"НЖ" пабывала ў краіне маленства выхаванцаў дзіцячага сада №10 г. Навагрудка

"НЖ" пабывала ў краіне маленства выхаванцаў дзіцячага сада №10 г. Навагрудка

"НЖ" пабывала ў краіне маленства выхаванцаў дзіцячага сада №10 г. Навагрудка

01 октября 2019 3429

Дзіцячы сад – асаблівы свет, поўны фарбаў і яркіх уражанняў. Тут заўсёды смачна пахне, а на парозе дзетак сустракаюць добрыя і ветлівыя выхавальнікі. Для іх педагогіка – не прафесія, а лад жыцця, любоў – не прыгожае слова, а пачуццё, якое яны дораць сваім выхаванцам. У гэтым я ўпэўнілася падчас знаёмства з яслямі-садам №10, які па праву заняў трэцяе месца ў раённым конкурсе «Установа адукацыі ўзорнай якасці і парадку».

 

– Сёння ў бацькоў ёсць магчымасць выбраць дзіцячы сад, які будзе наведваць іх сынок ці дачушка, – адзначае загадчыца яслей-сада №10 Алена Кур'ян. – Яны шукаюць такую дашкольную ўстанову, у якой да дзіцяці будуць ставіцца з павагай, дзе для яго знойдуць цікавыя заняткі. Таму невыпадкова ў нашым дзіцячым садзе асаблівая ўвага надаецца якасці адукацыі і пошуку індывідуальнага падыходу да кожнага выхаванца. Не апошняя роля ў гэтым належыць адносінам у калектыве. З гонарам магу сказаць, што нашы педагогі працуюць як адна згуртаваная каманда – любую задачу мы заўсёды рашаем разам. Гэта вельмі важна ў рабоце з асаблівымі дзеткамі. У нашым дзіцячым садзе функцыянуюць тры спецыяльныя групы для дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту. У іх выхоўваецца і навучаецца 36 дзетак з цяжкімі парушэннямі мовы. Дзякуючы добра наладжанай сістэматычнай рабоце, у большасці выпускнікоў дадзеных групп мова прыходзіць у норму – у першы класс яны ідуць абсалютн аздаровымі. У гэтым кірунку нашымі добрымі памочнікамі сталі гульні – у дашкольным узросце дзеці з лёгкасцю вучацца гуляючы. Групы, у якіх займаюцца выхаванцы, лагапедычныя кабінеты, музычная зала і нават гульнёвая пляцоўка на двары аснашчаны дыдактычнымі матэрыяламі, дапаможнікамі, развіваючымі і інтэрактыўнымі гульнямі. Вялікую падтрымку нам аказваюць бацькі. Так, у гэтым годзе яны дапамаглі педагогам аформіць тэматычныя веранды для вывучэння правілаў дарожнага руху, азнаямлення з навакольным светам і паляпшэння сэнсорнага развіцця дзяцей.


Вучымся па-беларуску

У апошні час усё больш бацькоў аддаюць перавагу беларускай мове навучання ва ўстановах дашкольнай дукацыі.

У дзіцячым садзе № 10 функцыянуюць тры беларускамоўныя группы: 56 выхаванцаў не толькі вучацца размаўляць на роднай мове, а таксама знаёмяцца з фальклорам, культурай і традыцыямі свайго народа.


– Паўсядзённай практыкай у беларускамоўных групах стала закалыхванне лялек, праслухоўванне і абыгрыванне дзецьмі беларускіх народных калыханак, песень, забаўлянак, кароткіх вершаў, казак, – расказвае выхавальнік сярэдняй беларускамоўнай групы Марына Калядзюк. – Дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у карагодных гульнях, якія садзейнічаюць наладжванню ўзаемаадносін памiж iмi, выклікаюць жаданне размаўляць адно з адным. Захапіўшыся гульнёй, выхаванцы не заўсёды заўважаюць, што яна вядзецца на беларускай мове. Гэта добрая магчымасць для развiцця цікавасці да роднай мовы.

Дружна, смела, з аптымізмам

Фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця, захаванне і ўмацаванне здароўя – адзін з прыярытэтных напрамкаў у рабоце любой сучаснай дашкольнай установы адукацыі. Далёка не кожны дзіцячы сад можа пахваліцца наяўнасцю ўласнага басейна. Выхаванцы яслей-сада № 10 наведваюць басейн раз на тыдзень бясплатна. Сістэматычныя заняткі плаваннем з ранняга ўзросту выдатна загартоўваюць дзіця, робяць яго менш схільным да захворванняў, стымулююць правільнае фізічнае развіццё, умацоўваюць нервовую сістэму. Настаўнік фізічнай культуры расказала нам, што заняткі плаваннем прыносяць абсалютна ўсiм дзецям вялікае задавальненне. Весела праходзяць спартыўныя святы, эстафеты, дні здароўя, у якіх разам з выхаванцамі дашкольнай установы ўдзельнічаюць дарослыя – бацькі і педагогі. Уласны прыклад – адзін з самых лепшых метадаў выхавання.

Вуснамi дзяцей

Дзіцячы сад – гэта дом, вокны якога заўсёды адчынены ў дзяцінства. А дзяцінства – яно творчае, яркае і неабсяжнае. А ведаеце чаму? Таму, што дзеці ўмеюць марыць і цудоўна фантазіруюць. Юныя мастакі з задавальненнем ператвараюць сумны свет дарослых у нешта крэатыўнае і непаўторнае. Вось і выхаванцы старэйшай групы на пытанне «Што вам больш за ўсё падабаецца ў дзіцячым садзе?» хорам адказалі – «Маляваць!»


«Я яшчэ люблю сваіх сяброў», – дадала Арына Качкевіч.

«А я – Юлію Аляксандраўну. Гэта мая любімая выхавальніца», – патлумачыў Арсеній Кулік.

«А мне ўсё падабаецца», – сказала Караліна Мікульская.

«Можна, я раскажу аб тым, што я не люблю?» – спытала Арыяна Пухоўская.

Усім стала цікава.

«Я не люблю хварэць! Дома – сумна…» – прызналася дзяўчынка.

 

Слова бацькам

Ірына Несцер:

– Наш дзіцячы сад – саамы лепшы ў свеце. Тут майму сыну камфортна і цікава. Кіруша ходзіць у старэйшую групу. Ён з захапленнем расказвае, чаму навучыўся ў садзіку, што кожны дзень напоўнены адкрыццямі і яркімі ўражаннямі. Сыну вельмі падабаецца лепка, маляванне, танцы, плаванне, развіццё мовы, матэматыка – усе заняткі праходзяць на вышэйшым узроўні. Я вельмі задаволена, што мой сын наведвае менавіта гэты дзіцячы сад. Выказваю падзяку ўсяму педагагічнаму калектыву ўстановы за шчаслівае дзяцінства майго сына!

Марына Чубрык:

– З гэтым дзіцячым садам звязана ўсё маё жыццё. Калісьці я сама была выхаванкай яслей-сада №10, а мая мама тут працавала. Я вельмі люблю дзяцей. Калі паўстала пытанне выбару прафесіі, у мяне не ўзнікла сумненняў. Я паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Я. Купалы, а пасля яго заканчэння вярнулася ў родны дзіцячы сад у якасці педагога дашкольнай адукацыі. Вось ужо 18 гадоў з задавальненнем займаюся любімай справай – выхаваннем і навучаннем самых маленькіх жыхароў Навагрудка. Мая дачка Насця ужо другі год наведвае яслі-сад №10. Яна з радасцю ходзіць у дашкольную ўстанову. І гэта не таму, што мама тут працуе – створаны ўсе ўмовы, каб дзеці адчувалі сябе як дома.

 

Калектыў нашага дзіцячага сада – сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія ўсё ўмеюць, – сказала напрыканцы размовы Алена Кур’ян. – Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць бацькам за тое, што яны даверылі нам выхаванне сваіх дзяцей, а калектыву – за крэатыў, працавітасць, паразуменне і падтрымку.

Таццяна Сазановіч, «НЖ»