Разам працуем на карысць раёна. Навагодняе інтэрв’ю са старшынёй Навагрудскага райвыканкама Сяргеем Федчанкам

Разам працуем на карысць раёна. Навагодняе інтэрв’ю са старшынёй Навагрудскага райвыканкама Сяргеем Федчанкам

Разам працуем на карысць раёна. Навагодняе інтэрв’ю са старшынёй Навагрудскага райвыканкама Сяргеем Федчанкам

31 декабря 2019 1650

Адыходзіць у гісторыю 2019 год. Якім ён быў, што добрага прынёс жыхарам нашага раёна і чаго чакаць ад новага года? Самы час азірнуцца назад, успомніць найбольш яркія падзеі, ацаніць зробленае і намеціць планы на будучыню. Пра гэта наша традыцыйнае навагодняе інтэрв’ю са старшынёй Навагрудскага райвыканкама Сяргеем Федчанкам.


– Сяргей Аляксандравіч, адыходзячы год для Вас быў першым годам работы ў Навагрудскім раёне. Чым ён вам запомніўся?

– Гэты год для мяне быў вельмі насычаным і цікавым. Сапраўды, я змяніў сферу дзейнасці: ішло знаёмства з калектывамі, прадпрыемствамі, вывучэнне ўсіх сфер жыццядзейнасці раёна. Работы было шмат, таму і год праляцеў як адзін дзень.

– Чым адзначаны 2019 год для рэальнага сектара эканомікі нашага раёна?

– Адыходзячы год для эканомікі раёна склаўся даволі паспяхова. Добрых вынікаў у сваім развіцці дасягнулі прадпрыемствы прамысловасці. Аб’ём вытворчасці ў сумарным выражэнні павялічыўся на 11,5%, па індэксе фізічнага аб’ёму – на 5%, і гэта 3-і вынік па вобласці. Уся прадукцыя, выпушчаная прадпрыемствамі, рэалізоўвалася, большасць – на экспарт. Мы пастаўляем прадукцыю ў больш чым 20 краін свету. 50% экспарту раёна забяспечвае філіял «Навагрудскія дары» ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», 22% ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры», 15% СП «Леор­Пластык». У бягучым го­дзе прамысловыя прадпрыемствы раёна неаднаразова ўдастойваліся ўзнагарод як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўняў. Навагрудскі завод газавай апаратуры па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця ў гэтым годзе ўвайшоў у трыццатку лепшых прадпрыемстваў краіны. Стабільна працуе філіял «Навагрудскія дары», які заканчвае год з прыбыткам. 75-годдзе адзначылі сёлета ААТ «Навагрудскі завод металавырабаў», «БелКрэда». Ішла мадэрнізацыя прадпрыемстваў, так Навагрудскі хлебазавод увёў у эксплуатацыю кандытарскі цэх. Важкі ўклад у эканоміку раёна ўнесла будаўнічая галіна. Навагрудскім БМУ ў гэтым годзе пабудаваны два дамы на 89 кватэр, вялася рэканструкцыя сямі малочнатаварных ферм. Працягваецца будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплекса – ужо асвоена каля 7,5 млн рублёў інвестыцый.


– Як склаўся гэты год для сельскай гаспадаркі?

– Сельская гаспадарка дэманструе добрыя вынікі. Валавая вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ў параўнанні з мінулым годам павялічылася на 9%. Атрымана 72 тыс. тон зерня пры ўраджайнасці 36,9 ц/га, 7200 тон зерня кукурузы, ураджайнасць якой склала больш за 160 ц/га. Сабраны добры ўраджай цукровых буракоў – 120 тыс. тон пры ўраджайнасці 650 ц/га. Добра падрыхтаваліся аграрыі да зімова-стойлавага перыяду жывёл. На адну ўмоўную галаву нарыхтавана каля 32 цэнтнераў кармавых адзінак – і гэта другі вынік у вобласці. Добрыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі. Павялічваюцца надоі малака, па выніках года надой на карову складзе каля 5250 кг малака, што амаль на 400 кг больш, чым летась.


– Як Вам бачыцца дзейнасць сацыяльнай сферы?

– Стабільна працуе сацыяльная сфера: праводзілася абнаўленне і мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў. У сферы адукацыі 13 дыпломаў абласнога і 1 рэспубліканскага ўзроўню заваявана навучэнцамі раёна ў алімпіядах па вучэбных прадметах. Па выніках выпускной кампаніі 40 выпускнікоў 11-х класаў узнагароджаны залатымі медалямі, 71,4% выпускнікоў сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база раённай бальніцы: набываецца новае медыцынскае абсталяванне, праведзены рамонтныя работы першага паверха паліклінікі, рэанімацыйнага аддзялення. Штогод калектывы ўстаноў аховы здароўя папаўняюцца маладымі спецыялістамі.


Шмат мерапрыемстваў адбылося ў культурнай сферы. Самым значным стала святкаванне 975-годдзя горада, якое прадэманстравала навагрудчанам і гасцям, што ў нас удала спалучаюцца гісторыя і традыцыі, культура і самабытнасць. Важная падзея адбылася ў лютым, калі ў Навагрудскай раённай бібліятэцы прайшла прэзентацыя і ўрачыстая перадача ў дар ад Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь факсімільнага выдання Лаўрышаўскага Евангелля. У чэрвені на Навагрудчыне прайшоў XV Рэспубліканскі экалагічны форум, які таксама стаў знакавай падзеяй.


– Кожны год прыносіць у жыццё і асобнага чалавека, і ўсяго раёна, і ўсёй краіны нешта новае. Для Беларусі 2020 – год 75-годдзя Вялікай Перамогі і год прэзідэнцкіх выбараў. Раскажыце, калі ласка, якія важныя і цікавыя падзеі чакаюць жыхароў Навагрудчыны ў 2020 годзе.

– Навагрудчына, як і заўжды, далучыцца да самых знакавых падзей краіны. У межах святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі ў раёне пройдзе шэраг мерапрыемстваў. Упэўнены, што гэтак жа арганізавана і актыўна, як парламенцкія, пройдуць у раёне і выбары Прэзідэнта краіны. Да таго ж з Навагрудчынай звязаны лёсы многіх вядомых людзей. Так, у 2020 годзе пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя памяці У. Высоцкага. Не менш важная падзея – 20-годдзе ўстанаўлення пабрацімства паміж Эльблонгам і Навагрудкам.

Яшчэ адна значная падзея будучага года – увод у эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу. І гэта толькі невялікая частка ўсіх тых мерапрыемстваў, якія пройдуць у наступным годзе ў нашым раёне. А іх будзе больш за двесце.


– Новы год – свята, якое любяць людзі ўсіх узростаў. Якія навагоднія традыцыі ёсць у Вашай сям’і? Як будзеце сустракаць свята?

– Як у многіх, у нашай сям’і Новы год – гэта сямейнае свята, калі мы ўсе збіраемся разам – дзеці, унукі. Яшчэ да Новага года ўнукі пішуць пісьмо Дзеду Марозу, і абавязкова ўсе іх пажаданні збываюцца, толькі іх пералік з кожным годам узрастае. Спадзяюся, што і гэты Новы год мы адзначым усёй сям’ёй.

– Сяргей Аляксандравіч, што б Вы пажадалі чытачам нашай газеты і жыхарам Навагрудскага раёна?

– Дарагія навагрудчане, мы з вамі прайшлі 2019 год разам. Магчыма, ён быў няпросты, але ж прадуктыўны – мы з дастойнымі вынікамі сустракаем надыходзячы год. Я ўсім удзячны за падтрымку, якую вы мне аказалі. Ад усёй душы жадаю вам моцнага здароўя, міру і дабрабыту ў сем’ях. Няхай усё добрае прымножыцца, спраўдзяцца мары і надзеі, поспехаў вам ва ўсіх справах і пачынаннях, плённай працы на карысць нашага роднага Навагрудскага раёна. З надыходзячым Новым 2020 годам!

Падрыхтавала Алена Ганцэвіч, «НЖ»