Дэкрэт у дзеянні. Адтэрміноўка для не занятых у эканоміцы

Дэкрэт у дзеянні. Адтэрміноўка для не занятых у эканоміцы

24 октября 2019 1588

Тэрмін аплаты працаздольнымі грамадзянамі, не занятымі ў эканоміцы, асобных камунальных паслуг па поўным тарыфе перанеслі на 1 мая 2020 года. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 кастрычніка 2019 г. № 682 «Аб змяненні пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 красавіка 2018 г. № 314».

Дадзенае рашэнне прынята ў мэтах недапушчэння неабгрунтаваных выпадкаў налічэння павялічанай платы за названыя паслугі грамадзянам.

Звесткі для фарміравання базы грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, паступаюць амаль з 50 крыніц. У гэтай сувязі неабходна забяспечыць правядзенне дадатковых мерапрыемстваў па актуалізацыі звестак, якія змяшчаюцца ў ведамасных інфармацыйных рэсурсах.

Па поўных тарыфах не занятыя ў эканоміцы кампенсуюць гарачае водазабеспячэнне з 1 студзеня 2019 года, а газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў і цепла­забеспячэнне павінны былі з 1 кастрычніка гэтага года. Сёння выяўлена патрэба ў дапрацоўцы сістэмы ўліку спажыўцоў газу, а менавіта правя­дзенне арганізацыйных і тэхнічных мерапрыемстваў, якія забяспечваюць аператыўны абмен інфармацыяй, а гэта патрабуе часу, – адзначыў старшыня пастаянна дзеючай раённай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці, старшыня раён­нага Савета дэпутатаў Сяргей Мішарын.

У сваю чаргу, у прэс-службе Міністэрства энергетыкі адзначылі, што з боку «Белпалівагаза» да 1 мая 2020 года будзе прыняты шэраг тэхнічных і арганізацыйных мер для дапрацоўкі механізму міжведамаснага абмену інфармацыяй. Гэта трэба, каб звесткі ў інфармацыйных рэсурсах былі карэктнымі і актуальнымі. Таму зараз праводзяцца тэхнічныя і арганізацыйныя мерапрыемствы, каб адаптаваць сістэмы для абмену інфармацыяй.

Даведка «НЖ» На 1 кастрычніка 2019 года ў аддзел дзяржаўнай службы занятасці наймальнікі прадставілі 322 вакансіі, у тым ліку 196 па рабочых спецыяльнасцях. Па пытаннях працаўладкавання можна звярнуцца ў аддзел дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Навагрудскага райвыканкама або ў раённую камісію па садзейнічанні занятасці насельніцтва Навагрудскага раёна. Графік работы камісіі: 2-і і 4-ты аўторак кожнага месяца з 11.00, каб. №38, 1 паверх у памяшканні Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта (г. Навагрудак, вул. Міцкевіча, 11). Па ўсіх пытаннях, якія датычаць дзейнасці Дэкрэта №3 «Аб садзейнічанні занятасці» можна звярнуцца за кансультацыяй па тэл. 8(01597) 2-06-82 ці 4-32-50 у рабочыя дні з 8.00 да 17.00, перапынак з 13.00 да 14.00 або па электроннай пошце: 3dekret@utnov.grodno.by. Падрабязная інфармацыя аб дзейнасці Дэкрэта №3 знаходзіцца і на сайце Навагрудскага райвыканкама: novogrudok_rik@mail.grodno.by.

Алена Ермакова, "НЖ"