За кнігай і добрым настроем у навагрудскія бібліятэкі

За кнігай і добрым настроем у навагрудскія бібліятэкі

За кнігай і добрым настроем у навагрудскія бібліятэкі

04 мая 2020 1342

З моманту, як Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла пандэмію каронавіруса COVID-19, свет памяняўся. Прыйшла бяда, і падкралася яна непрыкметна. Ніхто не ведае, колькі нам яшчэ жыць у такіх умовах. Пакуль жа нам трэба неяк перажыць гэты час без страт, фізічных і маральных.


Магчыма, да гэтага часу вы былі заняты нечым іншым і ў вас не хапала часу, каб спыніцца і проста падумаць, як кажуць, пра жыццё, паразважаць, пачытаць. Гэты час настаў. Каб не сумаваць і не думаць пра дрэннае, звярніцеся да кніг. Прыслухайцеся да гэтай парады.

Паважаныя чытачы! Вы можаце разлічваць на нас – бібліятэкі Навагрудчыны ў вашым распараджэнні. Мы нават не змянілі графік работы. Працуем, як і раней. Больш таго, колькасць паслуг павялічылася: бібліятэкары гатовы па заказе дастаўляць кнігі чытачам на дом. Гэта на той выпадак, калі вы баіцеся каронавірусу.

Але запэўніваем, што ў бібліятэцы мы таксама выконваем усе меры бяспекі: тут можна скарыстацца сродкамі дэзынфекцыі, і работнікі бібліятэк, безумоўна, іх выкарыстоўваюць. Бібліятэкары працуюць у масках і пальчатках. А вернутыя чытачамі кнігі вытрымліваюць 5-дзённы каранцін. У адказ на нашы меры перасцярогі мы таксама чакаем ад чытачоў адпаведнай павагі да тых, хто іх абслугоўвае.

Тых жа, хто цікавіцца гісторыяй Навагрудка, запрашаем наведаць міні-музей «Страчаная спадчына». Там прадстаўлены макеты вузкакалейнай чыгункі Наваельня-Любча, Палац Храптовічаў у Шчорсах, а таксама кнігі к. XIX – пач. XX стст. Вы ўбачыце плошчу Навагрудка 1921-1939 гадоў. Супрацоўнікі бібліятэкі правядуць захапляльнае падарожжа па Рыначнай плошчы міжваеннага горада. Яны раска­жуць і пакажуць на макетах, дзе былі банкі, гасцініцы, гандлёвыя галерэі, крамы, яўрэйскі раён Рацело. Пачуеце цікавыя гісторыі з жыцця жыхароў Навагрудка тых часоў.

Са свайго боку абяцаем ваша бяспечнае знаходжанне ў памяшканні музея. Запрашаем!

А зараз інфармацыя для тых, хто асцерагаецца каронавірусу.

Калі гаварыць увогуле, з-за пандэміі ўстановы культуры часова перайшлі ў віртуальную прастору. Мы мабільныя, таму хутка падладзіліся пад гэтую надзвычайную сітуацыю. Нашы бібліятэкі пашырылі коль­касць дыстанцыйных паслуг, у тым ліку ў сацсетках і на сайце.

Найперш запрашаем выкарыстаць прапановы сайта Навагрудскай раённай бібліятэкі http://novcrb.grodno.by/. Галоўнае, аб чым трэба ведаць, гэта пра электронны каталог ДУК «Навагрудская раённая бібліятэка», які размешчаны менавіта тут. Работа з ім – справа простая. Алгарытм такі: шукаем неабходную кнігу ці кнігі пэўнага аўтара, можна і літаратуру па вызначанай тэме, а далей або ідзём у бібліятэтэку і па папярэднім заказе забіраем кнігу, або просім бібліятэкараў даставіць літаратуру на дом.

І няхай сабе сёння ў мэтах прадухілення распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі і абмежавана наведванне чытальных залаў і масавых мерапрыемстваў, затое якую асалоду можна атрымаць, калі слухаеш на нашым сайце родных, блізкіх, знаёмых, якія чытаюць на памяць вершы ваеннай тэматыкі. Націсніце на банер «Інтэрнэт-праект гучных чытанняў «Пра вайну, на якой я не быў».

А яшчэ пацікаўцеся зборам буктрэйлераў «Глядзі… і чытай». Яны ўсе, як і змешчаныя там відэаагляды, прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Мы стварылі іх для вас, паважаныя чытачы, а некаторыя спецыялісты (клубныя работнікі, настаўнікі і выхавацелі) могуць выкарыстоўваць даныя відэаролікі пры стацыянарнай, але найперш пры дыстанцыйнай арганізацыі выхаваўчага працэсу.


Тэма 75-годдзя Вялікай Перамогі натхніла бібліятэкараў яшчэ на адну ідэю. Яны пачалі збіраць і запісваць на відэа водгукі чытачоў на прачытаныя імі кнігі пра вайну. Каб пазнаёміцца з імі, трэба проста адкрыць банер «Тое, што кранула». Можа, каго з жыхароў горада і раёна, а таксама іншых карыстальнікаў інтэрнэту, гэта натхніць на ўласны водгук на кнігу, якая асабліва ўразіла.



А яшчэ звярніце ўвагу: на галоўнай старонцы сайта ў раздзеле «Тэсты анлайн» прадстаўлены віктарыны «В книжной памяти – мгновения войны», «Живопись белорусских художников: картины и их авторы», «Личности и памятники Гродненщины, части 1, 2», «Гісторыя Беларусі: правер сябе!», «Адгадайце фільм па кадры», паспрабуйце прайсці тэст «Эти книги рассмешат. Угадай кто что не писал!».

А вось гэтая навіна перш за ўсё для дзяцей, але яна можа падацца цікавай і дарослым, хто любіць казкі Шарля Перо. Спецыяльна для вас мы падрыхтавалі анлайн-крыжаванку «По страницам сказок Шарля Перро». Яна размешчана на дзіцячым сайце http://dzetsi.nov-centr.of.by/.

Не забывайце заглядваць і на сайт Навагрудскай бібліятэкі сямейнага чытання http://dzetsi.nov-centr.of.by/ і https://gorbibl.nov-centr.of.by/. Там таксама дастаткова цікавай інфармацыі, з ёй вы не засумуеце.

Вядома, бібліятэкі не могуць прыпыніць распаўсюджванне інфекцыі, але мы можам дапамагчы чалавеку здабыць добры настрой і аптымізм. Кожны робіць сваю справу. І навагрудскія бібліятэкары робяць гэта на выдатна. Будзьце з намі! 

Фаіна Малюжэнец,

загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу

раённай бібліятэкі