Навагрудчанам прапанавалі працоўныя месцы на «Кірмашы вакансій»

Навагрудчанам прапанавалі працоўныя месцы на «Кірмашы вакансій»

Навагрудчанам прапанавалі працоўныя месцы на «Кірмашы вакансій»

25 июля 2019 2101

Пытанне працаўладкавання ў апошні час з’яўляецца адным з актуальных. Знайсці новае месца работы меў магчымасць кожны жадаючы 24 ліпеня. Ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці прайшло мерапрыемства «Кірмаш вакансій». На Навагрудчыне ў гэты дзень працоўныя месцы прапаноўвалі больш за дваццаць пяць прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Для ўдзелу ў «Кірмашы вакансій» былі запрошаны як беспрацоўныя грамадзяне, якія стаяць на ўліку ў службе занятасці, так і жыхары горада і раёна, уключаючы грамадзян, якія маюць пэўныя абмежаванні па стане здароўя, выпускнікі навучальных устаноў.



За дапамогай у працаўладкаванні звярнулася каля 50 чалавек, якім было прапанавана больш чым 350 вакансій. Шырока былі прадстаўлены такія сферы дзейнасці, як сельская гаспадарка, ахова здароўя, прамысловасць, будаўніцтва, культура, адукацыя, транспарт, гандаль.



Удзел у мерапрыемстве прыняў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Мішарын, а таксама прадстаўнікі грамадскіх і дзяржаўных арганізацый, Навагрудскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў, Інспекцыя па падатках і зборах Навагрудскага раёна, раённая арганізацыя Таварыства інвалідаў, ДУ «ТЦСАН Навагрудскага раёна».




– У цэнтры занятасці мы падбіраем месца работы кожнаму, хто звярнуўся да нас, згодна з яго магчымасцямі. У тым выпадку, калі чалавек не мае ніякай спецыяльнасці, мы накіроўваем на вучобу па шэрагу спецыяльнасцей. Навучанне праходзіць поўнасцю за кошт сродкаў службы занятасці, – расказаў начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Валерый ГУШЧА. – Сёлета плануецца на базе Навагрудскага дзяржаўнага прафесійнага сельскагаспадарчага ліцэя адкрыць курсы камяншчыкаў, трактарыстаў катэгорый «А» і «Б», а калі будзе запатрабаванасць, то і курсы павароў. На дадзены момант на хлебазавод патрабуюцца кандытары. Кіраўніцтва прадпрыемства гатова прыняць на работу жадаючых, а ў выпадку неабходнасці мы гатовы накіраваць на курсы ў Гродна з наступным працаўладкаваннем. Разам з тым мы можам прапанаваць навучанне па спецыяльнасцях ліфцёр, слесар-электрык, тынкоўшчык, аператар кацельні, цырульнік, маляр і інш. Галоўнае, каб у беспрацоўнага было жаданне вучыцца і працаўладкавацца. Набыццё новай прафесіі павялічвае шансы атрымаць месца работы. Жадаючым прайсці перанавучанне прадастаўляецца жыллё і выплачваецца стыпендыя, аплачваецца праезд. На сённяшні дзень мы таксама дапамагаем выпускнікам навучальных устаноў, якія маюць даведкі аб самастойным працаўладкаванні.




Разам з тым навагрудчанам, які маюць інваліднасць, было растлумачана, што ім прадастаўляецца працоўнае месца згодна з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі.

Тым, хто прыйшоў на сустрэчу, былі прапанаваны вакансіі, якія патрабуюць рознага ўзроўню адукацыі і кваліфікацыі, растлумачаны ўмовы і памеры заработнай платы, магчымасці перасялення з членамі сям’і ў сельскую мясцовасць і працаўладкавання там. Была звернута ўвага на тое, што непрацуючыя могуць атрымаць фінансавую субсідыю на адкрыццё ўласнай справы. З мэтай уцягвання беспрацоўных у арганізацыю самазанятасці таксама былі асветлены нормы рэалізацыі Дэкрэта №3.




Адным словам, усе жадаючыя атрымалі кваліфікаваную кансультацыю па пытання працаўладкавання.


Вольга ГАЙДУК:

– У мяне ёсць інваліднасць, і я хачу ўладкавацца на працу. Сёння на сустрэчы спецыяліст УП «Фільтр» АА «БелТІЗ» растлумачыла, якія мне неабходны дакументы, каб, згодна з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі,  атрымаць працоўнае месца. Вельмі добра, што праводзяцца такія мерапрыемствы, дзе кожны жадаючы мае магчымасць даведацца аб вакансіях, а таксама задаць пытанні спецыялістам, наймальнікам, юрыстам.

Вольга Зачосава, «НЖ»