«Усё вырашае сэрца». Першыя рэкалекцыі прайшлі ў парафіі Святога Казіміра аграгарадка Уселюб

«Усё вырашае сэрца». Першыя рэкалекцыі прайшлі ў парафіі Святога Казіміра аграгарадка Уселюб

«Усё вырашае сэрца». Першыя рэкалекцыі прайшлі ў парафіі Святога Казіміра аграгарадка Уселюб

07 августа 2019 2073

Рэкалекцыі пад такой назвай упершыню прайшлі ў парафіі Святога Казіміра аг. Уселюб. Іх удзельнікамі сталі 15 вернікаў рознага ўзросту з Навагрудка, Ліды, Бярозаўкі, Іўя, Ваўкавыска. Духоўныя сустрэчы арганізаваў і правёў настаяцель парафіі ксёндз Віталій Цыбульскі.

  – Хутка споўніцца тры гады, як я быў накіраваны служыць на Уселюбскую зямлю, – расказвае ксёндз Віталій. – Увесь гэты час крок за крокам я рухаўся да адной мэты – «ажывіць» парафію, зрабіць яе жыццё актыўным і насычаным. Пры падтрымцы нашых прыхаджан і іншых святароў задуманае паступова ажыццяўляецца. Галоўная мэта майго служэння і ідэя рэкалекцый – аб’яднаць духоўнае і сацыяльнае жыццё людзей. Мне хочацца паказаць вернікам, што незалежна ад узросту, прафесіі, занятасці можна жыць з верай у душы і пры любых абставінах знойдзецца час для Бога.

Удзел у богаслужэннях, супольныя малітвы, гутаркі на розныя тэмы, сумесныя справы на тэрыторыі касцёла і нават гульні на свежым паветры – усё гэта чакала ўдзельнікаў рэкалекцый «Усё вырашае сэрца».  

– Я шмат дзе бываў, наведваў іншыя парафіі, удзельнічаў у розных духоўных мерапрыемствах. Увесь гэты вопыт быў выкарыстаны пры падрыхтоўцы праграмы рэкалекцый, – адзначыў ксёндз Віталій. – Мне хацелася, каб людзі не толькі духоўна адпачылі, але і па-новаму паглядзелі на сябе і сваё жыццё.

У святара гэта атрымалася. Удзельнікі рэкалекцый шмат часу праводзілі на добраўпарадкаванай тэрыторыі каля храма, дзе ўстаноўлена вялікая альтанка з лаўкамі, столікамі і настольнымі гульнямі, папулярнымі ў Еўропе і вырабленымі спецыяльна для парафіі Святога Казіміра. Гэту прастору назвалі «Даліна Эйн-Кэрэм». Так, як і раён у паўднёва-заходняй частцы Іерусаліма. У перакладзе з іўрыта гэта назва азначае «Крыніца вінаграду». Да слова, кусты гэтай расліны тут таксама пасадзілі.









Ксёндз Віталій запэўніў, што правядзенне такіх рэкалекцый ва Уселюбе стане традыцыяй і ладзіцца яны будуць з вечара пятніцы да нядзелі. Гэта вельмі зручна для людзей, якія працуюць. Акрамя таго, каб стаць удзельнікам рэкалекцый «Усё вырашае сэрца», неабавязкова быць католікам. З карысцю правесці час тут змогуць людзі любога веравызнання. Наступную сустрэчу плануецца правесці ўжо ў другой палове жніўня.





Але ў ксяндза Віталія яшчэ шмат планаў, у тым ліку павялічыць колькасць настольных гульняў, правесці Казіміраўскі фэст «РАЗАМ». Ідэй і сіл на іх увасабленне ў святара шмат, аднак нездарма кажуць: «Адзін у полі не воін». Паважаныя навагрудчане, калі вы жадаеце прыняць удзел у рэкалекцыях ці проста наведаць касцёл з экскурсіяй, выступіць суарганізатарамі фэсту ці аказаць іншую пасільную дапамогу, звяртайцеся да ксяндза Віталія па тэл. 8-(044)-4650629, 8-(029)-2800545, ці пішыце на E-mail: casimir1433@gmail.com

Усе навіны касцёла Святога Казіміра аг. Уселюб і анонсы запланаваных мерапрыемстваў можна паглядзець на старонцы парафіі ў сацыяльнай сетцы Instagram @vselyub_church_catholic.

 

Анастасія Пятрова, “НЖ”

Фота парафіі Святога Казіміра