Юныя навагрудчане, бібліятэкі чакаюць вас у госці

Юныя навагрудчане, бібліятэкі  чакаюць вас у госці

Юныя навагрудчане, бібліятэкі чакаюць вас у госці

11 июня 2021 1183
«Новае жыццё» – газета для дарослых, і, напэўна, яе чытаюць бацькі дзяцей, бабулі і дзядулі, для іх я падрыхтавала гэты матэрыял. А тэма нашай размовы – лета, кніга і бібліятэка.

Успомніце сваё дзяцінства, дакладней, першы дзень летніх канікул, гэты цудоўны дзень, калі сэрца напаўняецца радасцю і чаканнем яркіх падзей… Але адначасова ў вас прысутнічае і пачуццё адказнасці, разумення, што гэта не назаўсёды, таму ў бліжэйшыя месяцы нельга цалкам аддавацца гульні і лёгкаму адпачынку, бо ўсяго праз 90 дзён зноў у школу, а там напружаная работа па набыцці ведаў, якія, дарэчы, стануць падмуркам будучага жыцця, без якіх немагчыма рухацца наперад. Таму праца гэта вельмі важная.

Бібліятэка – якраз тая ўстанова, якая ў стане згладзіць і прымірыць вось гэтыя пачуцці, якія адчувае школьнік напачатку летніх канікул, бо насамрэч бібліятэка – гэта адразу і адпачынак, і пазнанне… у лёгкай форме – праз прыемнае чытанне, слуханне, гульню і заняткі па інтарэсах. Таму я раю бацькам у справе арганізацыі летняга адпачынку іх дзяцей хаця б у некаторай меры даверыцца бібліятэкарам, ведаю, яны здольны ў гэтым аказаць вам прафесійную дапамогу, яны дапамогуць гэты адпачынак спалучыць з карысцю.

Найперш пагаворым пра пазакласнае чытанне і чытанне па праграме. Не адкладвайце гэтую справу на потым, пачніце ў першыя дні канікул. Калі вы маеце дзяцей малодшага школьнага ўзросту, абавязкова прый­дзіце ў бібліятэку разам з сынам ці дачкой і з бібліятэкарам згодна наяўнасці неабходных кніг у фондзе і ў адпаведнасці з запытамі іншых чытачоў расплануйце спіс летняга чытання па часе. А далей вам застанецца кантраля­ваць іх чытанне, але не перашчыруйце, памятайце, што чытанне павінна быць у асалоду. Больш старэйшыя дзеці з гэтым справяцца самі, ім нічога не бу­дзе каштаваць прачытаць мастацкія кнігі і па школьнай праграме, і па пазакласным чытанні. У гэтым выпадку бацькам толькі трэба даходліва растлумачыць ім, чаму ж усё-такі творы пісьменнікаў трэба чытаць першакрыніцамі, а не скарочана ў хрэс­таматыі. Асэнсавана ролю кнігі і чытання вашы дзеці ацэняць пазней, у сваім дарослым жыцці. А пакуль у саюзе з бібліятэкарамі станьце кіраўнікамі дзіцячага чытання, накіруйце іх у патрэбнае рэчышча.

Але сучасная бібліятэка – гэта не толькі кнігі і чытанне, гэта яшчэ і адпачынак, масавыя мерапрыемствы, заняткі па інтарэ­сах, магчымасць рэалізаваць свае творчыя дзіцячыя амбіцыі і шмат чаго яшчэ. І вось тут дапамажыце сваім дзецям вызначыцца больш вузка, найперш зразумейце самі, што ім будзе цікава. Праўда, у бібліятэк ёсць прапановы і агульнага кшталту, думаю, яны будуць цікавымі выключна ўсім дзецям.

У першы дзень лета, гэта Міжнародны дзень абароны дзяцей, Навагрудская раённая бібліятэка (вул. 1 Мая, д. 1) арганізавала свята дзяцінства «Фарбы лета», Навагрудская бібліятэка сямейнага чытання (вул. Чырвонаармейская, д. 1) – бібліякарусель «Хай лета звонкае смяецца», Любчанская інтэграваная гарпасялковая бібліятэка (вул. 1 Мая, д. 29) – гульнявую забаўляльную праграму «У нашего крыльца забавам нет конца». Гэтыя мерапрыемствы кожнай бібліятэцы далі старт існавання ў статусе сяброўкі лета. А далей бібліятэкі прапануюць мерапрыемствы на любы дзіцячы густ. Бацькам застаецца толькі скіраваць і трохі падкарэкціраваць іх зацікаўленасць.

Цікавую пазнавальную летнюю праграму сваім юным чытачам прапануе Харосіцкая сельская бібліятэка. 13 чэрвеня, 4 ліпеня адпаведна тут прой­дуць гульнявыя пазнавальныя праграмы «Дзяцінству сонца падарыце», «Лето, книги, я – верные друзья», «Мы чытаем і малюем».

Цікавая форма адпачынку, чытання і гульні на свежым паветры, якую сёлета прапануюць некаторыя нашы бібліятэкі, – бібліятэчны бульвар. У Кміцянскай сельскай бібліятэцы 11 ліпеня пройдзе мерапрыемства «Вас чакаюць прыгоды на востраве чытання». 29 ліпеня пад назвай «Чытаем, спазнаём, гуляем» бібліятэчны бульвар адкрыецца і ў Ла­дзеніцкай сельскай бібліятэцы. 9 ліпеня бібліятэчны пункт у ФАК «Лідар» арганізуе інтэрактыўную пляцоўку «Адпачываем і чытаем», а 28 жніўня ён ізноў запросіць «… усіх чытаць, фантазіраваць, гуляць!» на вуліцы.

Мне, як бібліятэкару, найбольш падабаюцца мерапрыемствы літаратурнага зместу, асабліва тыя, якія прысвячаюцца аднаму аўтару. Дык вось, сёлета, дакладней 9 чэрвеня, з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння А. Волкава ў Навагрудскай раённай бібліятэцы пройдзе літаратурная гульня «Мы в город Изумрудный идём дорогой трудной», у Брольніцкай сельскай бібліятэцы нагодай для мерапрыемства, якое адбудзецца 19 чэрвеня, стане 75-годдзе кнігі «Крокодил Гена и его друзья», а 7 ліпеня бібліятэчны пункт ФАК «Лідар» запрашае дзяцей на літаратурную віктарыну «Чароўнае падарожжа па казках братоў Грым». 4 чэрвеня Любчанская інтэграваная гарпасялковая бібліятэка для сваіх юных чытачоў арганізуе кніжны пікнік «Наша фішка – дзеці+кніжка», у Навагрудскай бібліятэцы сямейнага чытання 7 ліпеня пройдзе літаратурнае папуры «Книга, лето, дружба – вот что детям нужно!».

У анонсе летніх мерапрыемстваў асобна можна выдзе­ліць блок, адрасаваны тым, хто любіць і хоча тварыць сваімі рукамі. У час летняга перыяду нават не важны ўзровень майстэрства юных мастакоў, задача бібліятэк – арганізаваць творчым дзеткам пляцоўку для выставак іх работ. Пры адборы малюнкаў не будзе жорсткага журы, не будзе крытыкі, таму для самасцвярджэння дзіцяці, здабыцця веры ў сябе і свае магчымасці ўдзел у падобных мерапрыемствах – найлепшая магчы­масць. У Навагрудскай бібліятэцы сямейнага чытання, напрыклад, гэта будзе лабараторыя творчасці «Чытаем, малюем, творым» (14 ліпеня), у Шчорсаўскай сельскай бібліятэцы – вясёлая майстэрня «Дзіцячыя рукі робяць цуды» (8 жніўня). Брольніцкая сельская бібліятэка 24 ліпеня правядзе майстар-клас «Из мусорной кучки – разные штучки». Некаторыя бібліятэкі дзецям прапануюць паўдзельнічаць у конкурсах: у Лаўрышаўскай сельскай бібліятэцы гэта бу­дзе конкурс малюнкаў «Малюем любімых казачных герояў» (25 ліпеня), у Пятрэвіцкай сельскай бібліятэцы – «Цуды лета» (16 ліпеня). Ладзеніцкая і Вераб’евіцкая сельскія бібліятэкі правядуць конкурсы малюнкаў на асфальце – гэта адбу­дзецца адпаведна 10 чэрвеня «Усе фарбы сонечнага лета» і 22 жніўня «Мы малюем лета на асфальце». А вось для творчых дзетак з Уселюба ў мяне ёсць цудоўная прапанова, яны могуць запісацца ў клуб па інтарэсах «Сузор’е», які працуе пры мясцовай бібліятэцы і які мае вытворча-тэхнічны накірунак. Бягучым летам тут будуць асвойваць мастацтва выцінанкі і вязання.

Падводзячы вынік, хочацца выказаць асабістую думку, што лета мае сэнс, калі яно праведзена з карысцю для свайго здароўя, розуму, пазнання, інтэ­лекту, і гэта ні ў якім разе не выключае гульні, заняткі фізкультурай і спортам, купанне і плаванне ў рэчках і вадаёмах і проста адпачынак на свежым паветры. Трэба зазначыць, што і на гэты выпадак бібліятэкі знайшлі што сказаць: яны, як могуць, клапоцяцца пра бяспеку вашых дзяцей, нават ладзяць цэлыя мерапрыемствы, на якіх тлумачаць правілы бяспечных паводзін. У Навагрудскай раённай бібліятэцы 23 чэрвеня і 14 ліпеня будзе працаваць школа бяспекі, у Валеўскай сельскай бібліятэцы 15 жніўня – летні ўрок асцярожнасці, у Харосіцкай сельскай бібліятэцы 15 жніўня – урок бяспекі «Бяспечныя канікулы». У Кашалеўскай сельскай бібліятэцы 18 ліпеня пройдзе конкурсная праграма па правілах бяспекі руху, а 14 жніўня ў Лаўрышаўскай сельскай бібліятэцы – гульнявая праграма па дадзенай тэме.

Вось такую багатую праграму прапануюць бібліятэкі Навагрудчыны на летні перыяд 2021 года. І трэба разумець, што гэта не поўны пералік маючых адбыцца ў бібліятэках мерапрыемстваў. Памятайце: мы вельмі стараемся, каб канікулы вашых дзяцей прайшлі без суму. Вы ж, бацькі, не забывайцеся фікса­ваць цікавыя моманты іх адпачынку, ну а фота абавязкова аднясіце ў Навагрудскую бібліятэку сямейнага чытання, там з 29 ліпеня пачне працаваць фотавернісаж «Вось яно якое – наша лета!». Чакаем вас, вашых дзяцей і фота­здымкаў!

Ну а пра кнігі і мерапрыемствы, агучаныя ў матэрыяле, больш дэталёвую інфармацыю вы можаце атрымаць непасрэдна ў саміх бібліятэках па месцы вашага жыхарства.

Фаіна Малюжэнец,

метадыст Навагрудскай раённай бібліятэкі