«Зялёны» Навагрудак: вопыт і перспектывы

«Зялёны» Навагрудак:  вопыт і перспектывы

«Зялёны» Навагрудак: вопыт і перспектывы

04 июня 2019 2788
Ужо праз некалькі дзён, а дакладней 7-8 чэрвеня, у нашым горадзе пройдзе ХV Рэспуб­ліканскі экалагічны форум. У маштабным мерапрыемстве, прысвечаным пытанням экалогіі, прымуць удзел каля 500 дэлегатаў. Сярод іх прадстаўнікі прыродаахоўных службаў краін блізкага і далёкага замежжа, грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі дзяржаўных органаў, міжнародных арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі, жыхары горада.

Наш горад невыпадкова выбраны месцам правядзення форуму. Кіраўніком дзяржавы вызначаны курс на развіццё малых населеных пунктаў, стварэнне ў іх камфортных умоў для пражывання. Навагрудак з’яўляецца адным з флагманаў у сферы ўстойлівага развіцця малых гарадоў. Сёння з  упэўненасцю можна ска­заць, што ў справе развіцця аднаўляльных крыніц энергіі Навагрудак на некалькі крокаў наперадзе іншых рэгіёнаў. Навагрудскі раён ужо апярэдзіў усю рэспубліку ў цэлым і паступова набліжаецца да краін Еўропы па павелічэнні аднаўляльных крыніц энергіі ў спажыванні энергарэсурсаў. Навагрудак стаў другім пасля Полацка горадам Беларусі, які ў 2012 годзе далучыўся да Пагаднення мэраў, узяўшы на сябе абавязацельствы скараціць выкіды вуглякіслага газу да 20%. У 2017 го­дзе Навагрудак стаў пілотным горадам праекта «Зялёныя гарады», і сёння ён з’яўляецца дастойнай базай для дэманстравання вопыту. У нас знаходзіцца самы вялікі ветрапарк у Беларусі. У цяперашні час у Навагрудскім раёне працуе 20 ветракоў. У аграрным каледжы з’явілася новая спецыяльнасць па ахове навакольнага асяроддзя, а ў бальніцы – новая сістэма гарачага водазабеспячэння, якая выкарыстоўвае энергію сонца. 
Цяпер перад нашым горадам адказная місія – прыняць эколагаў з усёй Беларусі, таму ў раёне актыўна ідзе падрыхтоўка да такой знакавай падзеі. Як расказаў «НЖ» начальнік Навагрудскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Павел КРАЙНІК, праграма мерапрыемства арыентавана на выкананне даручэнняў Прэзідэнта па навядзенні парадку на зямлі і азеляненні, стварэнне спрыяльных умоў пражывання ў гарадах, эфектыўнай сістэмы абыходжання з адходамі, захаванне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці для будучых пакаленняў.
– Спецыяльная тэма форуму  – «Устойлівае развіццё малых гарадоў: глабальныя выклікі і лакальныя рашэнні». Удзельнікі форуму змогуць абмяняцца вопытам у пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, удасканалення вытворчага працэсу з памяншэннем колькасці адходаў ад вытворчасці, укаранення праектаў па энергазберажэнні і энергаэфектыўнасці, – расказаў Павел Крайнік. – Дэлегацыі з усіх абласцей і горада Мінска, а таксама госці форуму – прадстаўнікі экалагічных службаў з Польшчы, Швецыі, Славакіі, Ізраіля, Малдовы, Украіны наведаюць як гістарычна-культурныя, так і экалагічныя аб’екты нашага горада, дзе пазнаёмяцца з укаранёнымі ў вытворчасць прыродаахоўнымі тэхналогіямі. Будзе ўрачыста адкрыта дубова-ліпавая алея, якая высаджана падчас рэспубліканскага суботніка. У ходзе дзелавой часткі форуму адбудзецца пасяджэнне секцый «Вада», «Біяразнастайнасць. Адходы», «Зялёная эканоміка».
alt alt alt alt alt alt alt

Шырокая экалагічная праграма падрыхтавана і для гараджан, бо галоўнай мэтай форуму з’яўляецца як мага больш прывабіць грамадзян у прыродаахоўны рух, павышэнне экалагічнай культуры насельніцтва, прапаганда беражлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Зразумела, асноўныя мерапрыемствы – адкрыццё і закрыццё форуму, спецыялізаваная выстаўка дасягненняў рацыянальнага прыродакарыстання і недапушчэння забруджвання, святочны гала-канцэрт, – адзначыў Павел Крайнік. – Перад навагрудчанамі і гасцямі мерапрыемства з канцэртнымі праграмамі выступяць ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы», вакалісты Пётр Ялфімаў, Тэа і тэлевядучая Вольга Рыжыкава.
На працягу двух дзён будуць працаваць выстаўкі, праводзіцца семінары, экалагічныя акцыі, канцэртныя праграмы, узнагароджанне прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў за значны ўклад у справу аховы навакольнага асяроддзя. У рамках правядзення XV Рэспубліканскага экалагічнага форуму ў г. Навагрудку адбудзецца ўрачыстае адкрыццё гарадской вуліцы, якая аснашчана сістэмай «разумнага» святлодыёднага асвятлення.
Энергаэфектыўная мадэрнізацыя гарадскога асвятлення праведзена праектам «Беларусь: Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі» («Зялёныя горады»), які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.
У зялёным горадзе «разумнае святло» кіруецца сістэмамі кантролю асвятлення. Гэтыя сістэмы ўлічваюць наяўнасць людзей, транспарту, асветленасць і час сутак, каб уключаць і выключаць асвятленне, тым самым эканомячы электраэнергію і грошы.
Не менш насычаная праграма чакае гасцей і жыхароў форуму і ў другі дзень мерапрыемства, – прыадкрывае далей сакрэты правядзення маштабнага мерапрыемства начальнік інспекцыі Павел  Крайнік. – У вёсцы Мотча будзе адкрыта пасля рэканструкцыі абуладкаваная крыніца і ўстаноўлена малая архітэктурная форма. На возеры Маладзёжнае пройдзе акцыя зарыб­лення. У вадаём будуць выпушчаны белы амур, сом еўрапейскі і шчупак. У сувязі з чым з 7 чэрвеня на возеры будзе ўведзена забарона на лоўлю рыбы. Таксама ў рамках форуму будзе закладзена альпійская горка і выса­джана алея «сямейных дрэў» на вуліцы Драздовіча. Да акцыі далучацца маладыя сямейныя пары. Акрамя таго, запланавана мерапрыемства і па-за межамі горада.
Навакольны свет – адна з галоўных духоўных каштоўнасцей чалавека. Усе людзі розныя, таму ўсе мы любім розныя віды прыроды. Аднак не ўсе ведаюць, як правільна карыстацца дарамі навакольнага свету. І экскурсія па экалагічнай сцежцы на тэрыторыі ландшафтнага прырода­ахоўнага заказніка «Свіцязянскі» дапаможа адказаць на ўсе пытанні па гэтай тэме. Маршрут бярэ свой пачатак ад санаторыя «Свіцязь» і накіроўваецца да гасцявога комплексу Навагрудскага лясгаса.
Разам з тым начальнік інспекцыі заўважыў, што ёсць моманты, якія пакуль не хочацца асвятляць у прэсе, каб застаўся элемент сюрпрызу для навагрудчан. Асабліва шмат іх і для самых юных удзельнікаў мерапрыемства. Дзеці – наша будучае, і яны не толькі будуць вучыцца, але і дзяліцца сваімі ведамі ў сферы беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя. У рамках форуму будзе працаваць маладзёжная пляцоўка «Зялёныя школы для зялёнага будучага», дзе будуць праведзены майстар-класы па рабоце «зялёных школ», мала­дзёжных экалагічных ініцыятыў. Працаваць маладзёжная пляцоўка будзе ў гарадскім скверы і раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.
Наш рэгіён шмат у чым унікальны дзякуючы ветрагенератарам і сонечным батарэям, якія з’яўляюцца дадатковымі крыніцамі атрымання электра­энергіі за кошт альтэрнатыўных крыніц. Аднак не трэба забывацца пра тое, што яе можна не толькі вырабляць, але і эканоміць. Павышэнне энергетычнай і экалагічнай эфектыўнасці вельмі актуальна як для Навагрудчыны, так і для Беларусі.
Спадзяёмся, што такое маштабнае мерапрыемства будзе карысным не толькі для навагрудчан, а і для ўсіх неабыякавых людзей да навакольнага асяроддзя. А вопыт «зялёнага» развіцця будуць пераймаць іншыя гарады нашай квітнеючай краіны.
Даведка «НЖ»:
Рэспубліканскі экалагічны форум праводзіцца ў Беларусі з 2003 года. У розныя гады мерапрыемствы праводзіліся ў Оршы, Горках, Полацку, Браславе, Мядзелі, Рэчыцы, Гродне, Брэсце, Маладзечне, Бабруйску, Мазыры, Мінску, Віцебску. Форум арганізуецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пры са­дзейнічанні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, міжнародных арганізацый і партнёраў.
Вольга Пісар, «НЖ»