Пытанні фінансава-­гаспадарчай дзейнасці і развіцця ААТ «БелКрэда» разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама

Пытанні фінансава-­гаспадарчай дзейнасці і развіцця ААТ «БелКрэда» разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама

Пытанні фінансава-­гаспадарчай дзейнасці і развіцця ААТ «БелКрэда» разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама

03 мая 2021 1409
Лёгкая прамысловасць была і застаецца асновай устойлівага развіцця вытворчасці тавараў народнага спажывання. Яна забяспечвае насельніцтва неабходнымі прадметамі спажывання і быту, фарміруе камфорт і дабрабыт людзей, адыгрывае значную ролю ў эканоміцы краіны. У Навагрудку працуе адно са старэйшых прадпрыемстваў горада – швейная фабрыка, якая выпускае шырокую лінейку верхняга адзення для мужчын, жанчын і дзяцей.

На чарговым пасяджэнні райвыканкама былі разгледжаны пытанні фінансава-­гаспадарчай дзейнасці і перспектывы развіцця ААТ «БелКрэда» і ход рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 «Аб дадат­ковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неблаганадзейных сем’ях».

Падцягнуць рэзервы

Аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах развіцця ААТ «БелКрэда» паведаміла дырэктар прадпрыемства Ала Хмарык.

– На сённяшні дзень фабрыка забяспечана сучасным швейным абсталяваннем, укаранёна сістэма аўтаматычнага праектавання і новае тэхналагічнае абсталяванне для вільготна-цеплавой апрацоўкі. Апошні раз тэхнічнае пераабсталяванне было праведзена ў 2013 годзе. Для асваення сучасных тэхналогій і арганізацыі швейнай вытворчасці, абнаўлення асартыменту выпускаемай прадукцыі і забеспячэння высокай якасці вырабаў з 2019 года ААТ «БелКрэда» пачало рэалізацыю інавацыйнага праекта па мадэрнізацыі швейнай вытворчасці з укараненнем інавацыйнай аўтаматызаванай тэхналогіі распрацоўкі і вырабу новых тавараў з прымяненнем сучасных тэхналогій, – адзначыла дырэктар прадпрыемства. – У рамках рэалізацыі праекта фабрыка набу­дзе сучаснае тэхналагічнае і дапаможнае абсталяванне, што дазволіць выпускаць прадукцыю больш высокай якасці і больш канкурэнтаздольную на сучасным рынку.

У тэму

Навагрудская швейная фабрыка заснавана 7 ліпеня 1944 года. У 2010 годзе шляхам пераўтварэння РУП «Навагрудская швейная фабрыка» было створана ААТ «БелКрэда». Гэта прадпрыемства прыватнай формы ўласнасці з доляй дзяржавы 99,4 % у статутным фондзе і ўваходзіць у склад Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вырабе і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці. Асноўным відам дзейнасці з’яўляецца вытворчасць пальтова-касцюмнага асартыменту для мужчын, жанчын і дзяцей. Сёння на прадпрыемстве працуе 344 чалавекі. Сярэднямесячная заработная плата работнікаў за студзень-сакавік 2021 года склала 647,1 рублёў.

Разам з тым на прадпрыемстве існуе шэраг праблем, якія не дазваляюць калектыву выконваць вызначаныя бізнес-планам паказчыкі вытворчасці. Аналіз выканання планаў развіцця прадпрыемства за 2016-2020 гады па індэксу фізічнага аб’ёму вытворчасці па набору тавараў-прадстаўнікоў паказаў, што пры прагназуемым паказчыку на пяцігодку ў памеры 116,5 % фактычнае выкананне склала 78,6 %. Зніжаны аб’ёмы вытворчасці па такіх таварных групах, як «Паліто, паўпаліто, накідкі, плашчы, курткі і вырабы аналагічныя жаночыя або для дзяўчынак», «Камбінезоны з нагруднікамі і шлейкамі, брыджы і шорты жаночыя або для дзяўчынак», «Пінжакі і блэйзеры, жакеты, курткі тыпу пінжакоў мужчынскіх або для хлопчыкаў» і інш. У выніку вытворчая праграма за першы квартал 2021 года выканана толькі на 57,2 % да бізнес-плану. За першы квартал бягучага года назіраецца прырост і запасаў гатовай прадукцыі ў параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года. Не парадавалі вытворцаў у мінулым годзе і экспартныя пастаўкі: паказчык, вызначаны бізнес-планам, павінен быў скласці 108,9 %, а адгружана прадукцыі на 3 млн долараў ці 83 % да 2019 года.

Нягледзячы на шэраг прымаемых мер, на прадпрыемстве адчуваецца недахоп кваліфікаваных работнікаў. Звальняюцца работнікі, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, а большасць маладых спецыялістаў, якія прыбылі па размеркаванні ў якасці швачкі, звальняюцца па заканчэнні тэрміну адпрацоўкі.

У выніку пасяджэння райвыканкама перад кіраўніцтвам прадпрыемства пастаўлены шэраг задач, якія павінны быць выкананы для забеспячэння ўстойлівай работы фабрыкі. Яны замацаваны ў выніковым рашэнні райвыканкама, вызначаны тэрміны іх выканання.

Дзяржабарона павінна быць дзейснай

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неблаганадзейных сем’ях» мае вельмі вялікае значэнне ў справе прадухілення сацыяльнага сіроцтва, гарантавання бяспекі дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Аб ходзе рэалізацыі ў раёне Дэкрэта № 18 паведаміла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Каралько.

– Выкананне ўпаўнаважанымі органамі і арганізацыямі раёна патрабаванняў Дэкрэта № 18 ажыццяўляецца каардынацыйным саветам Навагрудскага райвыканкама. Пасля прыняцця пастановы Савета Міністраў «Аб прызнанні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы» ад 15 студзеня 2019 года змяніліся падыходы ў рабоце ўсіх суб’ектаў прафілактыкі па выяўленні сямейнага недабрабыту, арганізацыі работы з сем’ямі, у якіх непаўналетнія дзеці знаходзяцца ў небяспечным становішчы. У даным накірунку праводзіцца сістэмная работа, у тым ліку і па павышэнні прафесійнага ўзроўню спецыялістаў устаноў адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

У рабоце з такімі сем’ямі крайняй мерай уздзеяння з’яўляецца адабранне дзяцей у бацькоў і прызнанне іх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Безумоўна, гэта адбіваецца на псіхалагічным стане дзіцяці, але не заўсёды мае дзейснае ўздзеянне на бацькоў, і здараюцца паўторныя адабранні. Статыстыка апошніх трох гадоў не радуе. Так, за 3 месяцы 2021 года адабраны ў бацькоў і прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне ўжо 13 дзяцей з 8 сем’яў ( у 2019 – 25 дяцей з 12 сем’яў, у 2020 – 19 дзяцей з 10 сем’яў). У адносінах да 3 дзяцей за гэты перыяд прыняты паўторныя рашэнні аб прызнанні маючых патрэбу ў дзяржаўнай абароне (у 2019 – 5 дзяцей, у 2020 – 10 дзяцей).

Фактаў экстраннага адабрання не зафіксавана. Наладжана цеснае супрацоўніцтва ўсіх суб’ектаў прафілактыкі па выяўленні неспрыяльнай для дзяцей абстаноўкі і арганізавана работа па вывучэнні іх становішча ў сям’і. Трэба адзначыць, што паведамленні аб неблагапрыемнай сітуацыі ў сям’і, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, паступаюць не толькі ад упраўлення адукацыі і іншых суб’ектаў прафілактыкі, але і ад грамадзян.

Абгрунтавана выклікае трывогу праблема п’янства бацькоў, сямейных скандалаў, большасць з якіх адбываецца ў вячэрні час. У 98 % выпадкаў пацярпелымі ў выніку сямейных канфліктаў з’яўляюцца жанчыны.

За гады дзеяння Дэкрэта № 18 зроб­лена ўжо многае, але яшчэ больш трэба зрабіць. Без сумнення, дзяржаўная абарона маленькіх грамадзян нашай краіны павінна быць дзейснай. Мы, дарослыя, проста абавязаны засцерагчы іх ад бяды.

Алена Ермакова, «НЖ»