Наши проекты

Сяргей Каратай: «Адампаль – мой лёс і жыццё»

Сяргей Каратай: «Адампаль – мой лёс і жыццё»

24 Августа 2021 2650
Жыццярадасны, моцны духам, ён валодае ўнікальным спалучэннем надзвычайнай эмацыянальнасці і любві, выпраменьвае энергію і пазітыў. Яго педагагічнае крэда – правільнае выхаванне і глыбокія веды, любоў да дзяцей. Гэта ўсё пра Сяргея Канстанцінавіча Каратая – ветэрана педагагічнай працы Навагрудчыны, былога дырэктара Адампальскай спецшколы-інтэрната. 19 жніўня Сяргей Канстанцінавіч адзначыў 85-годдзе. Са святам! Дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця і добрага настрою, паважаны юбіляр!

Мы даведаліся аб тым, што ў Сяргея Канстанцінавіча юбілей, з тэлефоннага званка былога начальніка ўпраўлення адукацыі Алы Пятроўны Буйвал. І адразу ж накіраваліся ў госці да паважанага чалавека. Гартаючы альбом свайго жыцця, Сяргей Канстанцінавіч Каратай узгадаў самае дарагое і блізкае.

Вытокі мае ў вёсцы Поўбераг

З самага дзяцінства Сяргею Канстанцінавічу былі ўласцівы неўтаймаваная энергія, прага да жыцця, пазнання навакольнага, усяго цікавага, новага і прыгожага.

– Сам я мясцовы, з в. Поўбераг, там прайшло і дзяцінства. Мне сёння цяжка і страшна ўспамінаць гады ваеннага ліхалецця, бо шмат чаго прыйшлося перажыць, – гаворыць мой субяседнік. – Вайна – гэта асаблівы перыяд у жыцці кожнага, хто нарадзіўся і жыў у той час. Пачатак вайны сустрэлі, як і ўсе, з хваляваннем, вельмі перажывалі за Радзіму. Страшная дата для нашай сям’і 15 студзеня 1945 года. У гэты дзень пад Кракавам у Польшы загінуў тата, Канстанцін Пятровіч. Адна з трыма сынамі засталася матуля, Паўліна Іосіфаўна. Я старэйшы, як мог, так і дапамагаў. Бачыў, як складана было матулі спраўляцца з гаспадаркай, а трэба было апрацоўваць і надзел зямлі.

.

– Мяне з дзяцінства вабілі кнігі. Матуля да вайны вучылася, таму кнігі засталіся. З цікавасцю зімовымі вечарамі пад запаленую лучыну разглядаў падручнікі па заалогіі, геаграфіі. Вучыцца ў школе мне падабалася і хацелася, інакш бы не закончыў з пахвальнымі граматамі пачатковую і сямігодку, – адзначае Сяргей Канстанцінавіч. – Па парадзе матулі разам з дваюраднай сястрой паехалі паступаць у Навагрудскае педагагічнае вучылішча. Дыктоўку напісалі на выдатна, пачалася вучоба ў вучылішчы, у групе было пад сорак чалавек. З вучобай усё атрымлівалася, цікава было, шмат новага, нязведанага. Удзячны дырэктару С.П. Лаўрыновічу, выкладчыкам: І.А. Жуку, Л.Д. Зелянеўскай, І.А. Агароднікаву, Л.М. Дыдышка. Удзельнічаў разам са сваімі сябрамі ў духавым аркестры пад кіраўніцтвам І.В. Фандыбока, часта выступалі. Веданне музычнай граматы дапамагло і падчас працы ў школе.

Пошук шляху

Педагагічны шлях Сяргея Канстанцінавіча пачаўся ў 50-х гадах мінулага стагоддзя. Першы запіс у працоўнай кніжцы з’явіўся ў 1955 годзе: настаўнік пачатковых класаў Асташынскай школы. Затым была служба ў бранятанкавых войсках у Прыморскім краі на мяжы з Кітаем. Пасля арміі ў 1958 годзе С.К. Каратая накіравалі выхавацелем у дзіцячы дом у Адампаль. З гэтага часу Адампаль, спецшкола-інтэрнат сталі для нашага юбіляра лёсам і жыццём. – Дзесьці праз год працы стаў піянерважатым, адзіным у раёне хлопцам на гэтай пасадзе, – з усмешкаю ўспамінае гэты час мужчына. – Пачаў сваю педагагічную кар’еру ў Адампалі, тут і завяршыў. Іншага месца працы я не ўяўляў ніколі. З першага дня ў школе зразумеў, што прафесія настаўніка – гэта прафесія майго жыцця. Ведаеце, настаўнік заўсёды павінен быць эталонам мудрасці, справядлівасці, дабрыні, чыстага сумлення, чалавечай годнасці. Усе гэтыя якасці я імкнуўся сумяшчаць на працягу ўсёй педагагічнай працы. Удавалася сумяшчаць педагагічную і грамадскую дзейнасць: актывіст камсамола, другі сакратар райкама камсамола... Больш за тры дзясяткі гадоў Сяргей Канстанцінавіч прысвяціў выхаванню маладога пакалення. 22 гады быў дырэктарам спецшколы-інтэрната ў Адампалі, затым на працягу 16 гадоў узначальваў спартыўны аздараўленчы лагер «Алімпіец». Ён і сёння працуе ў гэтым маляўнічым месцы.

Дарога ў дарослы свет

– У асноўным у дзіцячым доме ў Адампалі пражывала ад 200-250 дзяцей-сірот і працавала каля 80 чалавек (настаўнікі, выхавальнікі, тэхперсанал). Дзеці былі з няпростымі лёсамі, характарамі. Да кожнага імкнуліся знайсці свой падыход, галоўнае – навучыць і выхаваць. Няпроста было развітвацца з нашымі выхаванцамі, калі заканчвалі школу, кожны станавіўся родным, – падкрэслівае С.К. Каратай. – Раней у будынку спіртзавода быў жылы корпус, у доме ўпраўляючага – навучальны. У той час дзіцячаму дому належала 16 гектараў зямлі з садам і агародам. Дарослыя і дзеці разам вырошчвалі гародніну, гадавалі жывёл (свіней, кароў, коней). Амаль усімі прадуктамі забяспечвалі сябе самі. Гавораць, што праца аб’ядноўвае. Гэта сапраўды так, мы жылі вельмі дружна. З прычыны таго што ў Адампалі не было жылля для настаўнікаў, працавалі ў большай ступені мясцовыя жыхары, педагагічны калектыў мяняўся. Пазней дзіцячы дом быў рэарганізаваны ў школу-інтэрнат. У 1960-х гг., калі былі пабудаваны новыя вучэбны і спальны карпусы, сталовая, лазня, пральня, невялікія жылыя дамы, «цякучка» кадраў паступова спынілася. У гэты час многія работнікі школы стварылі сем'і. Я таксама ў Адампалі сустрэў сваю другую палавіну – жонку Аляксандру Аляксандраўну. Мы разам паступілі і закончылі БДУ. Я вучыўся на гістарычным факультэце, жонка на філалагічным, – расказаў мужчына.

Школа – маё жыццё

– Школа-інтэрнат – гэта ўстанова са сваёй спецыфікай, складаны механізм, які павінен функцыянаваць дакладна, – гаворыць Сяргей Канстанцінавіч. – Усё залежыць не ад статусу, а ад атмасферы і ўмоў. Калектыў у школе быў па-сапраўднаму згуртаваны. Ведаеце, ад настаўнікаў патрабавалася вялікае цярпенне і такт, бо нашы выхаванцы – гэта дзеці з няпростым лёсам. З імі мы былі шчырымі, адкрытымі, імкнуліся рабіць усё з душой: пабацькоўску паўшчуваем, пашкадуем і навучым. У школе-інтэрнаце кожны работнік замяняе дзецям і маму, і тату, і бабулю, і дзядулю. Для таго каб быць добрым педагогам, трэба вельмі мала – проста любіць дзяцей. Гэта самае галоўнае, што я патрабаваў ад усіх супрацоўнікаў. Усяму астатняму можна навучыць, можна паказаць, можна дзесьці прачытаць, а гэтаму не навучыш. Яно альбо ёсць, альбо няма. Былі і цяжкасці, калі сваімі сіламі прыходзілася апрацоўваць некалькі гектараў зямлі. Працавалі разам і настаўнікі, і дзеці. Школа для мяне – гэта жыццё, бо інакш тут працаваць нельга.

Надзейны тыл

Сяргей Канстанцінавіч з удзячнасцю ўспамінае сваіх калег і аднадумцаў, дзякуе ўсім і кожнаму за гады шчырай і самаадданай працы. Кагосьці выдзеліць былы дырэктар не ўзяўся, каб не пакрыўдзіць нікога з калег, бо ўсе заслугоўваюць добрых слоў.

– Любому чалавеку лягчэй працаваць, калі дома ён адчувае поўную падтрымку, – адзначае ветэран педагагічнай працы. – Не толькі я прысвяціў жыццё працы ў школе-інтэрнаце. Жыццёвы шлях адзін на дваіх, так магу сказаць пра жонку, Аляксандру Аляксандраўну. Мы ганарымся траімі дзецьмі (Уладзімірам, Святланай і Сяргеем), а таксама ўнукамі і праўнукам. Яны наша апора і падтрымка. Шмат заслужаных узнагарод мае Сяргей Канстанцінавіч, але самай галоўнай з іх лічыць любоў, якую вучні і настаўнікі адчувалі да школы. Упэўнена, што шмат яшчэ цікавых старонак змесціць юбіляр у альбоме свайго жыцця, і будуць яны яркімі, стваральнымі, запамінальнымі.

Вольга Пісар, «НЖ»