Незаконны абарот наркотыкаў: для Навагрудскага раёна праблема застаецца актуальнай

Незаконны абарот наркотыкаў: для Навагрудскага раёна праблема застаецца актуальнай

Незаконны абарот наркотыкаў: для Навагрудскага раёна праблема застаецца актуальнай

14 Декабря 2020 568

Праблеме ўжывання наркотыкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў ва ўсім свеце і ў нашай краіне ўдзяляецца самая пільная ўвага. Рознымі зацікаўленымі службамі і ведамствамі пастаянна прымаецца шэраг мер, каб зберагчы людзей ад гэтай «чумы», у тым ліку і праз прымяненне жорсткага пакарання. Але, як кажуць, забаронены плод салодкі. Таму, нягледзячы на вялікую работу праваахоўнікаў, і сярод дарослых, і сярод моладзі сустракаюцца выпадкі парушэння антынаркатычнага заканадаўства.

Аб праблеме наркаманіі ў Беларусі ўпершыню сур’ёзна загаварылі ў першай палове 80-х гг. ХХ ст., калі былі зафіксаваны першыя факты масавага ўжывання наркотыкаў у маладзёжным асяроддзі Светлагорска. Для барацьбы з нарказлачыннасцю ў горадзе была створана група, у якую ўвайшлі супрацоўнік крымінальнага вышуку, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх і ўчастковы інспектар. Прайшло амаль 40 гадоў, і, канешне, за гэты час многае змянілася. Сёння ў Беларусі створана цэлая сістэма для барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў, вельмі важнае месца ў якой займае трывалая заканадаўчая база. У ліку асноўных нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якія рэгламентуюць абарот наркотыкаў, Дэкрэт Прэзідэнта РБ ад 28.12.2014 г. №6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў», Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ, Крымінальны кодэкс РБ, Закон РБ ад 13.07.2012 г. №408-З «Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах» і інш.

Дынаміка да зніжэння

У апошнія гады сітуацыя з незаконным абаротам наркотыкаў у краіне стабілізавалася. Эфект ад антынаркатычнай палітыкі быў не хуткі, але сёння ўжо вельмі адчувальны: штогод адзначаецца зніжэнне колькасці зарэгістраваных нарказлачынстваў. А ў гэтым годзе, як дзіўна гэта ні прагучыць, далейшай стабілізацыі паспрыяў... каронавірус.

Па даных Міністэрства ўнутраных спраў за студзень-верасень гэтага года было выяўлена больш за 2700 злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, што амаль на чвэрць менш, чым за той жа перыяд годам раней. Зарэгістравана на 70% менш нарказлачынстваў, учыненых з удзелам непаўналетніх. Ведамства паведамляе, што ў сувязі з распаўсюджваннем COVID-19 і закрыццём дзяржаўных межаў наркадылерам стала значна складаней прывезці наркотыкі на тэрыторыю Беларусі. Але спробы ёсць. Напрыклад, 22-23 кастрычніка ў Расонскім і Полацкім раёнах былі затрыманы ўдзельнікі злачыннай групы, якая перапраўляла забароненыя рэчывы. Усяго ж за 9 месяцаў 2020 г. выяўлена 22 каналы паставак наркотыкаў.


Грамы бяды

– Распаўсюджванне наркаманіі ўяўляе глабальную пагрозу здароўю насельніцтва, эканоміцы, правапарадку і бяспецы дзяржавы. Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь у межах кампетэнцыі прымаюцца меры па арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў, накіраваных на процідзеянне незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў у нашай краіне, – падкрэсліла старшы следчы Навагрудскага раённага аддзела СК РБ Юлія Міхайлоўская. – Расследаванне злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў – адзін з важных напрамкаў дзейнасці следчых органаў. У залежнасці ад характару злачынства, звязанага з наркатычнымі сродкамі, у адпаведнасці з Крымінальным кодэксам РБ грамадзяне могуць быць прыцягнуты да адказнасці згодна з арт. 327–332.

Па даных Навагрудскага РАУС за 11 месяцаў 2020 г. на тэрыторыі г. Навагрудка і Навагрудскага раёна выяўлена 4 злачынствы па лініі незаконнага абароту аркотыкаў. Усе звязаны з парушэннем арт. 328 КК РБ. Па названых крымінальных справах канфіскавана 390,48 г наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў.

– Аналіз паказвае, што наркатычныя рэчывы, якія спажываюць залежныя людзі, рэгулярна мяняюцца. Больш за 20 гадоў таму было шмат гераінавых спажыўцоў, затым адбылася пераарыенціроўка на опіоіды і так званыя спайсы, цяпер сталі папулярныя «дызайнерскія» наркотыкі і розныя псіхатропныя рэчывы, – паведаміла маёр юстыцыі. – Агульнае для ўсіх наркотыкаў тое, што наступствы для здароўя ў любым выпадку будуць вельмі сумныя і часцяком неабарачальныя. Да таго ж любога парушальніка заканадаўства рана ці позна абавязкова чакае пакаранне. Нават асоб, якія набылі ўсяго некалькі грамаў наркотыка ці псіхатропа проста для ўласнага спажывання.

Згодна з ч. 1 арт. 328 КК РБ, незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў ці аналагаў караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.

Па ч. 2 арт. 328 незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка або незаконны збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў ці аналагаў караюцца па­збаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў.

– Дзеянні, учыненыя групай асоб, службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў і інш., збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў або аналагаў на тэрыторыі ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, у месцы правядзення масавага мерапрыемства і г.д. ці заведама непаўналетняму караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 6 да 15 гадоў, – дадала следчы. – Дзеянні, учыненыя арганізаванай групай альбо спалучаныя з вырабам ці перапрацоўкай наркатычных сродкаў, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў. А вось за дзеянні, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека ў выніку спажывання ім наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў, можна пазбавіцца волі на тэрмін ад 12 да 25 гадоў. Дадаткова па ч. 2-5 арт. 328 КК судом можа быць прызначаны таксама штраф.


… усе ўзросты пакорны

Калі гаварыць пра парушальнікаў закона, то гэта і «вопытныя», ужо судзімыя спажыўцы, і моладзь. Не раз разбірацца ў абставінах і прычынах нарказлачынстваў даводзілася і Юліі Міхайлоўскай.

Так, у красавіку гэтага года Навагрудскім раённым аддзелам СК была заведзена крымінальная справа па ч. 1 арт. 328 КК у адносінах да двух жыхароў Навагрудка, 1993 і 2001 гадоў нараджэння. Юнакі разам з прыяцелямі паехалі ў Мінск. Па дарозе ў Алега і Мікалая (імёны зменены) узнікла ідэя застацца ў сталіцы, набыць псіхатропнае рэчыва і ўжыць яго. Так і зрабілі. Амфетамін (як пазней паказала экспертыза гэта быў фенамін) набылі праз месенджар Telegram. Напісалі ў канал, інфармацыю пра які па іх словах знайшлі ў інтэрнэце, аплацілі «заказ» праз інфакіёск і атрымалі паведамленне з месцам «закладкі». Да слова, псіхатроп абышоўся маладым людзям у 180 руб. за 2 грамы. «Задавальненне», як бачыце, дарагое, і адназначна таго не варта.

– Набыты амфетамін юнакі падзялілі і частку ўжылі. Астатняе рэчыва кожны пакінуў «на потым». На наступны дзень абодва накіраваліся ў Навагрудак. Алегу ўсю дарогу было дрэнна, а па прыездзе стан пагоршыўся. Ён пабаяўся ехаць дадому, каб родныя нічога не западозрылі, і накіраваўся ў Карэлічы, дзе зняў нумар у адной з гасцініц. Па яго словах, астатняе псіхатропнае рэчыва ён не ўжываў, а выкінуў. Але лягчэй юнаку не стала, гэта заўважыла работнік гасцініцы і патэлефанавала ў бальніцу. Карэліцкія медыкі, якія здагадаліся ў чым можа быць справа, паведамілі ў міліцыю. Пазней экспертыза пацвердзіла ўжыванне псіхатропаў. Так і стала вядома пра ўчыненае злачынства.

Далей ужо супрацоўнікі Навагрудскага РАУС накіраваліся да другога фігуранта. Мікалай, які ў адрозненне ад таварыша адчуваў сябе нармальна, знаходзіўся на рабоце. Пры ім у кішэні кашулі быў знойдзены астатак яго часткі амфетаміна, які ён запакаваў у пакет ад пачкі цыгарэт.

– Сваю віну маладыя лю­дзі прызналі поўнасцю і па словах раскайваліся. Аднак факт застаецца фактам – злачынства ўчынена, а значыць і пакаранню быць, – канстатавала Юлія Міхайлоўская. – Падобнае злачынства, таксама прадугледжанае ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса, у ліпені гэтага года ўчыніў 36-гадовы жыхар адной з вёсак Навагрудскага раёна. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, ён сабраў не менш за 380 г макавай саломкі для асабістых патрэб. Затым вырабіў ацэтыляваны опій, частку якога ўжыў шляхам ін’екцыі. Наркатычныя сродкі, якія засталіся, – макавая саломка масай 380,55 г і ацэтыляваны опій масай 0,1232 г, – мужчына пакінуў у сябе і захоўваў у гаспадарчай пабудове па месцы жыхарства да моманту канфіскацыі супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

Строгі падыход да парушальнікаў – не значыць агульны. Мера пакарання і ўмовы ўтрымання будуць залежаць ад цяжару злачынства. Тым, хто ўжо ўчыніў злачынства, назад нічога не вярнуць. А вось іншым, хто дапушчаў падобнае пакуль толькі ў думках, трэба лішні раз задумацца, ці варта хвілінная радасць згубленага здароўя і зламанага лёсу?..


Лепш папярэдзіць, чым «лячыць»

– Прафілактычна-тлумачальная работа па папярэджанні ўжывання наркотыкаў і псіхатропаў праводзіцца пастаянна, – расказвае старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Навагрудскага РАУС Аляксандр Расюкевіч. – Наступстваў наркатычнай залежнасці настолькі шмат (фізіялагічныя, псіхалагічныя, сацыяльныя), што далёка не кожны можа з імі справіцца, таму праблему лепш не дапусціць.

Па даных РАУС на 01.12.2020 г., на ўліку ў УАЗ «Навагрудская ЦРБ» састаіць 12 чалавек з сіндромам залежнасці ад наркатычных сродкаў і ў сувязі з ужываннем наркатычных сродкаў са шкоднымі наступствамі.

– У гэтым годзе складзены адзін адміністрацыйны пратакол згодна з парушэннем ч. 1 арт.  16.10 КаАП РБ (набыццё, захоўванне некурыцельных тытунёвых вырабаў, прызначаных для смактання і (або) жавання, у колькасці, якая не перавышае 50 грамаў). Падобныя дзеянні цягнуць папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да дзвюх базавых велічынь, – паведаміў аператыўнік. – Адміністрацыйная адказнасць – гэта таксама адна з мер прафілактыкі. Падлетак, які трапіў у поле зроку міліцыі, задумаецца, перш чым «пераходзіць» да злачынства. Да таго ж ён ужо будзе знаходзіцца пад кантролем суб’ектаў прафілактыкі.

– Калі не прадпрымаць актыўныя меры на папярэджанне і процідзеянне нарказлачыннасці і наркаманіі, то ў хуткім часе для ўсяго грамадства наступствы стануць незваротнымі, – лічыць А. Расюкевіч. – Мы і прадстаўнікі іншых органаў і ўстаноў пастаянна праводзім прафілактычную работу, у асноўным у маладзёжным асяроддзі. Рэгулярна сустракаемся не толькі з падлеткамі, але і іх бацькамі. Бо толькі ў сілах дарослых своечасова заўважыць і не дапусціць таго, каб іх дзеці «зламалі» сваё жыццё. Законныя прадстаўнікі павінны клапаціцца не толькі пра ўтрыманне і навучанне сваіх дзяцей, але і мець з імі даверлівыя адносіны, ведаць, чым яны жывуць, і не баяцца звяртацца за дапамогай.

Асоба, якая добраахвотна здала наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх прэкурсоры або аналагі і актыўна спрыяе выяўленню або спыненню злачынства, звязанага з незаконным абаротам гэтых сродкаў, рэчываў, выкрыцці асоб, якія іх учынілі, выяўленні маёмасці, здабытай злачынным шляхам, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці за дадзенае злачынства.

Падрыхтавала Анастасія Пятрова, «НЖ»