Працоўная пенсія для самазанятых. Тлумачыць спецыяліст

Працоўная пенсія для самазанятых. Тлумачыць спецыяліст

07 июля 2019 1399

У рэдакцыю газеты “Новае жыццё” па тэлефоне паступіла пытанне: “З’яўляюся рамеснікам. Ці магу я ў такім выпадку разлічваць на працоўную пенсію?”

– Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2018 №500 «Аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні» фізічным асобам, якія ажыццяўляюць дзейнасць, якая не адносіцца да прадпрымальніцкай (далей – самазанятыя асобы), дадзена права ўдзельнічаць у дзяржаўным сацыяльным страхаванні, – тлумачыць начальнік Навагрудскага раённага аддзела Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Марына Каляда.

– Грамадзяне, якія з’яўляюцца рамеснікамі, аказваюць цырульніцкія і касметычныя паслугі, паслугі па рамонце абутку, гадзіннікаў, пашыве адзення, фатаграфіі, рэпетытарстве, і адносяцца да самазанятых асоб. Поўны пералік відаў дзейнасці абумоўлены арт.1 Грамадзянскага кодэкса і арт. 337 Падаткавага кодэкса.

Самазанятым грамадзянам з 1 студзеня 2019 года прадастаўлена права для фарміравання сваёй будучай пенсіі. Для гэтага яны павінны выплачваць абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт фонду. Памер абавязковых страхавых узносаў складае 29% ад вызначанага імі даходу, але не менш памеру мінімальнай заработнай платы з улікам індэксацыі (мінімальная сума ўзносаў за май 2019 года складае 95,70 руб.). Выплачваючы абавязковыя страхавыя ўзносы, яны фарміруюць свой страхавы стаж на пенсію.

Існуе два віды стажу – страхавы і агульны. Страхавы стаж фарміруюць перыяды з выплатай абавязковых страхавых узносаў: гэта асноўнае месца працы, прадпрымальніцкая, творчая дзейнасць, за якія заплачаны ўзносы ў бюджэт фонду альбо наймальнікам, альбо самастойна. Агульны стаж фарміруецца як з выплатай узносаў, так і без выплаты: у яго могуць уваходзіць перыяды навучання ў вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай установе, ваенная служба і інш. Страхавы стаж вызначае права на працоўную пенсію, а агульны стаж уплывае на яе памер. У 2019 годзе для таго, каб набыць права на працоўную пенсію, неабходна мець 17 гадоў страхавога стажу, г. зн., з выплатай абавязковых страхавых узносаў. Працягласць стажу расце і кожны год павялічваецца на 6 месяцаў да дасягнення 20 гадоў.

Каб пачаць фарміраваць свой страхавы стаж, самазанятаму грамадзяніну неабходна стаць на ўлік у органы фонду. Для гэтага патрэбна звярнуцца ў раённы аддзел фонду па месцы жыхарства, прадаставіць пасведчанне асобы і дакумент, які пацвярджае ажыццяўленне дзейнасці: квітанцыя аб аплаце адзінага падатку ці рамеснага збору, запоўніць бланк заявы аб пастаноўцы на ўлік. З гэтага моманту самазаняты грамадзянін з'яўляецца плацельшчыкам абавязковых страхавых узносаў.

Наступны этап – выплата абавязковых страхавых узносаў. Яны выплачваюцца не пазней за 1 сакавiка года, наступнага за справаздачным. За 2019 год абавязковыя страхавыя ўзносы павінны быць выплачаны не пазней за 1 сакавіка 2020 года, аднак узносы можна выплачваць штотыдзень, штомесяц, штоквартальна, як зручна самому грамадзяніну. Выплата ўзносаў ажыццяўляецца праз банкаўскія ўстановы, праз касы і тэрміналы, праз АРІП, SMS-банкінг, інтэрнэт-банкінг – усімі даступнымі спосабамі праз банкаўскія паслугі. Абавязковыя страхавыя ўзносы выплачваюцца менавіта за перыяд ажыццяўлення дзейнасці. Самазаняты грамадзянін, да прыкладу, у 2019 годзе працаваў паўгода альбо кожны месяц, але няпоўны, тады выплата ўзносаў праводзіцца прапарцыянальна адпрацаванаму часу.

Пасля выплаты ўзносаў неабходна адзін раз у год не пазней за 31 сакавіка года, наступнага за справаздачным годам, задэклараваць свае перыяды ажыццяўлення і (або) неажыццяўлення дзейнасцi. Перыяды дэкларуюцца шляхам прадастаўлення дакументаў персаніфікаванага ўліку. Самазаняты грамадзянін звяртаецца ў раённы аддзел фонду і запаўняе адпаведныя формы з дапамогай праграмнага комплексу, які можна ўзяць пры рэгістрацыі або на сайце фонду, дзе ёсць відэаінструкцыя па запаўненні.

Гэта ўсё этапы, якія павінен рабіць самазаняты грамадзянін для таго, каб удзельнічаць у сваёй пенсіённай будучыні.