Міжнародную эстафету «Перамога-75» сустрэлі ў Ашмянах

Міжнародную эстафету «Перамога-75» сустрэлі ў Ашмянах

12 февраля 2020 1262

Пятага лютага стартавала міжнародная эстафета «Перамога-75». Яе ўрачыстае адкрыццё адбылося адначасова ў Брэсце і Мурманску. Рашэнне правесці маштабнае патрыятычнае мерапрыемства, прысвечанае 75-годдзю Вялікай Перамогі, належыць Савету камандуючых пагранічнымі войскамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, піша "Ашмянскі веснік". 


Двума маршрутамі працягласцю ў некалькі тысяч кіламетраў, эстафета пройдзе ўздоўж знешніх граніц Беларусі, Расіі, Арменіі, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Туркменістана і Азербайджана. Праз тысячы кіламетраў вайскоўцы пранясуць знак пагранвойск — мініяцюрны пагранічны слуп.

Сімвалічна, што Брэст стаў адпраўным пунктам акцыі памяці, бо менавіта байцы крэпасці першымі прынялі на сябе ўдар ворага ў першыя дні вайны. Памятны маршрут праходзіць па месцах кровапралітных баёў ваеннаслужачых пагранічнай службы ўздоўж Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь і па раённых цэнтрах прыгранічча. Прыпынкі на шляху памятнай эстафеты яе ўдзельнікі  робяць  на пагранічных заставах, у месцах баявой славы, каля абеліскаў і помнікаў воінам, загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне.

За плячыма ўдзельнікаў пераможнай эстафеты больш за дзве тысячы кіламетраў. 11 лютага прадстаўнікі эстафетнай групы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь даставілі ў Ашмяны сімвал і вымпел міжнароднай эстафеты “Перамога – 75”. Першымі на Ашмяншчыне эстафету сустрэлі ваеннаслужачыя пагранічнай заставы “Каменны Лог”.

2.jpg

Каля брацкай магілы воінаў-вызваліцеляў у гарадскім парку прайшоў урачысты мітынг, каб аддаць даніну памяці першым пагранічнікам, якія заступілі ў бессмяротны дазор ў чэрвені 1941 года, героям – пагранічнікам, імёнамі якіх названы заставы, тым, хто сваім юнацтвам, здароўем і нават жыццём заплаціў за мірнае будучае нашай зямлі. У акцыі памяці прыняў удзел старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын, ваеннаслужачыя Смаргонскай пагранічнай групы, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, воіны-афганцы, школьнікі і моладзь. У мітынгу ўдзельнічаў малалетні вязень фашысцкага канцлагера Васілій Жаўняк.

— Міжнародная эстафета ўздоўж знешніх граніц СНД у гонар 75-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне з’яўляецца адной з першых і маштабных грамадска-палітычных акцый, прысвечаных знамянальнаму юбілею ў жыцці народаў не толькі краін Садружнасці, але і ўсяго свету, — адзначыў  старшы эстафетнай групы палкоўнік Кірыл Кіндзель. – Гісторыя эстафет уздоўж граніц пачынаецца ў далёкім мінулым: упершыню ў суверэннай Беларусі такая акцыя адбылася ў 1998 годзе ў гонар  80-годдзя пагранічных войск. Мы, удзельнікі сённяшняй эстафеты, хочам нагадаць тым, хто сустракаецца на нашым шляху, што Вялікая Перамога – гэта наша агульнае багацце, яна аб’ядноўвае народы краін СНД, нагадваючы, што ўсе мы браты. Сёння абавязак кожнага сумленнага чалавека зрабіць свой унёсак ў тое, каб агонь вайны больш ніколі не абпаліў нашу зямлю.

З прывітальным словам да пагранічнікаў і гасцей урачыстага мітынга звярнуліся старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын, старшыня раённага Савета ветэранаў Уладзімір Бельчанка і протаіерэй храма Уваскрасення Хрыстова Пётр Пятлёха. Уладзімір Бельчанка перадаў прысутным віншаванні і словы ўдзячнасці ад удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Таццяны Сцяпанаўны Мягковай. Яна перадала воінам-пагранічнікам альбом з фотаздымкамі і яе пажаданнямі, які дапамаглі зрабіць вучні гімназіі №1.

3.jpg

Пранікнёныя і важныя словы ўдзячнасці і павагі прагучалі ў адрас герояў Вялікай Айчыннай вайны. У памяць аб тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля нашай свободы, была аб’яўлена хвіліна маўчання і прагучалі воінскія залпы, пасля чаго да помніка загінуўшым землякам ляглі вянкі і кветкі ад удзячных нашчадкаў.

4.jpg

Затым ашмянцаў запрасілі ў раённы цэнтр культуры, дзе разгарнулася выстава ўзораў ўзбраення і экіпіроўкі пагранічнай службы. Пад кіраўніцтвам вопытных ваеннаслужачых пагранічнай групы можна было паспрабаваць свае сілы ў разборцы і зборцы аўтамата, пастраляць у электронным ціры, даведацца аб баявой зброі і яе прызначэнні, прымерыць на сябе ваенную анімуцыю. На стэндах была размешчана інфармацыя аб навучальных установах і ўмовах службы па кантракце ў органах пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, а таксама стэнды са здымкамі праходжання міжнароднай эстафеты, куды неўзабаве дададуць фатаграфіі і з Ашмяншчыны. Таксама ўдзельнікі мітынга змаглі пазнаёміцца з сабакамі, якія нясуць службу на граніцы і ўбачыць выступленні спецыялістаў-кінолагаў.

5.jpg6.jpg

Завяршылася акцыя памяці выступленнем ваеннага аркестра і салістаў раённага цэнтра культуры. Далей эстафетная група накіравалася ў Смаргонь, каб ускласці кветкі і вянкі да помніка абаронцаў граніц.

Перадача эстафеты прадстаўнікам пагранічнай службы ФСБ Расіі адбудзецца 18 лютага на стыку граніц Беларусі, Расіі і Латвіі. Завершыцца акцыя 28 мая — у Дзень пагранічніка — на Паклоннай гары ў Маскве з ўдзелам кіраўнікоў краін-удзельніц.

osh.by