Як усё пачыналася. Год 1920. Устанаўленне Савецкай улады на Навагрудчыне

Як усё пачыналася. Год 1920. Устанаўленне Савецкай улады на Навагрудчыне

01 января 2019 1928

Ваенныя  дзеянні паміж Польшчай і Савецкім Саюзам закончыліся тым, што ў ліпені 1920  года савецкім кіраўніцтвам было вырашана паўторна абвясціць Савецкую Сацыялістычную Рэспуб­ліку Беларусь. 

А 19 ліпеня 1920 года навагрудчане зноў сустракалі Чырвоную армію. 21 ліпеня  быў выдадзены загад Навагрудскага павятовага рэўкама аб аднаўленні Савецкай улады ў павеце і ўстанаўленні рэвалюцыйнага парадку. Згодна з гэтым загадам, уся ўлада ў горадзе і павеце зноў пераходзіла Ваеннаму рэвалюцыйнаму камітэту. Камітэт размяшчаўся на Базарнай плошчы, дом №1 (былы палац Радзівілаў). Камітэт узначаліў спачатку Лагвіновіч, а потым член партыі, былы рабочы Станіслаў Мертэнс, які затым стаў наркамам Унутраных спраў БССР.

Пераўтварэнні, якія праводзіліся ў горадзе  і павеце са студзеня 1919 года, але былі перарваныя вайной, з новай сілай пачалі аднаўляцца. Дзеля гэтага ў горадзе быў створаны аддзел міліцыі, які ўдзельнічаў у забеспячэнні і падтрыманні  грамадскага парадку, вёў работу па бараць­бе са злачыннасцю.

Першачарговай задачай новай улады было прыцягнуць усё насельніцтва горада і павета да актыўнага ўдзелу ў будаўніцтве новага жыцця. Дзеля гэтага кожны тыдзень спецыяльна падрыхтаваныя інструктары і адказныя савецкія работнікі выязджалі ў воласці для правядзення агітацыйнай работы сярод насельніцтва, дзе тлумачылася палітыка Савецкай улады.

Адной з асноўных задач Рэўкама быў улік пасяўной плошчы грамадзян, збор ураджаю, яго ўлік і падрыхтоўка зямлі да сяўбы. Нарыхтоўчым аддзелам арганізаваны збор ураджаю ў былых маёнтках, па валасцях была праведзена харчразвёрстка для дастаўкі хлеба ў павет, устаноўлены кантроль на млынах.

Па ініцыятыве Навагрудскай павятовай арганізацыі Расійскай Камуністычнай партыі ў нядзелю, 3 жніўня 1920 года, быў праведзены першы нядзельнік, у якім удзельнічалі члены партыйных і прафсаюзных арганізацый, служачыя Рэвалюцыйнага камітэта і яго аддзелаў, іншыя грамадзяне. Усе ўдзельнікі нядзельніка «ішлі стройнымі радамі са сцягамі і аркестрам, які іграў таксама ў дванаццаціверставым паходзе і ў час работы. На нядзельніку праводзілі работы па нарыхтоўцы і дастаўцы паліва. Дастаўлена ў горад 6 куб. (саж.) дроў, дастаўлялі дровы ваганеткамі па вузкакалейцы на адлегласці 12 вёрст. Акрамя таго, паднесена да лініі вузкакалейкі з лесу каля 25 куб. (саж.)». У час правя­дзення нядзельніка былі ачышчаны ад смецця двары бальніц, прыведзена ў належны выгляд магіла 14-ці расстраляных і брацкія магілы чырвонаармейцаў. Усяго ў нядзельніку прымала ўдзел каля 800 чалавек. Пасля заканчэння работ у 9 гадзін вечара адбыўся  мітынг. Аратары, якія выступалі ад імя ўлады, гаварылі пра вялікае значэнне калектыўнай працы для перамогі над голадам і разрухай, а таксама дапамогі сем’ям чырвонаармейцаў і фронту. У хуткім часе быў праведзены камсамольскі суботнік.

Новая ўлада клапацілася не толькі пра матэрыяльныя каштоўнасці, але  таксама пра культуру і адукацыю мясцовага насельніцтва. 22 жніўня Рэўкам прыняў рашэнне аб выданні павятовай газеты «Труженик». Па загадзе №40 Навагрудскага павятовага рэвалюцыйнага камітэта ад 16 верасня 1920 года неабходна было неадкладна прыступіць да арганізацыі музея альбо народнай бібліятэкі імя вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча. У зага­дзе гаварылася, што «дом, у якім жыў Адам Міцкевіч, з усёй абстаноўкай і бібліятэкай тэрмінова ачысціць ад пражываючай у ім публікі і перадаць у веданне павятовага аддзела Народнай адукацыі». Аддзелу адукацыі прадпісвалася сабраць з усяго павета кнігі і іншыя помнікі, звязаныя з імем А. Міцкевіча, і ўключыць іх у музей ці бібліятэку.

Аднак зямельнае пытанне, як і пытанне ўласнасці, заставалася адным з прыярытэтных напрамкаў маладой Савецкай дзяржавы. Загадам №14 ад 11 жніўня 1920 года па зямельным аддзеле прадпісвалася, што жыхары вёскі, якія маюць коней, павінны ў першую чаргу апрацоўваць і засейваць палі чырвонаармейцаў і тых, хто не мае коней. У асоб, якія маюць больш двух коней, іх могуць за­браць на працяглы тэрмін для карыстання той сям’ёй, у якой няма каня.  У выпадку невыканання загаду вінаватыя будуць арыштоўвацца і накіроўвацца для вынясення пакарання ў павятовы Рэўкам.

Работы па заворванні палёў пачалі актыўна праводзіцца ў верасні 1920 года. Для заворвання і засеву палёў азімымі культурамі былі выдадзены распараджэнні аб мабілізацыі коней у павеце. З 27 верасня па 4 кастрычніка быў аб’яўлены «Тыдзень дапамогі селяніну», правядзенне якога кантралявалася спецыяльна створанай камісіяй.

Будаўнічы аддзел займаўся капітальным рамонтам мастоў, дарог, гарадской лазні і іншых аб’ектаў сацыяльна-бытавой сферы. Вытворчы аддзел арганізаваў у горадзе кузню і слясарна-такарную майстэрню. Жыллёвы аддзел ставіў на ўлік памяшканні, мэблю і маёмасць, якую пакінулі яе ўладальнікі, займаўся ўлікам прыватных гарадскіх кватэр з мэтай іх паступовага размеркавання паміж установамі, савецкімі служачымі і мясцовым насельніцтвам.

Аддзел сацыяльнага забеспячэння прыступіў да складання спісаў для сацыяльных ільгот сем’ям чырвонаармейцаў, інвалідам, асобам, якія пацярпелі ад контрэвалюцыі, дзецям да 6-гадовага ўзросту.

Аддзел Народнай адукацыі збіраў інфармацыю аб наяўнасці школ, настаўнікаў, вучняў, аб месцах, дзе маецца неабходнасць стварэння новых школ. Было выдадзена распараджэнне аб зборы кінутых у маёнтках кніг і школьных дапаможнікаў. У Навагрудку адкрыліся вячэрнія курсы па навучанні грамаце, бібліятэка, Народны дом.

У верасні 1920 года Рэвалюцыйны камітэт пачаў работу па стварэнні Саветаў і перадачы ім паўнамоцнай улады. Была створана камісія па выбарах у валасныя Саветы. На 26 верасня былі назначаны выбары ў выканкам, а на 2 кастрычніка – выбары дэлегатаў на павятовы з’езд Саветаў.

Аднак гэтыя пераўтварэнні не ўдалося ажыццявіць. Пачалося  наступленне Польскага войска, у выніку якога 1 кастрычніка 1920 года быў заняты Навагрудак.

Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1920 года тэрыторыя Навагрудскага павета адышла ў склад Польшчы.

 

Г. Кавальчук,

старшы навуковы супрацоўнік гістарычна-краязнаўчага музея

Фота з адкрытых крыніц (носіць ілюстрацыйна характар)