Абмежаванне волі, штраф і пазбаўленне права займаць пэўныя пасады. Такое пакаранне прызначана судом Навагрудскага раёна вядучаму аграному ААТ «Гарадзечна»

Абмежаванне волі, штраф і пазбаўленне права займаць пэўныя пасады. Такое пакаранне прызначана судом Навагрудскага раёна вядучаму аграному ААТ «Гарадзечна»

Абмежаванне волі, штраф і пазбаўленне права займаць пэўныя пасады. Такое пакаранне прызначана судом Навагрудскага раёна вядучаму аграному ААТ «Гарадзечна»

28 октября 2020 1786

«Усё вакол калгаснае, усё вакол маё» – гэтая шырокавядомая фраза стала свайго роду апраўданнем для нячыстых на руку грамадзян, якія нясуць з работы ўсё, што можа спатрэбіцца на ўласным падворку, або тое, што можна выгадна прадаць. Крадзяжы ў сферы сельскай гаспадаркі – актуальная праблема, якая, вобразна кажучы, непадуладна часу.

Сродкі абароны раслін – адна з самых затратных частак бюджэту для любога аграпрадпрыемства. Таму часцей за ўсё крадуць менавіта дарагія сродкі абароны. Раствор пестыцыдаў, як правіла, рыхтуецца ў полі, а ў такіх умовах кантраляваць працэс разліву даволі складана. Гэтым і карыстаюцца асабліва «прадпрымальныя» грамадзяне, крадучы дарагія таварна-матэрыяльныя каштоўнасці. У выніку такіх крадзяжоў наносіцца сур’ёзны ўрон сельгаспрадпрыемству, а гэта не толькі кошт прэпарата, але і, вядома ж, гібель раслін. Спецыялісты падлічылі, што з-за няўнесеных сродкаў абароны раслін страты ўраджаю могуць дасягаць каля 20%.

Несумненна, гэтымі дадзенымі валодаюць усе спецыялісты сельскай гаспадаркі. Ведаў пра важнасць апрацоўкі пасеваў пестыцыдамі і вядучы аграном ААТ «Гарадзечна» А.Л. Бяняш. Але ён ведаў і іншае: хімікаты могуць стаць для яго дадатковай крыніцай даходу. Таму, калі ў 2018 годзе да яго звярнуліся знаёмыя з просьбай дапамагчы ў набыцці сродкаў абароны раслін суцэльнага дзеяння «Тарнада 540, ВР», разважаў нядоўга. І неўзабаве «прадавец» і «пакупнік», як гаворыцца, «ударылі па руках», а 100 літраў дарагога прэпарата хутка перамясціліся са склада ААТ «Гарадзечна» на прыватнае падвор’е. У выніку здзелкі ў кішэні ў А.Л. Беняша з’явілася салідная сума. Грошы лішнімі не бываюць, разважаў А.Л. Бяняш, і пры кожным зручным выпадку рэалізоўваў прэпараты прыватным асобам. Схема дзейнічала на працягу 2018-2019 гг. Устаноўлена, што за гэты перыяд выкраў не менш за 100 літраў прэпарата «Тарнада 540. ВР» і каля 140 літраў прэпарата «Балерына, СЭ». Шкода, нанесеная гаспадарцы, ацэньваецца ў агульную суму каля 5 тыс. рублёў.

Суд прызнаў А.Л. Беняша вінаватым у завалоданні маёмасцю, учыненым службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў (у тым ліку ўчыненае паўторна), а таксама ў занясенні службовай асобай заведама лжывых звестак і запісаў у афіцыйныя дакументы, учыненыя з карыслівай зацікаўленасці, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства. Пакаранне – абмежаванне волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады 6 месяцаў са штрафам у памеры 150 базавых велічынь з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 2 гады 6 месяцаў.

В. Юрчык,

суддзя суда Навагрудскага раёна