Юлія Лісіца – зорачка на школьным небасхіле Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы

Юлія Лісіца – зорачка на школьным небасхіле Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы

24 января 2020 1558

Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» праводзіўся сёлета з 13 студзеня па 16 студзеня на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Скідзельскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй”. Алімпіяда праводзілася ў два туры: напісанне водгуку на мастацкі твор і выкананне комплекснай работы.



Удзел у алімпіядзе прыняла вучаніца 10 класа дзяржаўнай установы адукацыі «Валеўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа» Навагрудскага раёна, Гродзенскай вобласці Лісіца Юлія.

Маленькая вясковая школа… Яна знаходзіцца недалёка ад легендарнага возера Свіцязь, апетага Адамам Міцкевічам. Прыгажосць Свіцязянскага краю, ласкавае матчына слова натхнілаЮлію да вывучэння роднай мовы. Яшчэ ў дзіцячым садку дзяўчынка выдзялялася сярод выхаванцаў дапытлівасцю і схільнасцю да разважанняў. Ужо ў 4 класе пачатковай школы яна стала пераможцайдругога этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і беларускай літаратуры. І так з году ў год…

На працягу двух апошніх гадоў Юлія станавілася ўладальніцай дыплома II ступені трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларуская мове і беларускай літаратуры. Адкрыццё таямніц роднага слова ўсё больш прыцягвала дзяўчынку. Для яе рашэнне задачы ніколі не з’яўлалася завяршэннем працы, а заўсёды было пачаткам новай.

Юлія рознабаковая, адказная натура. Працуе вельмі шмат самастойна, няспынна і нястомна. Дзяўчынка дапытлівая, творчая, з імклівай думкай. Яна хутка і ахвотна выконвае заданні і атрымоўвае ад іх задавальненне. У ёй аб’яднаны разам высокі інтэлект, настойлівасць і моцнае жаданне перамагчы. Выдатніца вучобы, піша вершы на роднай мове, займаецца спортам. Сціплая і выхаваная дзяўчынка, шчырая сяброўка.

Праца з Юліяй прыносіць вялікую асалоду. Супрацоўніцтва з ёю вядзе да ўзаемнага ўзбагачэнне. Мы разам пазнаём невядомае, робім адкрыцці, знаходзімся пастаянна ў творчым пошуку. Праца настаўніка – гэта маё жыццё. І ўзнагарода за гэта – паспяховыя ўдзячныя вучні. У сваёй рабоце кіруюся дэвізам В. Верасава: «Жыццё не час, а крылы творчасці і радасці». А формула поспеху: жаданне маё, жаданне Юліі плюс працавітасць і творчасць абедзвюх.

Сістэматычная праца, уменне аналізаваць, актывізаваць пазнавальную дзейнасць, любоў да роднай мовы прывялі Юлію да высокіх вынікаў. Сёлета ў сакавіку яна будзе прадстаўляць каманду Гродзенскай вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура». Жадаю ёй творчасці, натхнення, аптымізму, плёну і, зразумела, перамогі!

 

А. Жукоўская, настаўнік беларускай мовыі літаратуры Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы