Наши проекты

Любчанскі Свята-Ільінскі храм знаходзіцца ў адным з самых старажытных пасяленняў Навагрудчыны

Любчанскі Свята-Ільінскі храм знаходзіцца ў адным з самых старажытных пасяленняў Навагрудчыны

03 сентября 2020 2752

У цэнтры гарадскога пасёлка Любча, на невялікім узвышшы, размясціўся велічны беласнежны храм, асвечаны ў гонар Святога Ільі – аднаго з самых шануемых прарокаў не толькі Праваслаўнай Царквой, але і іншымі канфесіямі. Больш за 100 гадоў таму каменны храм быў узве­дзены на месцы старой драўлянай царквы, і з тых часоў яго дзверы не зачыняліся. Многія гады Свята-Ільінскі прыход з’яўляецца самым шматлікім сельскім прыходам Навагрудчыны, і сёння ён аб’ядноўвае каля тысячы праваслаўных хрысціян.

Праект "Духоўная радаслоўная краю"


Любча – адно з самых старажытных пасяленняў Навагрудчыны. Гэта ўнікальнае месца з багатай гісторыяй, культурай і вельмі прыгожай прыродай. Таму, вядома, мясцовы храм проста не мог быць іншым…


Велічны, беласнежны, пабудаваны ў форме крыжа, з бірузовымі купаламі і залатымі крыжамі. Фасад упрыгожваюць высокія вокны і фігурная ляпніна. З усіх бакоў падмурак абнесены дэкаратыўным каменем. Светлы ва ўсіх адносінах храм Святога Ільі ўзведзены на невялікім узвышшы і па перыметры абнесены нізкай каменнай агароджай. Сустракаюць прыхаджан і гасцей храма каменныя трохарачныя вароты. Храм не ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, але адназначна з’яўляецца цікавым архітэктурным помнікам.


– Дакладная дата пабудовы першага праваслаўнага драўлянага храма ў Люб­чы невядома, да нашых часоў захавалася толькі інфармацыя, што царква некалькі разоў цярпела ад пажараў, – расказала старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гістарычна-­краязнаўчага музея Галіна Кавальчук. – Упершыню царква згарэла ў 1798 г. Затым была адноўлена, аднак будынак працягваў разбурацца і трухлець. У 1858 г. храм быў капітальна адрамантаваны. Наступныя гістарычныя звесткі паведамляюць, што ў 1910-1914 гг. на месцы старой драўлянай царквы быў пабудаваны новы велічны храм у выглядзе крыжа ўжо з цэглы. Будынак адносяць да псеўдарускага стылю, які злучае ў сабе элементы народнага мастацтва і старажытнарускага дойлідства. Як у пачатку ХХ ст. храм расчыніў свае дзверы, так і з’яўляецца пастаянна дзеючым.

Больш за 30 гадоў, са жніўня 1988 г., настаяцелем Свята-Ільінскага храма ў Любчы з’яўляецца протаіерэй Аляксандр Івойлаў – святар у трэцім пакаленні. Да слова, абодва яго сыны прадоўжылі дынастыю і сталі свяшчэннаслужыцелямі.


– Я лічу за вялікі гонар служыць у храме, які асвечаны ў гонар такога значнага ў гісторыі праваслаўя святога, – шчыра кажа протаіерэй Аляксандр Івойлаў. – Лічыцца, што прарок Ілья быў узяты на неба жывым. Пры жыцці ён рупліва змагаўся за чысціню веры, выкрываў ідалапаклоннікаў і бязбожных жыхароў ізраільскіх зямель. Ён быў адным з першых угоднікаў Божых, якіх сталі пачытаць на Русі.

Як расказаў айцец Аляксандр, да вайны настаяцелем храма быў протаіерэй Вячаслаў Чарвінскі. Даўжэй за ўсіх служыў у Любчы (з 1943 па 1977 г.) айцец Іаан Руновіч, які не проста прысвяціў прыходу вялікую частку свайго жыцця, а быў для мясцовых жыхароў сапраўдным духоўным айцом, прыкладам шчырай веры і пакоры. З удзячнасцю ўспамінаюць прыхаджане айцоў Барыса Малаху і Паўла Семенюка.


– Калі ўпершыню прыбыў у Любчу, справы на прыходзе ішлі не лепшым чынам. З канца 70-х да пачатку 80-х гг. змянілася некалькі святароў. Я быў дзявятым за той час, – успамінае айцец Аляксандр. – Спачатку думаў пра тое, каб з’ехаць з Любчы. Дапамагла падтрымка Мітрапаліта Філарэта, які мяне накіраваў на прыход, а пазней двойчы бываў у Любчы. І, вядома, маёй жонкі матушкі Людмілы, якая заўсёды была і застаецца побач. Яна – мой першы памочнік.


З Божай дапамогай і падтрымкай мясцовага насельніцтва крок за крокам духоўнае жыццё ў Любчанскім краі пачало адраджацца.

– Паступова храм прывялі ў належны стан як і патрэбна дому Божаму, – працягвае размову айцец Аляксандр. – Новы прастол, шмат ікон, добры рамонт, чысціня і парадак – усё гэта мы зрабілі агульнымі намаганнямі нашых людзей, мясцовых кіраўнікоў і вернікаў з іншых рэгіёнаў краіны. Вялікай падзеяй для ўсіх стала абуладкаванне ў храме сістэмы ацяплення. Парадак у нашым храме прыхаджане падтрымліваюць пастаянна. Нядаўна завяршылі чарговыя рамонтныя работы.


Настацель з вялікай цеплынёй расказваў пра вернікаў, якія ў розныя часы даравалі іконы, а таксама іншыя атрыбуты для абуладкавання храма. Ён не толькі пайменна помніць кожнага чалавека, але і абставіны, якія паўплывалі на ўмацаванне ў веры гэтых хрысціян. Ёсць у храме як нованапісаныя іконы, так і тыя, якім некалькі дзесяцігоддзяў, найбольш старадаўнія датуюцца канцом ХІХ ст. Кожная з іх падпісана: кім і калі падаравана. У цэнтры храма, як і павінна быць, вобраз Святога прарока Ільі. Ікона поўнасцю драўляная і выканана па заказе самога айца Аляксандра ў пачатку 1990-х гг.

   

– Адной з самых шануемых з’яўляецца ікона Маці Божай «Дастойна ёсць (Падліпская)». На месцы яе яўлення (недалёка ад былога маёнтка Войнава) пры падтрымцы нашых мецэнатаў і прыхаджан мы пабудавалі капліцу, – гаворыць протаіерэй Аляксандр Івойлаў. – Сама ікона была вывезена з тэрыторыі краіны ў гады Першай сусветнай вайны. Копія, напісаная ў 1931 г., падчас ганенняў на Царкву была схавана адным з мясцовых жыхароў. Цяпер яна займае ганаровае месца ў нашым храме. Дарэчы, пакланіцца ёй прыязджаюць людзі з розных куткоў Беларусі. Найчасцей гэта жанчыны, якія хочуць выйсці замуж і стаць маці. Хто моліцца са шчырай верай у сэрцы, таму Гасподзь абавязкова дапамагае.



За апошнія дзесяцігоддзі змянілася і тэрыторыя храма, якая стала добраўпарадкаванай і прыгожай. Ад варот да царквы вядзе дарожка, устаноўлены лаўкі, а ў мінулым годзе пасаджана алея з туй. З правага боку – яблыні, якія добрым ураджаем радуюць кожны год. Злева – рабіны. Усё, што датычыцца догляду за дрэвамі, айцец Аляксандр выконвае сам. І, канешне, менавіта ён з’яўляецца ініцыятарам, арганізатарам і актыўным удзельнікам усіх аднаўленчых работ. Так, у бліжэйшых планах рамонт агароджы і прыступак, якія вядуць на тэрыторыю храма.




Увогуле некранутым застаецца ваенны дзот, які знаходзіцца непадалёку ад варот. Яшчэ адзін напамін аб ваенным ліхалецці – мноства куль, якія па сённяшні дзень застаюцца ў сценах храма і нават у адной з ікон.



– Вядома, займаемся і духоўна-асветніцкай дзейнасцю. У гэтым накірунку працуем сумесна з дзіцячым садам і школай. Не забываем і пра нашых пажылых прыхаджан – па меры магчымасці дапамагаем адзінокім людзям і тым, хто знаходзіцца ў бальніцы сястрынскага догляду. Як і любому святару, мне вельмі хочацца, каб людзей у храме было больш. Таму што агульная малітва намнога мацнейшая, – адзначыў протаіерэй Аляксандр Івойлаў і падзяліўся, што за 32 гады свайго служэння ні разу не прапусціў ні аднаго богаслужэння, нават калі падводзіла здароўе. – Прыход – гэта другая сям’я святара. Хачу шчыра падзякаваць усім лю­дзям, якія са мной усе гэтыя гады. Шчырыя словы ўдзячнасці Святазару Іосіфавічу Грэйбе, Аляксандру Яўгеньевічу Шаху, Алегу Пятровічу Жуку, сям’і Сакрэта, Андрэю Уладзіміравічу Садоўскаму, Івану Мікалаевічу Ярмацу і іншым. Шмат, вельмі шмат людзей хочацца назваць пайменна, хто па сваіх сілах і магчымасцях ахвяраваў і працаваў на карысць нашага прыхода. Упэўнены, што і далей мы разам будзем берагчы наш храм і клапаціцца аб ім. Гэта абавязак кожнага прыхаджаніна.



Анастасія Пятрова, «НЖ»

Фота аўтара, з архіва рэдакці і гістарычна-краязнаўчага музея