Наши проекты

Адукацыя – стратэгічный рэсурс краіны. Як спрацавалі ўстановы адукацыі Навагрудчыны ў апошнія пяць гадоў

Адукацыя – стратэгічный рэсурс краіны. Як спрацавалі ўстановы адукацыі Навагрудчыны ў апошнія пяць гадоў

08 августа 2020 2568

У наш час адукацыя адыгрывае ключавую ролю ў жыцці чалавека, так як з яе дапамогай людзі могуць дасягаць неверагодных вышынь, будаваць сабе кар’еру, быць запатрабаванымі і прафесійнымі спецыялістамі ў сваёй сферы дзейнасці. Адукацыя заўсёды была адной з найважнейшых частак дзяржаўнай палітыкі, так як ад яе якасці залежыць будучыня краіны. 2020 год завяршае чарговую пяцігодку. У сістэме адукацыі раёна за гэты час адбылося шмат змяненняў, дасягненняў і значных падзей.


Людміла Мароз, начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама:

– Чацвёртае пяцігоддзе міленіума – час, калі ў нашых школах атрымалі шырокае распаўсюджанне «разумныя тэхналогіі», электронныя дзённікі, смартфоны... Сёння каласальныя масівы ведаў у школьнікаў знаходзяцца на адлегласці выцягнутай рукі, толькі не лянуйся, вазьмі іх!

Задача настаўніка – стаць пуцяводнай зоркай у гэтым акіяне інфармацыі. Усё новае, што прыносіць ХХІ стагоддзе, не павінна выцесніць тое вечнае, чым можа ганарыцца айчынная педагогіка, каштоўнасці, якія складаюць саму яе аснову, – выхаванне ў вучні Чалавека.


  

Час адкрыццяў

Сярод самых значных падзей апошняй пяцігодкі – адкрыццё ў 2018 годзе новага дзіцячага сада на 190 месц у мікрараёне «Поўдзень–Захад-2». Гэта дапамагло не толькі вырашыць праблему «крокавай даступнасці» дашкольнай адукацыі, але і садзейнічае развіццю сацыяльнай інфраструктуры маладога навагрудскага мікрараёна. На будаўніцтва гэтага аб’екта затрачана каля 5 млн рублёў. У 2016 годзе ў горадзе адчыніў дзверы дзіцячы дом сямейнага тыпу.



У Навагрудскім раёне гэтая пяцігодка таксама час рэканструкцый і набыцця транспарту, абсталявання, усяго таго, што садзейнічае павышэнню якасці адукацыі і ўдасканаленню матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Праведзены работы па мадэрнізацыі харчблока і кацельні Вераб’евіцкага дзіцячага сада-базавай школы, рэканструкцыі харчблока СШ №7 г. Навагрудка, на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі абуладкавана пляцоўка са штучным пакрыццём для гульні ў міні-футбол, скаладром, капітальныя рамонты праведзены ў 6 спартыўных залах, адрамантаваны фасад Любчанскай СШ, фасад і інжынерныя сеткі СШ №5 г. Навагрудка, на 28 харчблоках (100%) устаноў адукацыі ўстаноўлены сістэмы відэа­назірання.

Набыта 7 аўтобусаў для арганізацыі падвозу дзяцей з закрытых устаноў адукацыі, 5 камп’ютарных класаў, 115 адзінак персанальных камп’ютараў, 19 монаблокаў і сістэм інтэрактыўных сэнсарных панэлей, 77 адзінак тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання на харчблокі, 227 камплектаў школьнай мэблі. Толькі за 2019 год на набыццё неабходнага абсталявання, сродкаў навучання, спартыўнага інвентару было патрачана 620 тыс. рублёў.



Гімназіяй №1 г. Навагрудка ў рамках праекта ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» рэалізавана ініцыятыва «Здаровая сям’я – здаровая нацыя». У выніку на базе гімназіі адкрыта трэнажорная зала, якую могуць наведваць не толькі вучні ўстановы, але і жыхары горада. Агульны кошт інвестыцый склаў 7,5 тыс. у.а. Перамога ў абласным і рэспубліканскім конкурсе «Энергамарафон» дазволіла прыцягнуць дадатковыя грашовыя сродкі і правесці маштабныя мерапрыемствы па энергазберажэнні на 40 тыс. рублёў у яслях-садзе № 7 г. Навагрудка.



Кадры – галоўны складнік поспеху

Сёння адукацыйны працэс забяспечвае 941 педагагічны работнік. Педагогі з вышэйшай адукацыяй – 79-80%, вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі маюць 66,2%. Максімальна магчымая кваліфікацыйная катэгорыя «настаўнік-метадыст» прысвоена Чал Алене Уладзіміраўне, педагогу замежнай мовы СШ №4 г. Навагрудка.

Шмат педагогаў Навагрудчыны ўносяць у працэс адукацыі новыя метады і прыёмы яго арганізацыі, распрацоўваюць новыя тэхналогіі навучання і выхавання, укараняюць прагрэсіўныя прынцыпы вядзення навучання і выхавання, што ў выніку прыводзіць да абнаўлення педагагічнага працэсу і сістэмы адукацыі ў цэлым.


У аналізуемы перыяд звання «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» удастоена намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ № 4 г. Навагрудка Дзедавец Ларыса Анатольеўна і настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Сурага Тамара Мікалаеўна. Ганаровай Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджана пяць педагогаў, плённая праца васьмі педагогаў адзначана Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 12 лепшым педагогам прысуджана званне «Педагог года».

За 5 гадоў у раён прыбыло 179 маладых спецыялістаў. Паказчык замацавання маладых спецыялістаў знаходзіцца на ўзроўні 81%. Вырашаюцца пытанні з прадастаўленнем жылля. Адкрыта 2 інтэрнаты для маладых спецыялістаў сацыяльнай сферы.


«Разумныя» тэхналогіі з карысцю

За кароткі тэрмін звычайнай справай для навагрудскіх школьнікаў сталі электронныя дзённікі і не толькі.

Установы адукацыі раёна актыўна працуюць у інавацыйным рэжыме. На працягу 5 гадоў апрабіравана 5 эксперыментальных і рэалізавана 11 інавацыйных праектаў. Па выніках рэалізацыі ўсіх інавацыйных праектаў распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, якія станоўча адзначаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.


Школа – крыніца ведаў і пляцоўка першых перамог

Штогод радуюць сваімі поспехамі школьнікі Навагрудчыны. Сярэдні бал паспяховасці па раёне за 5 гадоў павялічыўся на 0,12 і склаў 7,75 балаў, якасць ведаў вырасла з 82,05% да 87,05%, колькасць вучняў, якія скончылі навучальны год на «9» і «10» балаў павялічылася з 427 да 449, павялічылася і колькасць вучняў, якія сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў – з 66,4% да 71,4%, 183 выпускнікі 11-х класаў узнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі.

Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў перыяд з 2015 па 2020 гг. атрымана дванаццаць 100-бальных вынікаў (2016 г. – 3, 2017 г. – 5, 2018 г. – 2; 2019 г. – 1, 2020 г. – 1) выпускнікамі гімназіі № 1, СШ №№ 1, 3, 4, 5, Гарадзечанскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.


За аналізуемы перыяд сярэдні бал па выніках цэнтралізаванага тэсціравання па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Англійская мова», «Фізіка», «Хімія», «Грамадазнаўства», «Геаграфія» вышэйшы за абласны і рэспубліканскі паказчыкі.

Вучнямі раёна заваявана 36 дыпломаў на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 6 дыпломаў – на заключным этапе (2016 г. – 2, 2017 г. – 1, 2018 г. – 2; 2019 г. - 1). На конкурсе даследчых работ атрымана 10 дыпломаў абласнога ўзроўню (І ступені – 2, ІІІ ступені – 8).


Прымаюцца меры па падтрымцы таленавітых і адораных вучняў і педагогаў, якія вынікова працуюць. Па выніках пяцігодкі 7 вучняў сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, 4 – лаўрэатамі прэміі А.І. Дубко па падтрымцы таленавітых дзяцей Гродзенскай вобласці, 1 вучань узнагароджаны прэміяй фінскага фонду «OLVI» па падтрымцы таленавітых дзяцей Беларусі, 16 – атрымалі стыпендыі абласнога аддзялення Беларускага Фонду міру, 387 вучняў і 38 педагогаў заахвочаны прэміямі раённага выканаўчага камітэта, грамадскіх аб’яднанняў.


У лічбавую эпоху не страчваюць актуальнасці традыцыйныя крыніцы ведаў на папяровым носьбіце.

Фонд школьных бібліятэк налічвае 263510 экзэмпляраў,

з іх 127162 – гэта падручнікі і вучэбныя дапаможнікі,

33246 – перыядычныя выданні, 103102 – мастацкая літаратура.


  

Час развіцця ініцыятывы

Развіваецца дзіцячае самакіраванне. Працуе маладзёжны парламент пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў. Вынікам рэалізацыі міжнароднай ініцыятывы ЮНІСЕФ стала прысваенне 1 верасня 2017 года гораду ганаровага звання «Навагрудак – горад, дружалюбны дзецям». За час працы маладзёжнага парламента рэалізаваны сацыяльныя праекты: «Музей у чамадане», «Стары парк па-новаму», «Альтэрнатыўная бібліятэка: домік для кніг», «Ліхтар піянерскай дружбы», «Лэпбук – дзецям сябар», «Мы выбіраем зялёны колер», «Памяць Перамогі» і інш.

Ва ўстановах адукацыі праве­дзена шмат мерапрыемстваў, акцый у кантэксце Года малой радзімы, 75-годдзя вызвалення Рэспуб­лікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці, 975-годдзя першага летапіснага згадвання г. Навагрудка. Развіваецца цімураўскі і валанцёрскі рух, пасаджана алея «Бэз Перамогі» на тэрыторыі гімназіі № 1 г. Навагрудка.


Праводзіцца работа па абнаўленні экспазіцый, арганізацыі выставак, прысвечаных гераічным падзеям Вялікай Айчыннай вайны ў музеях і музейных пакоях. Ва ўстановах адукацыі функцыянуе 22 музеі, 2 з якіх маюць званне «народны», і 1 музейны пакой. За апошнія пяць гадоў з’явілася 5 новых музеяў: у СШ № 5 г. Навагрудка («Гісторыя рэчаў скрозь час»), СШ № 7 г. Навагрудка («Назад у СССР», «Будзем беларусамі»), Навагрудскай спецшколе-інтэрнаце («Традыцыі чаю»), Гарадзечанскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе («Вытокі»).



Працоўныя прафесіі вяртаюцца ў школу

Штогод ва ўстановах адукацыі раёна адкрываюцца класы прававой накіраванасці, ваенна-патрыятычныя, спецыялізаваныя па спорце класы, групы педагагічнай і аграрнай накіраванасці. Функцыянуе структурнае падраздзяленне па біятлоне ад установы адукацыі «Гродзенскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву».


У гэтым навучальным годзе выпускнікам адзінаццатых класаў Навагрудчыны, якія прайшлі прафесійную падрыхтоўку, выдадзены пасведчанні аб прысваенні кваліфікацыі рабочага (служачага).

Магчымасць атрымаць прафесійныя ўменні і навыкі, асвоіць пэўную прафесію з’явілася з 1 верасня 2018 года ў старшакласнікаў сярэдніх школ. Акрамя вывучэння вучэбных прадметаў, яны праходзяць прафесійную пад­рыхтоўку ў рамках вучэбнага прадмета «Працоўнае навучанне», якая арганізавана з улікам іх запытаў на базе аграрнага каледжа і прафесійна-тэхнічнага сельска­гаспадарчага ліцэя, а таксама СШ № 5 г. Навагрудка і Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.


У 2020 годзе ўпершыню 62 выпускнікі атрымалі пасведчанні аб атрыманні кваліфікацыйнага разраду па прафесіях «Афіцыянт» (36), «Тынкоўшчык» (13), «Аператар ЭВМ» (11), «Агент па турызме» (2).

Пасля заканчэння 9 класаў у сярэднім 55 % вучняў працягнулі навучанне ў 10 класе, 30% паступілі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, 15% – ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.


Усміхніцеся, вас здымаюць!

У апошнія гады бяспека дзяцей у школах выйшла на зусім іншы ўзровень.

За парадкам цяпер сочыць «усёвідушчае вока» відэакамер, яны ўстаноўлены ва ўсіх гарадскіх і сельскіх школах, дзіцячых садках – усяго 105. Агульная колькасць камер відэаназірання ў Навагрудку – 69, у раёне – 36. Ёсць яны і ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Свіцязь» – 4. Вядуцца работы па павелічэнні памяці архіва відэазапісаў не менш як 30 дзён.

Таксама з 2016 года ўстановы пачалі абсталёўваць электрамагнітнымі замкамі. Гэта яслі-сад №7 г. Навагрудка і спецшкола-інтэрнат. На сённяшні дзень усе ўстановы абсталяваны трывожнымі кнопкамі. Сістэмы экстраннага выкліку супрацоўнікаў аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь функцыянуюць у перыяд вучэбнага працэсу.



Падрыхтавала Алена Ермакова, «НЖ»