Як прыняць спадчыну па правілах? Адказвае натарыус

Як прыняць спадчыну па правілах? Адказвае натарыус

08 июля 2019 1406

Вялікая колькасць пытанняў, якія паступаюць у натарыяльную кантору, датычацца спадчыны. Тлумачым правілы прыняцця спадчыны.

Калі ўступаць у спадчыну?

Працэдура ўступлення ў спадчыну пачынаецца з адкрыцця спадчыны, а менавіта з моманту смерці грама­дзяніна ці аб’яўлення яго памерлым.

У выпадку аб’яўлення памерлым грамадзяніна, прапаўшага без вестак пры абставінах, якія пагражалі смерцю або давалі падставу меркаваць пра яго гібель ад пэўнага ня­шчаснага выпадку, суд можа прызнаць днём смерці дзень мяркуемай гібелі. На працягу шасці месяцаў, якія следуюць за гэтым, наследнікі маюць права прыняць спадчыну.

Толькі са згоды наследніка

Прыняцце спадчыны – валявы акт, які выказвае згоду наследніка на набыццё спадчыны. Іншымі словамі, без згоды і насуперак волі наследніка ён не можа лічыцца прыняўшым спадчыну. У выпадку, калі наследнік з’яўляецца недзеяздольным, то ад яго імя волю на прыняцце спадчыны выказвае законны прадстаўнік – апякун. За непаўналетніх ва ўзросце да 14 гадоў дзеянні па прыняцці спадчыны ўчыняюць законныя прадстаўнікі – бацькі, усынавіцелі, апекуны. Непаўналетнія ад 14 да 18 гадоў могуць прыняць спадчыну са згоды сваіх законных прадстаўнікоў – бацькоў, усынавіцеляў, апекуноў. Прыняць спадчыну можна двума спосабамі: пры ўчыненні фактычных дзеянняў альбо звярнуўшыся да натарыуса.

І маёмасць, і даўгі…

Прыняцце спадчыны ажыццяўляецца праз падачу натарыусу па месцы адкрыцця спадчыны заявы наследніка аб прыняцці спадчыны або заявы аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну.

 Каб прыняць спадчыну фактычнымі дзеяннямі, наследнікам неабходна прыняць меры да захавання маёмасці спадчынадаўцы, абароны яе ад памкненняў трэціх асоб; правесці за свой кошт расходы на ўтрыманне маёмасці, аплаціць даўгі спадчынадаўцы ці атрымаць ад трэціх асоб належныя яму сумы. Напрыклад: уносіць квартплату, ажыццяўляць плацяжы па крэдытах спадчынадаўцы, атрымліваць грошы з яго даўжнікоў.

Але для афармлення маёмасці на сваё імя наследніку, нават калі ён учыняе фактычныя дзеянні і юрыдычна лічыцца прыняўшым спадчыну, неабходна атрымаць у натарыуса пасведчанне аб праве на спадчыну, бо толькі гэты дакумент пацвярджае правы наследніка.

Куды звяртацца?

Звятацца з заявай аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну неабходна па месцы адкрыцця спадчыны – па апошнім месцы жыхарства спадчынадаўцы, якое вызначаецца па рэгістрацыі спадчынадаўцы па месцы жыхарства, пры яе адсутнасці – па месцы знаходжання на момант адкрыцця спадчыны, а калі яно не вядомае – па месцы знаходжання нерухомай маёмасці ці асноўнай яе часткі; пры адсутнасці нерухомай маёмасці – па месцы знаходжання асноўнай часткі рухомай маёмасці.

Пасля паступлення звароту хаця б ад аднаго з наследнікаў натарыус адкрывае спадчынную справу, у якой будуць захоўвацца ўсе дакументы, паступіўшыя ад любых зацікаўленых асоб.

Варта ведаць

Па агульным правіле, калі наследнік прымае хаця б частку спадчыны, гэта значыць, што ён прымае і ўсю спадчыну, якая яму належыць, у чым бы яна ні заключалася і дзе б ні знаходзілася. Не дапускаецца прыняцце спадчыны з умовай ці ага­воркамі. Прыняцце спадчыны адным або некалькімі наследнікамі не азначае прыняцця спадчыны астатнімі наследнікамі.

Прынятая спадчына прызнаецца прыналежнай наследніку з часу адкрыцця спадчыны незалежна ад моманту дзяржаўнай рэгістрацыі права наследніка на гэту маёмасць, калі права належыць рэгістрацыі.

Спадчына можа быць прынятай толькі цалкам, адказ ад часткі спадчыны не дапускаецца.

Устаноўлены адзіныя правілы прыняцця спадчыны як па законе, так і па завяшчанні.

Мы акрэслілі толькі агульныя моманты. На самой справе ў працэсе ўступлення ў спадчыну нямала падводных камянёў. Таму для вырашэння любых пытанняў, звязаных са спадчынай, неабходна звяртацца да натарыуса.

Н. МАКАРЭВІЧ,

натарыус Навагрудскай натарыяльнай канторы