Наши проекты

Любоў Завольская – захавальніца аўтэнтыкі беларускага ткацтва

Любоў Завольская – захавальніца аўтэнтыкі беларускага ткацтва

12 Августа 2021 2779
Навагрудскі раённы цэнтр рамёстваў – унікальнае месца з асаблівай атмасферай. Ён аб’ядноўвае таленавітых майстроў нашага краю. Тут адраджаюцца традыцыйныя рамёствы, вывучаецца вопыт папярэдніх пакаленняў і перадаецца майстэрства маладым талентам. Здаўна Навагрудчына славілася адметнымі майстрамі. Яны ўмелі не толькі шыць і вышываць, але і ткаць. А тое, што сваімі рукамі зроблена, у куфар складвалі – на пасаг.

І сапраўды, ткацтва на Навагрудчыне займала асаблівае месца сярод рамёстваў. У некаторых вёсках да нашых дзён захаваліся кросны, а ткачыхі памятаюць розныя спосабы ткацтва. Сёння ткацкае рамяство аднаўляюць у цэнтры рамёстваў. Не дае парвацца нітачцы, што звязвае нас з продкамі, майстар народных мастацкіх рамёстваў Любоў Мікалаеўна Завольская.

– Раней у кожным доме, у кожнай хаце жанчыны ў восеньскія і зімовыя дні пралі і ткалі. Вучыліся яны гэтаму з ранняга дзяцінства, а ўжо дзесьці ў 16 гадоў дзяўчына была сапраўднай ткачыхай, – гаворыць Любоў Мікалаеўна. – Амаль кожная сялянская сям’я раней мела ткацкі станок – кросны. А жанчыны валодалі мноствам прыёмаў і відаў ткацтва. За зіму гаспадыня павінна была наткаць столькі палатна, каб хапіла на ўсю сям'ю да наступнай зімы, бо ўсе хадзілі ў вопратцы, пашытай сваімі рукамі з даматканай тканіны. Ткалі жанчыны не толькі тканіну з тонкіх нітак, прыдатную на бялізну, абрусы і ручнікі, але і больш грубую, якая ішла на мяшкі і палавікі.

Нягледзячы на тое, што нарадзілася Любоў Мікалаеўна ў в. Малы Красны Яр Аляксееўскага раёна ў Татарскай АССР (зараз Татарстан), лічыць сябе беларускай. Прадзеды – беларусы, яны былі высланы ў Татарстан. Мая суразмоўца жыла ў Барысаве з 10-гадовага ўзросту, а на Навагрудчыну прыехала ў 1966 годзе. Пасля заканчэння Мінскага тэхнікума лёгкай прамысловасці яе накіравалі на працу у абуўную майтэрню ў Быткамбінат. Перш працавала нарыхтоўшчыцай, затым мадэльерам, майстрам, старшым інжынерам-тэхнолагам. Была Любоў Мікалаеўна і начальнікам участка аб’яднання «Праца». У 1970 г. закончыла Віцебскі тэхналагічны інстытут. За плячыма ў жанчыны больш за дваццаць гадоў працы ў сферы адукацыі: выкладала працоўнае навучанне ў сярэдняй школе № 4 і вяла гурткі ў Доме піянераў. Прыгожа шыць навучыла Любоў Мікалаеўна многіх юных навагрудчанак.

– Я з дзяцінства хацела выкладаць у школе, так з часам і атрымалася, – прызнаецца Л.М. Завольская. – Адпрацавала больш за дваццаць гадоў ў адукацыі, таксама выкладала мадэліраванне і каструяванне адзення ў гандлёваэканамічным каледжы. Запрашалі на швейную фабрыку мадэльерам. Мне вельмі падабаецца рукадзелле, без яго не ўяўляю сваё жыццё. Усё жыццё вучыла другіх і сама пазнавала новыя віды творчасці. Калі гаварыць пра ткацтва, то я ўмела ткаць даўно і часта даводзілася быць на ткацкіх фабрыках. Аднак магчымасці і часу заняцца гэтай справай не было, – расказвае Любоў Завольская. – Калі мяне запрасілі ў раённы Цэнтр рамёстваў, з радасцю згадзілася. Ткацтва ў цэнтры адраджала Валянціна Сямёнаўна Корзун. У яе пераняла многае. Ездзіла і на курсы па ткацтву паясоў у Гродна. За кароткі час асвоіла ткацтва на станку і пляценне паясоў на дошчачках. Ужо выраблена шмат паясоў.

Любоў Мікалаеўна надзвычай творчы чалавек: заўсёды знаходзіцца ў пошуку, з задавальненнем адкрывае для сябе новыя крыніцы ведаў у творчасці. Карыстаючыся літаратурай па традыцыйным адзенні Панямоння, вывучыўшы ўзоры Навагрудскага строю са збораў Навагрудскага гістарычнакраязнаўчага музея, Любоў Мікалаеўна пашыла для калекцыі раённага Цэнтра рамёстваў святочны жаночы касцюм, святочную мужчынскую сарочку, якія сама ўпрыгожыла традыцыйнымі ўзорамі вышыўкі.
Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, за сем гадоў работы ў Цэнтры рамёстваў чаго толькі не «натварыла» Любоў Завольская! Яна вяжа кручком вельмі прыгожыя рэчы, аздабляе вышыўкай і карункамі адзенне для супрацоўнікаў цэнтра, ручнікі і абрусы. А якая прыгожая мярэжка на гэтых вырабах! Добра шые, робіць розныя вырабы са скуры, а яшчэ і абутак можа зрабіць. Работы Любові Завольскай карыстаюцца попытам не толькі ў навагрудскіх модніц, але і замежных.

Любоў Мікалаеўна прапанавала выкарыстоўваць элементы традыцыйнага беларускага касцюма ў сучаснай маладзёжнай модзе і вырабляе плеценыя паясы – раменьчыкі да джынсаў. Майстар кіравала гуртком «Спадчына», дзе займаліся дзеці старэйшага ўзросту. Жанчына вучыла дзяцей вязаць, паказвала розныя віды перапляцення, давала веды па асновах ткацтва. Зараз дарослыя гаспадыні з задавальненнем прыходзяць на курсы да Любові Мікалаеўны, дзе вучыцца асновам мадэліравання і канструявання адзення.

– Я часта гавару, што мяне старасць дома не застане: я ў дарозе, на шляху, – усміхаецца Любоў Мікалаеўна. – А многае атрымліваецца, бо я на працягу жыцця вучылася, пазнавала, але на творчасць не хапала часу, а цяпер атрымліваю задавальненне. Мая галоўная задача – зберагчы майстэрства ткацтва, перадаць яго нашчадкам, каб яны ведалі старажытныя беларускія рамёствы і былі моцныя сваімі каранямі.
Традыцыя ткацтва на Навагрудчыне захоўваецца і развіваецца, дзякуючы вось такім натхнёным і ўлюбёным у сваю справу майстрам, якія лічаць за прафесійны гонар выткаць дыван, посцілку ці рушнік, каб людзі захапляліся, а традыцыя захоўвалася і развівалася як каштоўны пласт нацыянальнай культуры.

Вольга Пісар, «НЖ»