Арыенціры развіцця Навагрудчыны на бягучы год вызначаны на сумесным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў

Арыенціры развіцця Навагрудчыны на бягучы год вызначаны на сумесным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў

Арыенціры развіцця Навагрудчыны на бягучы год вызначаны на сумесным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў

06 марта 2021 1089

Гаспадарчым актывам раёна прааналізаваны вынікі работы эканомікі і выканання бюджэту за 2020 год, вызначаны арыенціры развіцця на бягучы год на сумесным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, якое адбылося напрыканцы мінулага тыдня.

Таксама ўдзелькі пасяджэння разгледзелі пытанні аб стане карупцыі ў раёне за мінулы год і прымаемых мерах па яе прысячэнні. Са справаздачамі аб стане спраў у жывёлагадоўлі за 2020 год і перспектывах на 2021 год, рабоце сельгас­арганізацый, ветэрынарнай службы раёна і цэнтра селекцыі і генетыкі Навагрудскага раёна па забеспячэнні вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі выступілі намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віктар Мацкевіч і начальнік ДУ «Навагрудская раённая ветэрынарная станцыя» – галоўны ветэрынарны ўрач раёна Алена Ляпёшкіна.

Негатыўныя тэндэнцыі

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Федчанка, адкрываючы пасяджэнне, канстатаваў, што раён у 2020 годзе спрацаваў не зусім эфектыўна: з 18 прагнозных паказчыкаў выканана толькі 10.

– Нягледзячы на пэўныя цяжкасці і негатыўныя тэндэнцыі мінулага года, большасць паказчыкаў выканана, але гава­рыць аб сур’ёзных поспехах у рабоце нельга, таму што, акрамя аб’ектыўных прычын, якія не дазволілі спрацаваць больш эфектыўна, ёсць і шэраг суб’ектыўных прычын. Сёння неабходна прааналізаваць, чаму так атрымалася, акрэсліць задачы на бягучы год і максімальна працаваць на поспех, – адзначыў старшыня райвыканкама.

Работу ўсіх галін эканомікі раёна ў 2020 годзе прааналізавала першы намеснік старшыні райвыканкама Алена Сялевіч.

– За 2020 год раёнам забяспечана выкананне двух з чатырох ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы. Выкананы паказчык прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове пры заданні 300 тыс. долараў атрымана 682,6 тыс. долараў, працаўладкавана на зноў створаныя рабочыя месцы за кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў 189 грамадзян пры заданні – 120 чалавек. Невыкананы экспарт тавараў – пры заданні 104,2 % выкананне склала 95,6 % да узроўню 2019 года. Экспарт паслуг за 2020 год склаў 86,6 % да ўзроўню 2019 года пры заданні 104,4 %.

Разам з тым паказчык па індэксе фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў за мінулы год склаў 108,4 % пры заданні 104,1 %. На 1 студзеня 2021 года прамысловыя прадпрыемствы раёна не дапусцілі перавышэння нарматываў па запасах гатовай прадукцыі, – адзначыла Алена Сялевіч.

Сельгасарганізацыі раёна ў 2020 го­дзе не выканалі заданне па тэмпах росту валавай прадукцыі – пры заданні 107 % выкананне склала 102,1 %. Асноўнай прычынай невыканання прагнознага паказчыка стала змяншэнне вытворчасці прадукцыі раслінаводства.

Рознічны тавараабарот гандлю за 2020 год таксама не выкананы – пры заданні 104,5 % выкананне склала 101,9 % да ўзроўню 2019 года.

Аб’ём будаўніча-мантажных работ па раёне склаў толькі 66,7 % ад запланаванага. Па словах Алены Сялевіч, асноўнай прычынай невыканання паказчыка стала парушэнне тэрмінаў пачатку будаўніцтва двух 40-кватэрных дамоў у мікрараёне «Мітраполь-1». Акрамя гэтага, філіялам «Навагрудскія Дары» на 2021 год перанесены тэрмін рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па мадэрнізацыі цэха вытворчасці сыроў з павялічэннем сутачнай вытворчасці да 15 тон.

За 2020 год у раёне не выканана і гадавое заданне па ўвядзенні ў эксплуатацыю жылля – 4786 кв. м або 53,2 % ад запланаванага. Алена Сялевіч канстатавала, што невыкананне даведзенага задання (9000 кв. м) звязана з нізкай ступенню гатоўнасці індывідуальнага жылля, а таксама невыкананнем запланаванага на 2020 год уводу 40-кватэрнага жылога дома ў мікрараёне «Мітраполь-1».

За мінулы год павялічылася выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг – рост да ўзроўню 2019 года склаў 138,4 %. Выкананы і даведзены паказчык росту заработнай платы па раёне за 2020 год на 108,8 %. Так, за мінулы год намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў раёне павялічылася да ўзроўню 2019 года на 15,5 % і склала 927,2 рубля, – канстатавала Алена Леанідаўна.

У эканоміцы раёна ў мінулым годзе было занята 19 465 чалавек. За 2020 год працаўладкавана 1280 грамадзян, у тым ліку 742 чалавекі, якія мелі статус беспрацоўнага. На пачатак бягучага года ўзровень беспрацоўя па раёне склаў 0,2 %, каафіцыент напружанасці на рынку працы раёна – 0,1.

Бюджэт выкананы

З вынікамі выканання бюджэту за 2020 год і задачамі на бягучы год прысутных пазнаёміла начальнік фінанасавага аддзела райвыканкама Жанна Лазовік. Так, за 2020 год у бюджэт раёна паступіла 42 723,5 тыс. рублёў уласных даходаў, што склала 114,0 % да першапачатковага плана на год і 106,7 % да ўдакладненага плана. У параўнанні з 2019 годам паступленні выраслі на 12,1 %. Асноўная ўдзельная вага ўласных даходаў сфарміравана за кошт падаткавых даходаў – 92,4 % у агульным аб’ёме даходаў.

Акрамя гэтага, у 2020 годзе на аўкцыёне прададзена некалькі аб’ектаў – будынак сталовай і склада з прыладамі ў в. Дзяляцічы і тры зямельныя ўчасткі ў горадзе ў прыватную ўласнасць грамадзян, што папоўніла бюджэт на агульную суму 55,8 тыс. рублёў.

– Разам з тым работа сельскіх выканаўчых камітэтаў па правядзенні аўкцыёнаў па продажы зямельных участкаў грамадзянам знаходзіцца на недастатковым узроўні, – адзначыла Жанна Васільеўна. – У мінулым годзе ад продажу зямельных участкаў у сельскай мясцовасці ў даходы сельскіх бюджэтаў паступіла 21,2 тыс. рублёў, з іх ад продажу на аўкцыёнах – 5,4 тыс. рублёў (Кашалеўскі і Валеўскі сельвыканкамы).

Вызначаны асноўныя задачы па выкананні бюджэту раёна ў 2021 годзе: першачарговае выкарыстанне сродкаў бюджэту на фінансаванне базавых бюджэтных абавязацельстваў і недапушчэнне росту крэдыторскай запазычанасці, ажыццяўленне кантролю за выкананнем у поўным аб’ёме дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніц­тва і паступленнем даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, далейшая актывізацыя работы па прыцягненні ў бюджэт раёна сродкаў ад рэалізацыі і здачы ў арэнду маёмасці і зямельных участкаў і іншыя.

Па кожным з абмеркаваных пытанняў прыняты адпаведныя рашэнні, вызначаны адказныя за іх выкананне.

Алена Ермакова, «НЖ»