Віншаванне з Уваскрэсеннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксяндза Юрыя Жэгарына

Віншаванне з Уваскрэсеннем Хрыстовым пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксяндза Юрыя Жэгарына

21 апреля 2019 1152

Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце!

  Урачыстасць Уваскрэсення з’яўляецца выключнай нагодай, каб адчуць, наколькі блізкім для нас з’яўляецца наш Збаўца. Мука, смерць і ўваскрэсенне Езуса Хрыста – найвялікшы доказ любові Бога да чалавека. Перажываючы асабіста гэтую настолькі радасную вестку, дзякуючы шчырай веры, кожны вернік адчувае вялікую патрэбу падзяліцца ёй з іншымі людзьмі, якія яшчэ не зразумелі і глыбока не ўсвядомілі яе найвялікшага значэння. Конрад Адэнаўэр сказаў калісьці такія словы: «Калі Хрыстос не жыве сёння, тады ў свету няма ўвогуле ніякай надзеі. Толькі факт Уваскрэсення дае надзею на будучыню». Можна назіраць, колькі людзей жыве ў роспачы, без на­дзеі. Да такога безнадзейнага стану духу, сэрца і розуму прыводзяць жыццёвыя расчараванні, праблемы і цяжкасці, якія «прыціскаюць людзей да зямлі». У чалавека, пазбаўленага веры, жыццёвыя абставіны тушаць апошні агеньчык надзеі. Факт Уваскрэсення Езуса можа зноў адрадзіць нашу надзею, аднавіць веру. Дзякуючы радаснай вестцы аб Уваскрэсенні, зможам па-новаму адчуць смак да жыцця і стаць мацнейшымі духоўна паміж шматлікіх штодзённых выпрабаванняў і выклікаў, зможам упэўнена глядзець у будучыню, не зважаючы на зменлівасць гэтага свету. Самае галоўнае: мы станем людзьмі надзеі, якой будзем здольнымі дзяліцца з тымі, хто яе не мае. Жадаю вам, паважаныя навагрудчане, каб святкаванне Вялікадня было не проста традыцыяй, звычкай, прыгожым святам, а важнай нагодай дазволіць Уваскрэсламу Хрысту ўвайсці ў ваша асабістае жыццё, запаліць вялікае полымя надзеі і дазволіць уваскрэсіць нас ужо цяпер да зусім новага, Божага жыцця ў любові. Сваё віншаванне хачу завяршыць словамі апостала Паўла: «Калі Хрыстос не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая – марная» (1 Карынцянаў 15:14). З найлепшымі пажаданнямі і малітвай ксёндз, доктар багаслоўя Юрый Жэгарын, пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку