Дэкрэт у дзеянні. За што плаціць па поўнай

Дэкрэт у дзеянні. За што плаціць па поўнай

20 июля 2019 1821

Камісія па садзейнічанні занятасці насельніцтва Навагрудскага раёна працягвае сваю работу. Зараз вырашаюцца ў асноўным пытанні арганізацыйнага характару – база даных сфарміравана, скаргаў ці нараканняў з боку грамадзян, якія ў яе трапілі, няма. Але нельга забываць, што з 1 кастрычніка гэтую катэгорыю грамадзян зноў чакаюць сюрпрызы: аплата па поўным тарыфе за газ (пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў) і ацяпленне. 

 Урадам вызначаны паслугі, якія прадастаўляюцца працаздольным грамадзянам, не занятым у эканоміцы, па цане, якая забяспеч­вае поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на іх аказанне, а таксама ўмовы іх прадастаўлення. Гэтае рашэнне замацавана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 красавіка 2018 года №314. 

Згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 «Аб са­дзейнічанні занятасці» (у рэдакцыі Дэкрэта №1 ад 25 студзеня 2018 года) прадугледжана, што не занятыя ў эканоміцы грамадзяне з 1 студзеня 2019 года ўжо аплачваюць па стапрацэнтным тарыфе гарачую (падагрэў) ваду. З кастрычніка гэтага года яны павінны будуць уносіць поўную аплату за газ (пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў) і ацяпленне. Цяпер насельніцтва кампенсуе каля 80% затрат на электраэнергію і 20% – на цеплавую.

За каментарыямі мы звярнуліся да спецыялістаў, якія непасрэдна зай­маюцца пытаннямі рэалізацыі норм Дэкрэта №3 у сувязі з новаўвядзеннямі па аплаце жыллёва-­камунальных паслуг.  

Начальнік разлікова-даведачнага цэнтра Навагрудскага РУП ЖКГ Вольга Капціловіч паведаміла, што са студзеня бягучага года яны цесна супрацоўнічаюць з раённай камісіяй па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Людзі, якія плацяць за гарачае водазабеспячэнне, вызначаны – іх нямнога, усяго 53 чалавекі, і кошт за гэтую паслугу не такі высокі. Але з прыходам ацяпляльнага сезона «жыроўкі» значна пацяжэюць.

– Вольга Леанідаўна, напрыклад, у двухпакаёвай кватэры плошчай 52 кв.м. пражывае адзін чалавек, ён жа ўласнік жылля і знаходзіцца ў базе даных не занятых у эканоміцы. Колькі прыйдзецца плаціць за камунальныя паслугі?

– Калі працельшчык зарэгістраваны адзін, з’яўляецца ўласнікам ці наймальнікам жылля і зарэгістраваны ў базе даных, то, напрыклад, у кватэры памерам 52 кв.м. зараз налічэнне за ацяпленне за месяц складае 19,22 руб., а з 1 кастрычніка кошт будзе ў 4,8 раза большы і складзе 92,55 руб. Рост даволі значны – 381%.

Напрыклад, у кватэры такога ж памеру зарэгістравана 3 чалавекі і ўласнік ці наймальнік таксама не заняты ў эканоміцы, то сёння кошт за ацяпленне на месяц роўны 19,22 руб., а 1 кастрычніка ён ужо складзе 44,08 руб. ці павялічыцца ў 2,3 раза (рост 129%).

– Калі так здарыцца, што «ўтрыманец» не будзе аплачваць камунальныя паслугі па поўным кошце, што ў такім выпадку будзе прадпрынята з боку РУП ЖКГ?

– У гэтым выпадку, калі на працягу двух месяцаў грамадзяне не аплачваюць жыллёва-камунальныя паслугі, то мы маем права звярнуцца з выканаўчым надпісам да натарыуса і аформіць гэта ва ўстаноўленым парадку. У выпадку непаступлення грашовых сродкаў у далейшым, мы можам звярнуцца ў суд. Парадак усталяваны дзеючым заканадаўствам.

Начальнік Навагрудскага раёна газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення «Слонімгаз» Уладзімір Казлоў таксама спаслаўся на заканадаўчую базу. Так, згодна з дапаўненнямі ў Пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2014 года №571, якія ўступяць у сілу з 1 кастрычніка 2019 года, працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, павінны будуць плаціць па поўным тарыфе за карыстанне газам у жылых дамах і кватэрах з індывідуальнымі газавымі ацяпляльнымі прыборамі.

– Уладзімір Анатольевіч, як будзе ўносіцца плата за карыстанне газавымі прыборамі, якім будзе памер аплаты за газ?

– Плата за выкарыстаны газ уносіцца пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў зыходзячы з аб’ёму выкарыстанага грамадзянінам, не занятым у эканоміцы, які вызначаецца шляхам дзялення аб’ёму газу на колькасць грамадзян, зарэгістраваных па месцы жыхарства ў жылым памяшканні.

У адносінах да грамадзян, якія трапілі ў базу даных і з’яўляюцца ўласнікамі ці наймальнікамі жылля, будзе прымяняцца тарыф поўнай кампенсацыі затрат роўны 0,4319 руб. за 1 куб. м. У дачыненні да працуючых членаў сям’і, якія зарэгістраваны ў гэтым памяшканні, будзе выкарыстоўвацца субсідзіруемы дзяржавай кошт для насельніцтва. На дадзены момант у летні перыяд ён роўны суме 0,4114 руб. за куб. м, у ацяпляльны перыяд ён складзе 0,119 руб. за 1 куб. м.    

Рэалізацыя Дэкрэта №1 значна змяніла дзеянні дзяржавы на рынку працы. Галоўная мэта органаў мясцовай улады дапамагчы чалавеку знайсці работу па магчымасці адпаведнай кваліфікацыі і з жадаемым узроўнем аплаты працы.

Гэтаму садзейнічае і работа раённай камісіяй па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Створаная база даных і тых, хто не заняты ў эканоміцы, дапамагае кантраля­ваць сітуацыю на рынку працы і прымаць канкрэтныя рашэнні ў дачыненні да кожнага непрацуючага жыхара ў раёне, бо ў базе ўказаны прычыны, чаму ён аказаўся не занятым у эканоміцы.

Даведка «НЖ»

На 1 ліпеня 2019 года ў аддзел дзяржаўнай службы занятасці наймальнікі прадставілі 354 вакансіі, у тым ліку 224 па рабочых спецыяльнасцях.

Таму звяртайцеся па пытаннях працаўладкавання ў аддзел дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Навагрудскага райвыканкама або ў раённую камісію па садзейнічанні занятасці насельніцтва Навагрудскага раёна і спецыялісты акажуць дзейсную дапамогу.

Графік работы камісіі: 2-і і 4-ты аўторак кожнага месяца з 11.00, каб. №38, 1 паверх у памяшканні Навагрудскага райвыканкама (г. Навагрудак, вул. Міцкевіча, 11). 

Па ўсіх пытаннях, якія датычаць дзейнасці Дэкрэта №3 «Аб садзейнічанні занятасці» можна звярнуцца за кансультацыяй па тэл. 8(01597) 2-06-82 ці 4-32-50 у рабочыя дні з 8.00 да 17.00, перапынак з 13.00 да 14.00 або па электроннай пошце: 3dekret@utnov.grodno.by.

Падрабязная інфармацыя аб дзейнасці Дэкрэта №3 знаходзіцца і на сайце Навагрудскага райвыканкама: novogrudok_rik@mail.grodno.by.

А. ЕРМАКОВА, «НЖ»