Правядзенне ў раёне вясенне-палявых работ абмеркавалі на чарговым пасяджэнні Навагрудскага райвыканкама

Правядзенне ў раёне вясенне-палявых работ абмеркавалі на чарговым пасяджэнні Навагрудскага райвыканкама

Правядзенне ў раёне вясенне-палявых работ абмеркавалі на чарговым пасяджэнні Навагрудскага райвыканкама

25 марта 2020 1667

Для аграрыяў пачынаецца гарачая пара: з 25 сакавіка па 15 красавіка неабходна правесці сяўбу яравых зерневых культур. У першай дэкадзе красавіка пачнецца сяўба цукровых буракоў і кукурузы.

Сяргей Федчанка, старшыня Навагрудскага райвыканкама:

Вясновая кампанія павінна прайсці ў аптымальныя тэрміны. Ад якасці сяўбы ў многім залежыць дабрабыт сельгасарганізацый у цэлым. Пасевы азімых у нармальным стане, відавочных хвароб не назіраецца, занепакоенасць выклікае толькі стан тых азімых, якія пасеяны ў больш позні тэрмін – яны не развіваюцца.

Першачарговая задача – ажыццявіць падкормку гэтых участкаў у першую чаргу. Гэты таксама дасць упэўненасць, што запланаваныя аб’ёмы па валавым зборы зерневых у 2020 годзе будуць выкананы.

Неабходна не толькі актыўна ўваходзіць у пасяўную кампанію, але і зрабіць усё неабходнае, каб якасна падрыхтавацца да нарыхтоўкі кармоў.

Што ў планах

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Пярко расказаў пра намечаныя планы і механізмы іх дасягнення. Ён адзначыў, што сельгас­арганізацыі ў цэлым гатовы да правядзення сяўбы.

Пад ураджай 2020 года ўвесь зерневы клін складзе 19492 га, у тым ліку азімыя зерневыя 11167 га, што на 430 га больш, чым у мінулым годзе, а плошчы пасеву яравых зерневых і зернебабовых культур, уключаючы кукурузу на зерне, зменшаны на 234 га і складуць 8325 га.


У бягучым годзе плануецца атрымаць валавы збор зерневых і зернебабовых культур разам з кукурузай на зерне ў вазе пасля дапрацоўкі – 85,3 тыс. т (+ 11,5 тыс. т да ўзроўню 2019 года), сярэднюю ўраджай­насць таксама плануецца павысіць на 5,3 ц/га і атрымаць 43,7 ц/га.

Плануецца атрымаць 6487 т масла сямян рапсу (+ 240,2 т да ўзроўню мінулага года) пры сярэдняй ураджайнасці 27,0 (+0,4) ц/га на плошчы 2400 га – пад рапс з восені ўнесены неабходныя мінеральныя ўгнаенні, што павінна дазволіць дасягнуць намечаных планаў.

У гэтым годзе на 380 га зменшыцца плошча пад цукровыя буракі. Будзе пасеяна 1455 га, валавы збор гэтай культуры павінен скласці 107,2 тыс. т (ураджайнасць з 1 га плануецца на ўзроўні 737 ц).

Намечаны планы і па пасадцы бульбы: плошча пасадкі – 120 га, валавы сбор складзе 4,9 тыс. т пры ўраджайнасці 408,3 ц/га.

Пасяўныя плошчы лёну складуць 1264 га (250 га – доля гаспадарак раёна, 1014 га – Дварэцкага льнозавода Дзятлаўскага раёна). Плануецца атрымаць 1487 т ільновалакна (+ 118,1 т да ўзроўню мінулага года) пры сярэдняй ураджайнасці 11,8 ц/га, што толькі на 0,8 ц больш, чым у мінулым годзе.

Сяргей Пярко паведаміў таксама аб правядзенні іншых сельгасработ, якія будуць праходзіць паралельна з веснавой сяўбой і з’яўляюцца не менш важнымі – гэта перш за ўсё падкормка азімых культур і работа ў галіне абароны раслін. Неабходна ўлічыць памылкі мінулага года і граматна ў аптымальныя тэрміны правесці хімпраполку, фунгіцыдную абарону раслін і інш.

Актыўна вядзецца назапашванне мінеральных угнаенняў: на 12 сакавіка гаспадаркі раёна ўжо падрыхтавалі 63% ад патрэбы.


Гатоўнасць тэхнікі і арганізацыя працы

Для правядзення ўсяго комплексу вясенне-палявых работ у гаспадарках раёна маецца 356 трактароў, з іх 41 – энерганасычаныя, 60 плугоў, 52 з іх абаротныя, дыскавыя бароны і дыскатары – 22 адзінкі. Зерневыя сеялкі падрыхтаваны на 100 %, сеялкі для цукровых буракоў і кукурузы на 95 %.

На 20 сакавіка 97 % энерганасычаных трактароў гатовы выйсці ў поле, падрыхтавана абаротных плугоў і дыскавых барон – 90 %. У дапамогу вяскоўцам з прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый будуць прыцягнуты 3 пагрузчыкі, 13 трактароў і 2 грузавыя аўтамабілі.

Пэўная ўвага надаецца і арганізацыі працы на пасяўной, эканоміі паліва і іншых рэсурсаў.

На перыяд правядзення палявых работ будзе арганізавана гарачае харчаванне для ўсіх работнікаў, якія задзейнічаны ў рабоце.

– У бягучым годзе прыгатаванне ежы будзе ажыццяўляцца на базе 4-х сельскагаспадарчых сталовых і для 4-х гаспадарак на базе іншых аб’ектаў грамадскага харчавання (харчаблок аддзялення «Свіцязь» санаторыя «Магістральны», Навагрудскага філіяла аблспажыўтаварыства).

На кантролі застаюцца пытанні абсталявання пакояў прыёму ежы неабходным абсталяваннем, а таксама стварэнне ўмоў для захавання правілаў асабістай гігіены, – падкрэсліў галоўны санітарны ўрач раёна Пётр Грамыка.

На пасяджэнні заслуханы некаторыя кіраўнікі сельгасарганізацый, у якіх ёсць пэўныя пытанні па падрыхтоўцы да веснавых палявых работ.

Па абмеркаваных пытаннях прынята адпаведнае рашэнне.

Алена Ермакова, «НЖ»

Фота з архіва рэдакцыі