Дэкрэт у дзеянні. Не стаць заложнікам сітуацыі

Дэкрэт у дзеянні. Не стаць заложнікам сітуацыі

03 Апреля 2019 276
Камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва працягвае работу ў штатным рэжыме – на мінулым тыдні адбылося яе чарговае пасяджэнне. У кабінет зайшла маладая жанчына і вельмі ціха, з хваляваннем папрасіла: «Дапамажыце мне, калі ласка, бо я ўжо не ведаю, што мне рабіць», і расплакалася. Як высветлілася, сама жанчына знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, у сям’і выхоўваецца двое непаўналетніх дзяцей, а прыйшла яна ў камісію, таму што аплата за карыстанне гарачай вадой за студзень-люты бягучага года склала больш чым 90 рублёў (100%) за кожны месяц і гэта звязана з Дэкрэтам №3. Члены камісіі нават адразу не зразумелі ў чым справа. Аказалася, што гаспадаром кватэры з’яўляецца яе бацька, які злоўжывае алкаголем, працаваць не хоча, час ад часу перабіваецца часовымі заробкамі. У адпаведнасці з Дэкрэтам №3, калі ўласнікам кватэры з’яўляецца чалавек, які трапіў у базу не занятых у эканоміцы, не важна хто пражывае ў кватэры – налічэнне за карыстанне гарачай вадой з 1 студзеня 2019 года ажыццяўляецца па поўным тарыфе. У дадзеным выпадку жанчына і яе дзеці сталі заложнікамі сітуацыі, – канстатуе сакратар камісіі Кацярына Казец. Яна прапанавала разгле­дзець магчымасць прызнання цяжкай жыццёвай сітуацыі і хоць часова вызваліць жанчыну ад аплаты за камунальныя паслугі па поўным тарыфе. На самай справе – што рабіць маладой жанчыне, у якой двое малых дзяцей, яна пражывае ў кватэры свайго бацькі, які зарэгістраваны ў базе не занятых у эканоміцы, не працуе, злоўжывае алкаголем, вырашаць праблемы зусім не жадае, матэрыльна не дапамагае, перадаваць кватэру ў спадчыну свай роднай дачцэ не хоча… – пералічваць праблемы можна бясконца. Перад камісіяй паўстала пытанне: ці можна аднесці гэтую сітуацыю да складанай жыццёвай і вызваліць жанчыну на пэўны час ад аплаты за камунальныя паслугі па поўным тарыфе. У дадзеным выпадку не важна, што гаспадар кватэры ў ёй не пражывае, ён прапісаны ў кватэры, яго родная дачка і двое ўнукаў таксама прапісаны ў кватэры, карыстаюцца паслугамі ЖКГ, пагэтаму так і атрымліваецца – плаціць трэба. У выніку камісія прыняла рашэнне, што дадзеная сітуацыя не з’яўляецца падставай для вызвалення гаспадара кватэры ад аплаты паслуг, а для выключэння з базы неабходна падаць у камісію дакументы, якія пацвярджаюць занятасць. Падчас пасяджэння камісіі аператыўна ў размове па тэлефоне з бацькам гэтай маладой жанчыны высветлілася, што ён належным чынам праінфармаваны аб тым, што знаходзіцца ў базе не занятых у эканоміцы. Мужчыне не­аднаразова аказвалася дапамога ў працаўладкаванні, але вынікаў па сённяшні час няма. У чарговы раз прагучала абяцанне, што ў бліжэйшы час абавязкова працаўладкуецца і прынясе ў камісію дакументы. У аддзеле занятасці зноў паспрабуюць аказаць пэўную дапамогу мужчыне і з працаўладкаваннем, і іншымі праблемамі. Калі ж мужчына не будзе праца­ваць і весці такі лад жыцця, то камісіі прый­дзецца прымаць рашэнне аб неабходнасці накіравання яго ў лячэбна-працоўны прафілакторый. У камісію звярнулася яшчэ 6 чалавек з дакументамі, якія пацвярджаюць іх занятасць за межамі Рэспублікі Беларусь – прынята рашэнне аб выключэнні іх з базы не занятых у эканоміцы на тэрмін дзеяння працоўных дагавораў, гэта стандартнае рашэнне. А яшчэ на пасяджэнні высветлілася, што ў сфарміраванай базе ёсць памылка – жыхарка раёна прадставіла дакументы, якія пацвярджаюць яе занятасць з 2015 года, яна працуе ў адным з сельгаспрадпрыемстваў, але трапіла ў базу. Па рашэнні камісіі жанчына выключана з базы не занятых у эканоміцы тэрмінам на 1 год. Што ж, такія сітуацыі таксама здараюцца – важна іх тэрмінова паправіць. Таксама былі выключаны і аднесены да занятых у эканоміцы яшчэ 188 грама­дзян на падставе звестак, прадстаўленых сельскімі выканаўчымі камітэтамі. Сюды аднеслі грамадзян, якія вырошчваюць прадукцыю раслінаводства для ўласных патрэб, бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей да 7 гадоў і бацькоў, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей да наступлення 18 гадоў. Па ўсіх пытаннях, якія датычаць дзейнасці Дэкрэта №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» можна звярнуцца за кансультацыяй па тэл. 8(01597) 2-06-82, 43250 у рабочыя дні з 8.00 да 17.00, перапынак з 13.00 да 14.00 або па электроннай пошце: 3dekret@utnov.grodno.by. Падрабязная інфармацыя аб дзейнасці Дэкрэта №3 знаходзіцца і на сайце Навагрудскага райвыканкама: novogrudok_rik@mail.grodno.by. Алена Ермакова, «НЖ» Фота носіць ілюстрацыйны характар (з інтэрнэту) Варта пачытаць: Зарегистрированная безработица в Беларуси составляет 0,4% Пётр Урублеўскі: "Аператыўнасць і якасць экспертызпавысіліся"