Васілій Смолік: «Жыць трэба з аптымізмам»

Васілій Смолік: «Жыць трэба з аптымізмам»

23 сентября 2019 2895
Пяць гадоў таму з нагоды юбілею Навагрудскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі я рыхтавала інтэрв’ю з Васіліем Фёдаравічам Смолікам, кіраўніком установы на той час. Аб рабоце і дзейнасці цэнтра гаварылі шмат. Пра асабістае – зусім мала. Аднак нават некалькіх фактаў з яго біяграфіі мне хапіла, каб пераканацца, што і сам чалавек, і яго прафесійны лёс – не пабаюся гэтага слова – унікальныя. Усе гэтыя гады мяне не пакідала жаданне даведацца самой і расказаць нашым чытачам гісторыю жыцця Васілія Фёдаравіча – чалавека, які 40 гадоў прысвяціў санітарнай службе. Напярэдадні святкавання 975-годдзя Навагрудка мая мара ажыццявілася.



Родам з Карэліччыны

– Дзяцінства маё прайшло ў в. Барацін, якая знаходзіцца на мяжы Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў, бліжэй да Адампаля. Даўно не гартаў свой фотаальбом, а аказваецца – у мяне захаваўся здымак, на якім мне ўсяго два гады, – здзіўляецца мой суразмоўца і паказвае здымак. – У братоў Міхаіла і Аляксандра такіх фатаграфій няма.


Вырас Васілій Фёдаравіч у простай вясковай сям’і. Пасля заканчэння пачатковай школы ў в. Паланая пайшоў у 5 клас новай школы ў Карэлічах, якая толькі адкрылася.

– Дабіраліся на рэйсавым аўтобусе прыгараднага маршрута. Першыя два гады прыходзілася падымацца ў 5.30, каб паспець на першы ўрок, – успамінае Васілій Фёдаравіч. – Па сённяшні дзень не разумею, як мы ўсе, а гэта 65 чалавек, памяшчаліся ў стары ГАЗ?! Заняткі пачыналіся ў 9.00, а мы ў 7 гадзін ужо былі ў школе. Сказаць, што будынак гудзеў – нічога не сказаць. Праз пару гадоў нам дазволілі ездзіць на міжгароднім аўтобусе, які ішоў крыху пазней. А зімой жылі ў школьным інтэрнаце. Магчыма, таму школьны будынак захаваўся (усміхаецца). Цяпер гэта СШ №2 г.п. Карэлічы. Бацькі, Любоў Адамаўна і Фёдар Іванавіч, усё жыццё нам гаварылі аб тым, як важна вучыцца, і зрабілі ўсё, каб даць нам вышэйшую адукацыю.

Савецкае студэнцтва

– Пасля заканчэння ў 1970 годзе сярэдняй школы мне ў ваенкамаце прапанавалі паступаць у ваенна-медыцынскую акадэмію ў Ленінград, – працягвае размову В.Ф. Смолік. – Падрыхтоўка і здача ўступных экзаменаў праходзілі ў сапраўдным ваенна-палявым лагеры. На забеспячэнне я быў пастаўлены 1996-м, а набіралі ўсяго 200 чалавек. На апошнім экзамене па біялогіі выкладчык мне шчыра патлумачыў, што неабходную колькасць студэнтаў ужо набралі і таму ён вымушаны знізіць адзнаку. Між тым з улікам бала атэстата і адзнак па чатырох уступных экзаменах я без праблем паступаў у любое ленінградскае ВНУ. Нас такіх, хто добра здаў экзамены, але не прайшоў, аказалася каля 120 чалавек. Выстраілі ўсіх на пляцу і пачалі расказ­ваць пра ўстановы. Аргументы на ка­рысць санітарна-гігіенічнага інстытута аказаліся самымі пераканаўчымі. Праўда, прыйшлося яшчэ раз здаваць экзамены. Калі паступіў, адбіў тэлеграму. Але так атрымалася, што якраз па дарозе дамоў сустрэў паштальёнку, якая несла яе бацькам. Сам і даставіў.

Так Васілій Фёдаравіч стаў студэнтам санітарна-гігіенічнага факультэта Ленінградскага санітарна-гігіенічнага інстытута.


– Як і ў мільёнаў іншых юнакоў і дзяўчат, у мяне было звычайнае савецкае студэнцтва. Летам чатыры гады запар працаваў у складзе будаўнічых атрадаў – два гады ў Ленінградскай вобласці і два ў Рэспубліцы Комі. У мяне захавалася інстытуцкая газета «За медыцынскія кадры» 1976 года з артыкулам пра адну з такіх паездак і фотаздымкам, на якім я пракладваю лінію электраперадач. На другой старонцы – матэрыял пра маё актыўнае студэнцтва, – расказаў Васілій Фёдаравіч і дазволіў мне на памяць зрабіць копіі. – Я быў камсоргам, займаўся спортам і навукай, удзельнічаў ва ўсесаюзным злёце будатрадаўцаў. У інстытуце працаваў мастаком на кафедры сацыяльнай гігіены, а з чацвёртага курса – на адзінай у той час у СССР дэзстанцыі. Там я і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Галінай. Яна сама з Сімферопаля і таксама вучылася ў сангіку, толькі на год пазней.



Цяпер складана ўявіць, але некалі ў Васілія Фёдаравіча былі доўгія валасы, якія падчас вучобы на ваеннай кафедры яму прыходзілася хаваць пад медыцынскую шапачку. Тады ён таксама адпусціў вусы і стаў вельмі падобны на заснавальніка і мастацкага кіраўніка ВІА «Песняры» Уладзіміра Мулявіна. Давялося майму суразмоўцы пабываць на канцэрце ансамбля ў Ленінградзе, калі ўпершыню была выканана песня «Волагда». Праграму з таго выступлення і аўтографам народнага артыста Беларусі і СССР Васілій Фёдаравіч захоўвае па сённяшні дзень.

     

Галоўны санітарны ўрач рэспублікі

– Пасля заканчэння інстытута ў 1975 годзе падчас размеркавання я сам выбраў Комі. Працаваў на санэпідэмстанцыі ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі ў Сыктыўкары. Курыраваў перавозкі, харчаванне, камунальную службу, – гаворыць Васілій Фёдаравіч. – Перад кожнай камандзіроўкай гаварыў:

«Рыхтуйце спраўку, як у вас усё добра. Што дрэнна, я сам знайду»
– Праз год перайшоў у дзяржаўную службу. Прапанавалі стаць загадчыкам аддзялення працы рэспубліканскай санітарна-эпідэміялагічнай станцыі. Якраз вучобу закончыла Галіна і прыехала да мяне. Разам не працавалі. Я перакананы, што муж і жонка не павінны працаваць у адной арганізацыі. Варкута, Вуктыл, Інта, Ухта… Аб’ездзіў усю рэспубліку. Мая работа мне вельмі падабалася, але я адчуваў, што знахожуся не на сваім месцы, – дзеліцца Васілій Фёдаравіч. – Таму літаральна напрасіўся ў гарадскую санэпідэмстанцыю г. Варкуты. Усе здзіўляліся: навошта мне гэта патрэбна? Кіраўнік не хацеў адпускаць і нават прымусіў адпрацоўваць месяц, але я быў непахісны ў сваім рашэнні. Да таго ж, ужо нарадзілася старэйшая дачка Вольга, а з-за работы мяне дома амаль не было. Акрамя звычайных абавязкаў, прыходзілася бываць на шматлікіх семінарах, нарадах у розных гарадах Расіі.


Чатыры гады сям’я Смолік пражыла ў Варкуце. Васілій Фёдаравіч працаваў загадчыкам аддзела камунальнай гігіены гарадской санэпідэмстанцыі. Тут, у горадзе за паўночным палярным кругам, нарадзілася малодшая Алеся.

– У 1982 годзе Сыктыўкар падзялілі на раёны і адпаведна былі адкрыты дзве раённыя санэпідэмстанцыі. Ішоў набор кадраў, і мяне запрасілі галоўным санітарным урачом у Куратаўскі раён. Гэту пасаду займаў з 1983 года на працягу пяці гадоў. У канцы 80-х, як ведаеце з гісторыі, пачаліся тэндэнцыі да перастройкі і гарадскія раёны скасавалі, – вядзе далей размову Васілій Фёдаравіч. – Галоўны ўрач рэспубліканскай санітарна-­эпідэміялагічнай станцыі паклікаў назад да сябе на пасаду намесніка. Толькі на гэты раз, можна сказаць, не пакінуў мне выбару. Праз год мяне назначылі галоўным санітарным урачом Рэспублікі Комі. Таксама выконваў абавязкі намесніка міністра аховы здароўя па сваім накірунку. Не магу сказаць, што было складана. Вопыту было дастаткова, рэспубліку я добра ведаў, калектыў у нашай службе быў выдатны. Усё складвалася добра, але… Мяне нейкай неверагоднай сілай цягнула на Радзіму.


«Дзе б чалавек ні жыў і як бы добра ні ўладкаваўся, на Радзіме яму намнога лепш»

З Ліды ў Навагрудак

Васілій Фёдаравіч перастаў супраціўляцца смутку па роднай Беларусі, якую наведваць даводзілася зусім рэдка. Да таго ж, падрасталі дочкі і паўстала пытанне выбару іх будучай прафесіі і месца вучобы.

– Гавораць, што Іванава – гэта горад нявест. Паверце, Сыктыўкару ён значна ўступае! – абвергнуў вядомую ісціну Васілій Фёдаравіч. – А мы разумелі, што, акрамя вучобы, дзяўчатам патрэбна будзе і замуж выходзіць. Параіліся з Галінай і вырашылі пераехаць на Гродзеншчыну. Праблем з працаўладкаваннем і жыллём не ўзнікла. Спачатку жылі ў Лідзе, быў намеснікам галоўнага санітарнага ўрача. Потым прапанавалі ўзначаліць санітарную службу ў Навагрудку. Ведаеце, прыкладна ў 1990 годзе, яшчэ падчас работы ў Комі, я з калегамі па абмене вопытам прыязджаў у Беларусь. І наведвалі мы менавіта Навагрудак. У той час я і ўявіць не мог, што праз шэсць гадоў буду тут жыць і працаваць.

20 гадоў 2 месяцы і 2 дні

Менавіта столькі Васілій Фёдаравіч з’яўляўся галоўным санітарным урачом Навагрудскай санэпідэмстанцыі, а затым цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.


– Я ні разу не пашкадаваў, што зрабіў гэты крок і пераехаў практычна на сваю малую радзіму. Калі вярнуць час назад, то я зрабіў бы гэты крок зноў, – упэўнены Васілій Фёдаравіч. – За 20 гадоў работы ў Навагрудку ўспамінаў сабралася, мабыць, на цэлую кнігу. Галоўнае – увесь калектыў заўсёды адказна ставіўся да сваіх абавязкаў, якія ахоплівалі ўсе сферы жыццядзейнасці людзей ад нараджэння да смерці. Дзяржаўны санітарны нагляд – гэта пастаянны кантроль, праверкі і, як следства, пакаранне рублём за парушэнні. Аднак ніякіх негатыўных адносін да сябе я ніколі не адчуваў. І сёння людзі, з кім даводзілася мець зносіны па рабоце, заўсёды вітаюцца і пытаюць: як справы? Мне здаецца, гэта аб чымсьці ды гаворыць. І сам я з задавальненнем успамінаю ўсе гады работы. А інакш і быць не можа – я рэалізаваўся ў прафесіі і заўсёды працаваў з выдатнымі людзьмі.

Формула трох «Д» не працуе

Можна часта пачуць, як людзі, якія знаходзяцца на пенсіі, расказваюць, што жывуць па формуле трох «Д»: «Даношваю + Даядаю = Дажываю». Для Васілія Фёдаравіча гэты прынцып зусім неактуальны. Зрэшты, актыўным гэты чалавек быў заўсёды.

– У мяне зусім няма часу. У сезон разам з жонкай штодзённа ездзім на дачу. Вырошчваем садавіну і гародніну. Некалькі гадоў таму стаў займацца пчалярствам. Ну што можа быць лепш за прадукцыю ўласнай «вытворчасці»? А як любяць бываць у вёсцы ўнукі! Да таго ж, праца на зямлі – выдатны адпачынак, – сцвярджае В.Ф. Смолік.


А яшчэ Васілій Фёдаравіч – даўні балельшчык. І аддае перавагу не тэлевізійным версіям, а рэальным хакейным і футбольным матчам.

– Маю хобі: калекцыянер яшчэ з дзяцінства. Спачатку збіраў этыкеткі з запалкавых карабкоў, потым захапіўся фалерыстыкай – калекцыяніраваннем значкоў і гербаў гарадоў краін СССР. Ведаюць мяне і як заўзятага аматара лазні, – расказаў Васілій Фёдаравіч яшчэ аб адным сваім захапленні і аб тым, як прывучае да яго сваіх унукаў.

Пра шчасце і не толькі…

Як зачараваная, на працягу некалькіх гадзін я слухала расказ Васілія Фёдаравіча і толькі час ад часу нешта ўдакладняла. Размова была доўгай і вельмі цікавай. Больш за ўсё мяне ўразіла прастата зносін з чалавекам, які займаў такія высокія пасады. Ніякага пафасу, гонару ці самалюбавання. А яшчэ ў майго суразмоўцы выдатнае пачуццё гумару, неверагодны аптымізм і шчырая любоў і павага да сваіх родных, якімі пранізана кожнае слова пра іх.

– Канешне, я шчаслівы чалавек. У мяне самая лепшая жонка, якая заўсёды і ва ўсім мяне падтрымлівала. Выдатныя дочкі, якімі я вельмі ганаруся, сыны (так Васілій Фёдаравіч гаворыць пра сваіх зяцёў – Заўв. аўтара) і ўжо чацвёра ўнукаў. Работа, захапленні, сябры… Усё гэта, вядома, павінна быць у чалавека. Але калі няма моцнай і дружнай сям’і, ні аб якім пачуцці шчасця размовы ісці не можа. Таму ўсім навагрудчанам хачу пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту і шчасця ў сем’ях. Ну а гораду, які хутка адзначыць такі важны юбілей, росквіту і мірнага неба.

Анастасія Пятрова, «НЖ»