­дзілася шасцёра дзяцей. «Яны, як пісаў Адам брату Францішку ў 1847 г., цудоўна падобны з нашай сям’ёй, гэта значыць са мною з вамі, маімі братамі. Марыя характарам і нават тварам нагадвае цябе. Уладзь, другі, увесь пайшоў у мяне, усе гэта ў ім заўважаюць. Хелена, трэцяя, выліты Аляксандр, нават бландзінка, і такая, як ён, круглая, і гаспадарлівая, і акуратная. А самы малодшы нагадвае мне Антося, якога добра не памятаю. І што яшчэ больш дзіўна, чацвёрты па чарзе, Аляксандр, і па характары, і па настроі копія Ежы. Добра было б, каб яны ўсе былі больш шчаслівыя за нас і шлях іх на зямлі быў бы лягчэйшым за наш!».


Старэйшыя дзеці Адама Міцкевіча прыязджалі на Навагрудчыну.

У 1903 г. яго старэйшая дачка Марыя Гарэцкая прывезла ў Навагрудак памятны знак – мармуровую пліту з бронзавым бюстам Адама Міцкевіча, які быў створаны ў Варшаве па яе заказе з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча.  Гэты памятны знак можна ўбачыць у экспазіцыі нашага Дома-­музея.

Два разы прыязджаў Ула­дзіслаў Міцкевіч. Першы раз ён прыехаў у Навагрудак у сакавіку 1861 г. «З вялікім хваляваннем я набліжаўся да гарадка, дзе мой бацька правёў дзяцінства і які разам з бліжэйшым наваколлем заняў такое месца ў яго жыцці і творчасці», – успамінаў пазней Уладзіслаў Міцкевіч. У Навагрудку яму быў аказаны надзвычай цёплы прыём. Тады яму быў падараваны альбом з такім надпісам: «Сыну бессмяротнага Адама – Уладзіславу Міцкевічу. Землякі-навагрудчане. На ўспамін наведвання яго роднай зямлі… 1861 г. 22 сакавіка – 4 красавіка ў Навагрудку». Гэты альбом захоўваецца ў Парыжы ў пакоі-музеі паэта ў Польскай бібліятэцы. Другі раз Уладзіслаў наведаў Навагрудак 13 мая 1922 г. Было яму на той час 86 гадоў. Пад уплывам гэтага візіту было створана добраахвотнае навуковае таварыства – Міцкевічаўскі камітэт. Першай справай, якую пачаў ажыццяўляць камітэт, стала будаўніцтва помніка Міцкевічу, які з’явіўся ў выглядзе Кургана Бессмяротнасці Адама Міцкевіча.

Тры разы на радзіме прапрадзеда быў Раман Гарэцкі-Міцкевіч, праўнук старэйшай дачкі Марыі. Раман  прымаў удзел у адкрыцці экспазіцыі музея ў 2001 годзе. Гэты  нашчадак паэта падтрымлівае цесныя сувязі з Домам-музеем.

Ушанаванне памяці паэта

Сёння дакрануцца да гістарычнага мінулага нашай зямлі, наблізіцца да літаратурнай зоркi свайго часу – Адама Міцкевіча – можна на беларускай зямлі ў адноўленым мемарыяльным комплексе-музеi сядзібе Міцкевічаў «Завоссе» і Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку. А таксама музеі ёсць за мяжой. У Польшчы – Літаратурны музей імя Адама Міцкевіча ў Варшаве, музей Адама Міцкевіча ў палацы ў г. Смелаве. У Літве – Музей Адама Міцкевіча ў Вільнюсе, у гімназіі Міцкевіча ў Каўнасе ёсць музейны пакой. У Францыі ў Парыжы ў Польскай бібліятэцы ёсць таксама музей, прысвечаны паэту.



Ёсць экспазіцыі ў некалькіх гарадах Украіны, напрыклад, пакой у Літаратурным музеі ў Адэсе. Музей Адама Міцкевіча ў Турцыі ў г. Стамбуле быў адкрыты ў 1955 годзе – у год стагоддзя са дня яго смерці.

Ва ўсім свеце ў гонар паэта ўзведзена больш за 60 помнікаў. Першы помнік  быў адкрыты 7 мая 1859 года на плошчы каля царквы Св. Марціна ў Познані (скульптар У. Аляшчынскі). Зараз у Познані знаходзяцца два помнікі паэту. Ёсць помнікі ў Парыжы, Варшаве, Кракаве, Стамбуле, Львове, Вільнюсе і многіх іншых гарадах. У Беларусі помнікі паэту ў Мінску, Брэсце, Гродне, Лідзе, Навагрудку. Аўтарам помніка ў нашым горадзе з’яўляецца Валяр’ян Янушкевіч. А таксама ў двары Дома-музея бюст-помнік скульптара В. Галубкінай і пры ўваходзе ў сквер скульптурны помнік Р. Грушы. Адзін з апошніх на сённяшні дзень помнікаў адкрыты ў 2015 г. у г. Зеленаградску Калінінградскай вобласці. Таксама ў гонар паэта ў многіх гарадах як нашай краіны, так і замежжа названы вуліцы.






Паважаныя навагрудчане і госці горада, запрашаем наведаць Дом-музей Адама Міцкевіча.Тут вы падрабязней даведаецеся пра жыццёвы і творчы шлях  генія зямлі Навагрудскай.

Мікалай Гайба,
дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку