Адказы на пытанні здаровага ладу жыцця шукалі вучні Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы падчас працы лабараторыі

Адказы на пытанні здаровага ладу жыцця шукалі вучні Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы падчас працы лабараторыі

02 декабря 2021 983

Для вучняў 6 класа Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Навагрудскага раёна 1 снежня, у Міжнародны дзень барацьбы са СНІДам, працавала лабараторыя нявырашаных пытанняў па тэме «Мы – за здаровы лад жыцця».

У ролі экспертаў ад бацькоўскай грамадскасці выступала сям'я Пісарык, школьную службу СППС прадстаўляла педагог сацыяльны Манукова Т.А., а пазіцыі Беларускай Праваслаўнай Царквы агучыў настаяцель храма св. Апосталаў Пятра і Паўла вёскі Валеўка айцец Ілья. У лабараторыі вучні выступалі ў ролі біёлагаў, гісторыкаў, хімікаў. Яны прадставілі свае міні-праекты і выказалі асабістыя думкі і меркаванні па пытанні здаровага ладу жыцця.

У ходзе шчырай размовы дарослых і дзяцей былі знойдзены адказы на пытанні: навошта людзі кураць і ўжываюць алкаголь? Як праявіць сілу волі і не здрадзіць сваім каштоўнасцям? Калі сябры прапануюць паспрабаваць алкаголь ці цыгарэты, як тактоўна і рашуча сказаць «не»? Увогуле , а ці сябры гэта?
Дзеці, чые бацькі кураць , падрыхтавалі візуальны матэрыял: фільтры ад бацькоўскіх цыгарэт і сурвэткі , у якія дыхалі бацькі пасля цыгарэтнай зацяжкі. Юныя даследчыкі былі ўзрушаны атрыманымі вынікамі, нават іх бацькі перажылі лёгкую разгубленасць ад убачаннага.
Кожная дзяўчынка ў класе атрымала «асабістае пісьмо» ад акадэміка Углова. Пачытаўшы пераканаўчыя аргументы, якія прыводзіць вядомы медык, наўрад ці захочацца бяздумна губіць здароўе будучым мамам.
Партрэт курыльшчыка, які прадставалі біёлагі, стаў добрай ілюстрацыяй выказвання «Курэнне і алкаголь-павольная смерць».
Гісторыкі прывялі доказы таго, як яшчэ з сярэдніх вякоў дзяржавы ўводзілі жорсткія пакаранні для курцоў. Да іх нават прымянялася смяротнае пакаранне.
Інтэрвью і сацыяльныя ролікі дапоўнілі матэрыял.

Экспрэс-анкеты і складзеныя інфаграфікі пераканаўча гаварылі, што падлеткі ўбачылі глыбіню праблемы і шчыра зацікавіліся шляхамі яе вырашэння. Так, паступова, фарміравалася грамадзянская пазіцыя «маленькіх беларусаў» і іх адносіны да самай вялікай каштоўнасці-чалавечага жыцця.

Тамара Сурага,
класны кіраўнік 6 класа
Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Навагрудскага раёна.