Сумяшчэнне выпускных экзаменаў і ЦТ, зарплаты, этычны кодэкс… Новаўвядзенні ў адукацыі тлумачыць Людміла Мароз

Сумяшчэнне выпускных экзаменаў і ЦТ, зарплаты, этычны кодэкс… Новаўвядзенні ў адукацыі тлумачыць Людміла Мароз

Сумяшчэнне выпускных экзаменаў і ЦТ, зарплаты, этычны кодэкс… Новаўвядзенні ў адукацыі тлумачыць Людміла Мароз

14 февраля 2020 2638

Сумяшчэнне выпускных экзаменаў і ЦТ, зарплаты, этычны кодэкс… Аб тым, што яшчэ абмеркавалі на выніковай калегіі Мінадукацыі па выніках работы за 2019 год сёння наша размова, з начальнікам упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама Людмілай МАРОЗ.

– Людміла Васільеўна, на што перш за ўсё павінны быць нацэлены педагогі ў сваёй рабоце?

– Галоўная тэма, якая была агучана ў выступленні міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі – гэта павышэнне якасці адукацыі і пад­рыхтоўка кадраў. Лічу, што гэта асноўныя складнікі нашай работы, бо якасць сістэмы адукацыі напрамую залежыць ад прафесіяналізму працуючых у ёй педагогаў. Я поўнасцю падтрымліваю меркаванне, што да адукацыйнай дзейнасці неабходна прыцягваць таленавітых, мэтанакіраваных, адказных, схільных да такой работы і жадаючых быць педагогамі людзей.

А самае важнае для адукацыі – узровень менавіта педагога. Нямала крокаў запланавана і для павышэння якасці адукацыі. Адзін з іх – міністэрскія кантрольныя работы. Гэта адна з падстаў для педагогаў аб’ектыўна ацэньваць веды вучняў.

Неабходна перагледзець і работу школьных псіхолагаў, якія сёння на другіх ролях і часам загружаны работай, якая ім нехарактэрна.

– Адкуль узнікла ідэя стварыць этычны кодекс для педагогаў? 

– Гэта ідэя была агучана міністрам адукацыі. Ігар Карпенка расказаў, што этычны кодэкс педагога з’явіўся ў свеце апошніх падзей, калі не лішне будзе напомніць аб некаторых момантах, у тым ліку ўплыву асобы педагога на дзяцей. Згодна з меркаваннем міністра, не павінна быць ніякіх форм насілля над дзецьмі – ні псіхалагічнага, ні славеснага. Невыкананне настаўнікам этычных норм падрывае аўтарытэт нашай прафесіі.


– Ужо не першы раз уздымаецца тэма зніжэння нагрузкі на школьнікаў. Што плануецца ў гэтым накірунку?

– Плануецца адкарэкціраваць вучэбную праграму па інфарматыцы, зменшыць нагрузку на школьнікаў без шкоды для якасці адукацыі шляхам выкарыстання міжпрадметных сувязей. Напрыклад, асноўная мэта пры зніжэння назгрузкі ў старшакласнікаў у тым, каб яны больш увагі і часу ўдзялялі профільным прадметам. Нагрузка будзе скарачацца і за кошт магчымага сумяшчэння выпускных экзаменаў з цэнтралізаваным тэсціраваннем. Праўда, гэтае пытанне пакуль знаходзіцца на стадыі абмеркавання: разыходзяцца меркаванні па парогавых балах цэнтралізаванага тэсціравання, акрамя ўсяго, трэба ўлічваць меркаванні баць­коў і дзяцей. 

– Людміла Васільеўна, Вы сказалі, што будзе адкарэкціравана вучэбная праграма па інфарматыцы – гэта будуць новыя накірункі, звязаныя з ІТ-тэхналогіямі?

– Так, у сваім дакладзе І. Карпенка адзначыў, што новым этапам у рабоце з адоранымі вучнямі і моладдзю стане праект стварэння Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Дзейнасць яго будзе накіравана на рэалізацыю здольнасцей юных дараванняў у навуцы і тэхніцы, і нашы дзеці павінны быць добра падрыхтаваныя.

Увогуле зараз асаблівая ўвага ўдзяляецца STEM-адукацыі, якая пабудавана сумесна з паркам высокіх тэхналогій. Акрамя гэтага, у адукацыі сёння з’яўляецца больш ІТ-кантэнта і нашы настаўнікі павінны таксама быць да гэтага гатовы: валодаць новымі тэхналогіямі і прысутнічаць у сацыяльных сетках.

Прысутнасць устаноў адукацыі ў інтэрнэт-прасторы неабходна і для папярэджання негатыўных праяўленняў у маладзёжным асяроддзі.  

– Выхаваўчая работа таксама адыгрывае значную ролю ў фарміраванні асобы дзіцяці. На што будзе зроблены акцэнт у гэтым накірунку?

– Асаблівая ўвага была нададзена ўдасканаленню работы з дзецьмі і моладдзю. У нашым раёне ў гэтым напрамку таксама праводзіцца вялікая работа, у тым ліку праз дзейнасць маладзёжнага парламента пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў, што садзейнічае сацыяльнай актыўнасці маладых людзей, фармаванню іх лідарскіх якасцей.

Чырвонай лініяй сёлета прой­дуць мерапрыемствы і акцыі, прысвечаныя святкаванню 75-й гадавіны перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

У школах рэспублікі другі год рэалізуецца інфармацыйна-адукацыйны праект «Школа актыўнага грамадзяніна», які садзейнічае фарміраванню ў маладых людзей аналітычных здольнасцей і камунікатыўных навыкаў.   Новай формай арганізацыі выхаваўчай, ідэалагічнай і сацыяльнай работы ў бягучым годзе стане адкрыты дыстанцыйны марафон праектаў «Мы дзейнічаем!». Педагогам і навучэнцам прадставіцца магчымасць падзяліцца вопытам рэалізацыі сацыяльных праектаў і ініцыятыў.

Падтрымліваю накірунак, які пазначыў міністр адукацыі, па неабходнасці аснашчэння кабінетаў працоўнага навучання сучаснымі станкамі, абсталяваннем, нагляднымі дапаможнікамі. Гэта дазволіць выпрацаваць практычныя навыкі ў маладых людзей, неабходныя для будучага cамастойнага і сямейнага жыцця.


– Людміла Васільеўна, якія задачы перад педагагічнай грамадскасцю пастаўлены з боку ўрада? Ну і сёння ва ўсіх на слыху аплата працы педагогаў. Што з зарплатамі?

– На пасяджэнні падагульняючай калегіі намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі Ігарам Петрышэнкам агучаны шэраг праблем, якія сёння знаходзяцца ў полі зроку Прэзідэнта Беларусі і ўрада.

У першую чаргу Ігар Петрышэнка закрануў тэму дашкольнай адукацыі, у прыватнасці няхваткі месц у дзіцячых садах, што характэрна для многіх рэгіёнаў краіны. З увядзеннем новага дзіцячага сада ў г. Навагрудку мы гэтую праблему вырашылі.

Таксама намеснік прэм’ер-міністра акцэнтаваў увагу на недапушчальнасці неабгрунтаваных платных паслуг. Дадатковыя заняткі павінны быць, калі яны накіраваны на развіццё дзяцей. Безумоўна, установы адукацыі абавязаны зараб­ляць, гэта дае магчымасць умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу, павялічваць зарплаты работнікам, але такія заняткі павінны быць толькі на добраахвотнай аснове. Гэтае пытанне мы будзем кантраляваць.

Шэраг праблемных пытанняў абмеркавалі і па сітуацыі з прафарыентацыяй, замацаваннем маладых спецыялістаў, асабліва на сяле. Шмат увагі сёння надаецца харчаванню дзяцей і недапушчэнню фактаў недакладвання прадуктаў, парушэння тэхналогіі гатавання страў, невыканання санітарных норм і правіл. Упраўленне адукацыі ўзмоцніць кантроль і ў гэтым накірунку дзейнасці.

Закрануў Ігар Петрышэнка і тэму новай сістэмы аплаты працы бюджэтнікаў. Галоўны акцэнт: новая сістэма аплаты працы спрашчае разлікі, робіць іх больш празрыстымі і пры гэтым зарплата не зніжаецца.

Наша задача – растлумачыць работнікам кожны пункт, кожнае палажэнне. Ёсць канкрэтнае даручэнне Прэзідэнта нашай дзяржавы: да 2025 года сярэдняя заработная плата педработнікаў павінна скласці 100 працэнтаў да сярэдняй зарплаты па краіне, і мы гэта павінны забяспечыць.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, які таксама прысутнічаў на пасяджэнні калегіі, адзначыў, што ў бліжэйшы час плануецца правя­дзенне сур’ёзнай нарады ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая будзе прысвечана найбольш вострым пытанням развіцця нашай сферы. Упэўнена, што ўсе пастаўленыя задачы выканальныя і будуць садзейнічаць удасканаленню сістэмы адукацыі ў цэлым і ў тым ліку – у нашым раёне.

Алена Ермакова, «НЖ»

Фота з архіва рэдакцыі