У мастацкай сядзібе «Шчорсы» прайшоў вернісаж

У мастацкай сядзібе «Шчорсы» прайшоў вернісаж

У мастацкай сядзібе «Шчорсы» прайшоў вернісаж

23 августа 2019 1217

Спадчына роду Храптовічаў: вяртанне з небыцця. У пятніцу ў мастацкай сядзібе «Шчорсы» прайшоў вернісаж – першы вынік пленэру мастацкай суполкі «Арт-Мука», які праходзіў у шчорсаўскіх ваколіцах.

Амаль тыдзень пяць маладых мастачак працавалі ў шчорсаўскіх ваколіцах на другім мастацкім пленэры «Арт-Шчорсы». Усе дзяўчаты – даўнія сяброўкі і аднадумцы, выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, члены мастацкай суполкі «Арт-Мука». Пленэры яны ладзяць штогод, а вось на Навагрудчыне ўпершыню. І краявіды нашага краю, падмацаваныя даўняй і вельмі цікавай гісторыяй, натхнялі мастакоў на стварэнне сапраўдных шэдэўраў – няхай і невялікіх. 

Большасць работ, народжаных падчас пленэра – эцюды, замалёўкі, эскізы, – акварэльныя. У графіцы працуе толькі адна з мастачак – Галіна Флікоп-Світа. На эцюдах – шчорсаўскія пейзажы: дрэвы ў азёрнай гладзі, сонечныя прамяні на паркавых сцежках, навакольныя палі і вясковыя вуліцы 

На вернісаж у мастацкай сядзібе «Шчорсы» сабраліся валанцёры, якія праводзяць тут летнік, маленькія выхаванцы лагера Шчорсаўскай школы, мясцовыя жыхары. Мастакі расказалі аб тым, як тут працавалася і як нараджаецца мастацтва. 

Мастаку вельмі важна, у якіх умовах ён працуе. Мясцовым Барбізонам для дзяўчат стала аграсядзіба «Шчорсы». Прыгожы ўтульны дом на берагах храптовічаўскіх сажалак гасцінна расчыніў дзверы. Маляўнічая альтанка, старыя дрэвы, блізасць гістарычных пабудоў, камфортны побыт – усё разам стала падставай, каб дзяўчаты папрацавалі тут плённа і зацікаўлена.


Прыехаўшы дадому, мастакі прцягнуць працу над эцюдамі, накідамі, магчыма, творча пераасэнсуюць тое, што ўбачылі тут – і народзяцца новыя, больш маштабныя і па-мастацку дасканалыя творы. А іх можна будзе ўбачыць на новым вернісажы – ужо ў сталіцы. І спадчына роду Храптовічаў вернецца з небыцця не толькі для спецыялістаў, прыхільнікаў і знаўцаў гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі, але і для больш шырокай аўдыторыі.

Ірына Ходар, “Нова-ТБ”

Фота Яўгенія Грыцука, “Нова-ТБ”