Нараджэнне Хрыстова – найвялікшае свята, усталяванае ў памяць аб нараджэнні Ісуса Хрыста ў Віфлееме

Нараджэнне Хрыстова – найвялікшае свята, усталяванае ў памяць аб нараджэнні Ісуса Хрыста ў Віфлееме

Нараджэнне Хрыстова – найвялікшае свята, усталяванае ў памяць аб нараджэнні Ісуса Хрыста ў Віфлееме

24 декабря 2020 2436

Нараджэнне Хрыстова адзначаюць хрысціяне ўсяго свету, незалежна ад таго, да якой канфесіі яны належаць. 25 снежня галоўную рэлігійную падзею года сустрэнуць каталіцкія вернікі. Нарэшце, людзі, якія правялі Адвент у пакаянні і ачышчэнні душы, падышлі да Раства з чыстым сэрцам і светлымі намерамі, змогуць адчуць сапраўдную калядную радасць і падзяліцца ёй з бліжнімі.

Традыцыі святкавання Раства налічваюць многія стагоддзі, і сучасныя каталіцкія вернікі імкнуцца дбайна іх выконваць. У Адвент – выконваюць пост, моляцца, імкнуцца рабіць толькі добрыя справы і наведваюць асаблівыя храмавыя службы, падчас якіх успамінаюцца падзеі першага прышэсця Хрыста. У гэты ж час храмы і дамы вернікаў упрыгожваюцца «Вянкамі Адвенту», зробленымі з яловых галінак. У вянок уплятаюць чатыры свечкі: «Прароцтва», «Віфлеемская», «Пастухоў» і «Анёлаў» і ў кожную ня­дзелю Адвенту іх па чарзе запальваюць. Атрымліваецца, што з кожным тыднем набліжэння да Раства ў касцёлах і дамах становіцца ўсё святлей.

    

Непасрэдна перад святой ноччу, як толькі на небе загарыцца першая вячэрняя зорка, вернікі накіроўваюцца ў храм, а хто не мае такой магчымасці, моліцца дома. Затым уся сям’я збіраецца за святочным сталом. Вегілійная вячэра – галоўны абрад напярэдадні Раства. Бель вегілійнага абруса нагадвае пра бездакорную чысціню алтара, чысціню людскіх сэрцаў, думак і памкненняў. Жменя сена пад абрусам сімвалізуе яслі, у якіх спаў маленькі Езус у Віфлееме. Пасля малітвы родныя дзеляцца аплаткай (вельмі тонкі белы лісток прэснага хлеба з каляднымі малюнкамі) і гавораць адзін аднаму пажаданні. Даць аплатку – значыць ахвяраваць іншаму чалавеку сваю ўдзячнасць і прабачэнне, падзяліцца сваёй дабрынёй.



У дні падтрыхтоўкі і святкавання Нараджэння Хрыстова ў каталіцкіх прыходах заўсёды шмат увагі ўдзяляецца дзецям. Святары ўпэўнены, калі хлопчыкі і дзяўчынкі з самага ранняга ўзросту будуць разумець важнасць і сапраўднае значэнне свята, ведаць, як правільна рыхтавацца і сустракаць Раство, то ў будучым яны вырастуць шчырымі вернікамі і ўжо ў сваіх сем’ях абавязкова будуць захоўваць хрысціянскія традыцыі.


Настаяцель касцёла Святога Казіміра аграгарадка Уселюб ксёндз Віталій Цыбульскі:

– Хрысціянства – гэта не міф і не легенда, гэта не філасофія і не тэорыя. Хрысціянства – гэта гістарычная асоба Езуса Хрыста. Бог нарадзіўся ў чалавечым абліччы, і з тых часоў жадае нараджацца зноў – цяпер духоўна ў нашых сэрцах.

Бог бяссільны перад таямніцай чалавечай волі і злосці, перад таямніцай чалавечага сэрца. Ён не хоча браць нашы сэрцы сілай. Праз нараджэнне Езуса і з дапамогай Багародзіцы Марыі ён нам кажа: Божая любоў дзейнічае. Ён сапраўды добры, нават калі не паказвае сябе ўсемагутным у справе збаўлення нас ад крыжоў і жыццёвых выпрабаванняў.

Хачу пажадаць усім людзям узброіцца прастатой, пакорай і чыстым сэрцам, каб вы змаглі разгледзець у немачы маленькага дзіцяці ўсемагутнасць Бога. Езус нам часта паўтарае: «Калі не будзеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае». Таксама ён адкрыў нам, што мы – умілаваныя дзеці Нябеснага Айца. Быць як дзеці, адчуваць надзейную руку Бацькі, быць упэўненымі ў яго абароне, нічога не баяцца – гэта адчуваюць тыя, хто верыць свайму Бацьку. Гэта адчуваюць тыя, хто адчыніў сваё сэрца для Бога.

Са святам, з Наражэннем Хрыстовым! І благаславі ўсіх Гасподзь…

Падрыхтавала Анастасія Пятрова, "НЖ"