Наши проекты

«Новае жыццё»: мы пішам для Вас і пра Вас

«Новае жыццё»: мы пішам для Вас і пра Вас

05 мая 2020 3037

Восемдзесят гадоў газета «Новае жыццё» піша пра людзей і для людзей, адлюстроўваючы на старонках выдання такую розную і няпростую гісторыю роднай зямлі. За гэтыя гады газета не раз змянялася, але нязменнымі заставаліся яе творчы дух, увага да спраў і клопатаў жыхароў раёна. Сучасная газета – гэта журналістыка аператыўнасці і мультыпрофільнасці, творчага і аб’ектыўнага погляду на факты і падзеі. 


У кругавароце ідэй і падзей

Старыя газеты – гэта не проста пажоўклыя старонкі. Яны дапамагаюць нам зазірнуць у мінулае і ўявіць жыццё нашых бацькоў, бабуль і дзядуляў. Працоўныя дасягненні, дзейнасць прадпрыемстваў, новабудоўлі, урачыстасці і працоўныя будні – гэта жывая гісторыя Навагрудка і гісторыя нашай газеты. Ва ўсе часы раённая газета жыла інтарэсамі сваіх чытачоў. Пісьмы, тэлефонныя званкі – у рэдакцыі выслухаюць, зразумеюць і паспрабуюць дапамагчы. Так было заўсёды.

Першы выпуск газеты «Звязда» (пазней «Новае жыццё) выходзіць у верасні 1939 года. Выданне мела вялікі фармат (аналаг сучаснага А-2) і каштавала 8 капеек. Газета выходзіла як орган часовых упраўленняў Навагрудскай вобласці і павета. Але ўжо з 12 снежня 1939 года газета стала раённай, а з 4 лютага 1940 года перайшла на маленькі фармат. Як і ў большасці газет таго часу, асноўная частка матэрыялаў – афіцыйныя, мясцовыя аб’явы і хроніка сустракаліся рэдка. Газета «Звязда», якая ўзнікла ў перадваенныя гады, стала першай грамадскай газетай, народжанай сацыялістычнымі пераўтварэннямі.


Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў газета ўпершыню выйшла 21 ліпеня 1944 года (рэдактар – Андрэй Сцяпанавіч Траяновіч).

У 1950 годзе першыя вершы ў Навагрудскай газеце апублікаваў аўтар «Буквара» Анатоль Клышка, які нарадзіўся і вырас на Навагрудчыне і нейкі час працаваў у «Звяздзе» карэктарам.

З 24 чэрвеня 1953 года па май 1962 года галоўным рэдактарам газеты працаваў Мітрафан Мікалаевіч Башлакоў. У Навагрудак з сям’ёй ён прыехаў з Полацка, дзе быў намеснікам рэдактара ў той час абласной газеты «Сцяг камунізма».

У 1962 годзе рэдактарам стаў Іван Пятровіч Вараб’ёў. Менавіта ён прапанаваў змяніць назву газеты на «Новае жыццё». У наступныя гады рэдакцыяй кіравалі Мікалай Дзянісавіч Каралёў, Аляксандр Яўгеньевіч Хілімон, Валерый Сцяпанавіч Задаля, Васіль Пятровіч Кузьміч. Жыццё ў рэдакцыі бурліла – былыя супрацоўнікі часта ўспамінаюць, як праходзілі міжраённыя «лятучкі» сумесна з раённымі выданнямі Карэліч і Дзятлава, як ездзілі на сельскагаспадарчыя работы. У патоку змяненняў грамадскіх адносін і палітычных поглядаў супрацоўнікі газеты змаглі акрэсліць сваё месца ў сістэме інфармацыйнага поля. Гэта дасягнута дзякуючы праўдзівасці і аб’ектыўнасці публікуемых матэрыялаў, пастаяннай увагай да запытаў і патрэб жыхароў горада і вяскоўцаў.


Сваё 70-годдзе «Новае жыццё» сустрэла павялічаным аб’ёмам выдання палепшаным газетным дызайнам, больш разнастайнай падачай матэрыялаў.

Візітнай карткай газеты сталі рубрыкі «Па вашай просьбе», «Пытанне-адказ», «Вы прасілі расказаць». Газета жыве інтарэсамі і праблемамі жыхароў Навагрудчыны, аператыўна рэагуе на надзённыя праблемы. Узмацняецца сувязь з чытачом. Шмат гадоў на газетнай ніве плённа працавалі Фелікс Казіміравіч Станішэўскі, Фёдар Уладзіміравіч Чычкан, Жанна Мікалаеўна Радзевіч, Марыя Іосіфаўна Багушэвіч, Марыя Мікалаеўна Ваздзвіжанская, Алена Рыгораўна Міхневіч, Таццяна Іванаўна Хацько, Вольга Паўлаўна Навагран і іншыя.

Час перамог

Новы этап развіцця газеты пачаўся з 75-га юбілейнага года. З другога паўгоддзя 2014 года суботні нумар пачаў выходзіць на 16 старонках, чатыры з якіх сталі каляровымі. Паступова змяніліся «шапка» газеты і дызайн першай паласы, на ёй сталі публікавацца анонсы матэрыялаў.  Згодна з новымі тэндэнцыямі, на працягу апошніх пяці гадоў дызайн газеты не раз змяняўся. Адначасова ўдасканальваліся падыходы ў падачы матэрыялаў, з’яўляліся новыя рубрыкі, павялічылася колькасць аналітыкі. Па-ранейшаму на старонках газеты «Новае жыццё» асноўная ўвага надаецца людзям і актуальным падзеям. Найбольш папулярныя рубрыкі: «Людзі зямлі Навагрудскай», «Пра сябе і не толькі», «Чалавек і яго справа», «Адзін дзень з жыцця ўрача», «Грані праб­лемы», «Аб'ектыўна», «Спадчына», «Адрасы дабраўпарадкавання», «Спорт і мы» і інш.


Выходзяць тэматычныя старонкі: «Літаратурная старонка», «Сучасніца», «Маладзёжны калейдаскоп», «РrоСПОРТ», «Лампада духоўнасці», «Мы і нашы дзеці», «У краіне маленства», «Не старэем душой», «Ваша здароўе», «Службы нашай бяспекі». Рэалізуецца шэраг праектаў, прысвечаных гісторыі роднага краю, яго сучаснаму развіццю, ураджэнцам і жыхарам Навагрудчыны. «Новае жыццё» не змяняе сваёй прыхільнасці да роднай мовы і імкнецца заставацца сучаснай і цікавай чытачам.


Вынікам плённай творчай працы калектыву газеты «Новае жыццё» сталі шматлікія ўзнагароды.


Штогод выданне ўваходзіць у лік лепшых сярод раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Золотая Литера»:

2016 год – дыплом пераможцы ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай і гістарычна-краязнаўчай тэматыкі»;

2017 год – дыплом лаўрэата ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай і гістарычна-краязнаўчай тэматыкі»;

2018 год – дыплом лаўрэата ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі»;

2019 год – дыпломы лаўрэата ў намінацыях «Лепшы творчы праект» (праект «Жыць і помніць») і «Лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі».


У скарбонцы ўзнагарод рэдакцыі – дыпломы Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь за высокапрафесійнае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь (2015, 2017, 2018 гг.);


дыпломы ў намінацыі «Лепшая раённая газета» творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь за цеснае ўзаемадзеянне з органамі ўнутраных спраў і ўмацаванне аўтарытэту міліцыі (2017 г. – II месца, 2019 г. – I месца);


дыплом у намінацыі «Прапаганда ведаў у вобласці забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва» творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і асноў бяспекі жыццядзейнасці (2018 г. – III месца), граматы міністра абароны Рэспублікі Беларусь, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і іншыя.

Газета актыўна супрацоўнічае з чытачамі і пазаштатнымі аўтарамі, рэгулярна праводзіць акцыі і конкурсы, фотаконкурсы, актыўна прыцягвае да супрацоўніцтва маладое пакаленне. У 2018 г. сумесна з удзельнікамі Школы юнага журналіста стартаваў відэапраект «Навагрудчына запрашае!», а ў 2019 г. школа ператворана ў маладзёжную студыю «НЖ-media», змяніўся фармат работы з маладымі аўтарамі.


Не толькі газета, але і сама рэдакцыя абнавілася. Галоўны натхняльнік усіх перамен і генератар ідэй, – галоўны рэдактар Алена Яўгеньеўна Ермакова. Сёння ў рэдакцыі працуе 12 чалавек – калектыў малады, крэатыўны і мабільны, які любіць сваю справу і свой край.

Падрыхтавала Алена Ганцэвіч, «НЖ»