У краіне маленства. Расказваем пра Любчанскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці

 У краіне маленства. Расказваем пра Любчанскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці

У краіне маленства. Расказваем пра Любчанскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці

15 июня 2019 1888
Прафесійныя педагогі і бяспечныя ўмовы прабывання, увага і клопат пра кожнае дзіця, утульная абстаноўка і цёплая атмасфера – асноўныя арыенціры ў рабоце любой установы адукацыі. Але не толькі гэта. Мы працягваем знаёмства з установамі да­школьнай адукацыі Навагрудчыны. На гэты раз завіталі ў Любчанскі да­школьны цэнтр развіцця дзіцяці (ДЦРД). Чаму менавіта сюды? Наш выбар не быў выпадковы – Люб­чанскі ДЦРД па выніках работы за мінулы год заняў другое месца ў раённым конкурсе «Установа да­школьнай адукацыі ўзорнай якасці і парадку».




– Не проста мэта нашай работы, а сапраўдная місія кожнага дзіцячага сада – гэта забеспячэнне якаснай дашкольнай адукацыі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі дзяржавы, грамадства, сям’і, – падкрэсліла загадчык Любчанскага ДЦРД Марына РАДЗЬКО, якая работай установы кіруе апошнія два гады. – Дашкольная ўстанова – гэта не проста месца, дзе дзеці знаходзяцца, пакуль іх бацькі працуюць. Гэта паўнавартасны адукацыйны цэнтр, дзе створаны ўмовы для выхавання хлопчыкаў і дзяўчынак, развіцця іх індывідуальных магчымасцей, пад­рыхтоўкі дзяцей да далейшага навучання ў школе, аздараўлення. «Дзіцячы сад–сям’я–соцыум» – вось мадэль нашай работы.
Як расказала Марына Радзько, у Любчанскім ДЦРД практыкуюць розныя формы работы для таго, каб адаптацыя дзяцей да дашкольнай установы прайшла максімальна хутка, а таксама аказваюць адукацыйную паслугу па навучані і выхаванні  на даму для дзяцей, якія не навед­ваюць дзіцячы сад. Непасрэдна для выхаванцаў у цэнтры праходзіць шмат самых разнастайных заняткаў, якія накіраваны на пашырэнне кругагляду дзяцей і развіццё іх здольнасцей.
– Мы не стаім на месцы і пастаянна ўдасканальваем адукацыйны працэс, – адзначыла кіраўнік. – Праводзяцца розныя заняткі, ладзяцца шматлікія мерапрыемствы розных накірункаў і тэматыкі. Акрамя гэтага, у бягучым годзе пашырылася кола паслуг для выхаванцаў звыш базавага кампанента – арганізаваны тры групы па накірунках «Англійская мова», «Творчая майстэрня», «Харэаграфія». Пры падтрымцы бацькоў, упраўлення адукацыі райвыканкама і ААТ «Прынёманскі» абнаўляем матэрыяльна-тэхнічную базу. Мы шмат зрабілі, але не менш планаў і на будучы навучальны год.
Даведка «НЖ» Яслі-сад у г.п. Любча быў адчынены ў 1986 г. Праз 20 гадоў рашэннем Навагрудскага райвыканкама ўстанове быў нададзены статус дзяржаўнай ўстановы адукацыі «Любчанскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна». На сённяшні дзень ва ўстанове функцыяніруюць 4 рознаўзроставыя групы, у тым ліку адна спецыяльная для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы. Агульная коль­касць выхаванцаў – 54 дзіцяці.


Сцежкамі малой радзімы

Прыгожыя краявіды Любчы і яе багатая гісторыя не маглі не паўплываць на змест работы ўстановы. Выхаванцы вывучаюць народныя танцы, песні, прыказкі, мясцовыя традыцыі і абрады, прымаюць актыўны ўдзел у майстар-класах ад майстроў народных рамёстваў Любчанскага краю і асвойваюць розныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. 
У гэтым навучальным годзе дзеці паўдзельнічалі ў гістарычным квэсце «Друкаванае слова ў Любчы», каманднай гульні-спаборніцтве «Гучы, роднае слова», забаве «Беларускія вячоркі» і многіх іншых мерапрыемствах. 

Пошукі новых форм работы натхнілі педагагічны калектыў на стварэнне гульнявых дапаможнікаў – лэпбукаў «Беларусь – мая Радзіма» і «Па сцежках малой радзімы». У гэтых «кнігах на каленях» сабраны матэрыялы аб сімволіцы Беларусі, традыцыях народа, працаўніках малой радзімы, мясцовая калыханкі і інш. Працуе ва ўстанове таксама інтэрактыўны электронны адукацыйны рэсурс «Па сцежках маёй Радзімы». Дашкаляты разам з выхавацелямі нават займаюцца даследчай работай – вывучаюць гісторыю прамысловых прадпрыемстваў пасёлка «Любчанскія ласункі». А для азнаямлення дзяцей з працай земляробаў у цэнтры маецца міні-музей «Хлеб – усяму галава». І, паверце, гэта яшчэ не ўсе прыгоды з нацыянальным каларытам, у якіх пабывалі маленькія жыхары Любчанскага краю.

Здароўе + бяспека = жыццё

Гэты нестандартны прыклад – яшчэ адна формула паспяховай работы ўстановы. Аб тым, што дзецям з маленства патрэбна прывіваць прывычкі здаровага ладу жыцця і бяспечных паводзін, ведаюць многія, але выконваюць адзінкі. У Любчанскім ДЦРД не разважаюць, а робяць.
Праз гульні і квэсты разам з казачнымі героямі дзеці вывучаюць асновы бяспечных паводзін на вуліцы і дома, ладзяць хвілінкі бяспекі і наведваюць паказы мультфільмаў «Беражы сябе», вучацца правільна дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях. Каб дзеці хутка і назаўсёды засвоілі правілы бяспекі, у цэнтры абуладкаваны спецыяльныя інтэрактыўныя пляцоўкі па правілах дарожнага руху і супрацьпажарнай бяспецы.
Навучыць дзяцей сачыць за сваім здароўем? Лёгка! Рухомыя гульні, спартыўныя святы, тэматычныя тэатралізаваныя пастаноўкі, эксперыменты з карыснымі і шкоднымі прадуктамі харчавання, дыскусіі з медыцынскім работнікам – гэтыя і іншыя формы работы ў Любчанскім ДЦРД звычайная штодзённая справа. Дадаём да ўсяго пералічанага выкананне рэжыму дня, здаровае харчаванне, дзённы сон, прагулкі на свежым паветры, заняткі фізкультурай – і атрымліваем сапраўдную тэрыторыю здароўя.













Вуснамі дзяцей


Што вам падабаецца ў дзіцячым садзе? – з такім пытаннем я звярнулася да самых маленькіх выхаванцаў Любчанскага ДЦРД.  
– Іграць з мазаікай і лялькамі, – смела адказвае Анастасія ДЗЕДУЛЬ.  
– А мне іграць на вуліцы. А яшчэ есці, – дадае Валерыя ЛОГІН.  
Дзяўчынкі яшчэ толькі вучацца граматна будаваць сваю мову, але я ўпэўнена, што ў хуткім часе яны змогуць самі, без дадатковых пытанняў, расказаць пра свой дзіцячы сад. Але аб тым, што ў цэнтры дзяўчынкам сапраўды падабаецца, лепш за словы гавораць іх радасныя ўсмешкі.

Слова бацькам


Дзіяна АМЕЛІНА:
– Майму сыночку Мацвею праз пару месяцаў споўніцца тры гады. Калі рыхтаваліся ісці ў дзіцячы сад, я, канешне, перажывала: як Мацвей адрэагуе на змену абстаноўкі, як будзе адчуваць сябе ў дзіцячым калектыве. Але, дзякуючы таму, што мы загаддзя пазнаёміліся з цэнтрам і наведвалі спецыяльныя заняткі, адаптацыя сына прайшла паспяхова і спакойна. Ён кожны дзень ідзе ў сад з задавальненнем, а дамоў вяртаецца з новымі ведамі. За гэты год Мацвей шмат чаму навучыўся і працягвае пашыраць свой кругагляд. Вядома, вялікая заслуга ў гэтым нашых выхавацелей – Ганны Уладзіміраўны Шмык і Таццяны Іванаўны Буйвал. Хачу таксама сказаць, што бацькі не з’яўляюцца староннімі назіральнікамі, а разам з дзецьмі прымаюць самы актыўны ўдзел у многіх справах установы.

Сяргей ФІЛІТОВІЧ:
– Наша малодшая дачка Яўгенія ўжо выпускніца, гэты год у дзіцячым садзе для яе апошні. Без сумненняў, наведванне дашкольнай установы і для яе, і ўвогуле для любога дзіцяці, толькі на карысць. Работа, якая праводзіцца ў садах, вельмі дапамагае баць­кам у выхаванні і развіцці іх дзяцей. Наш Любчанскі ДЦРД хоць і сельская ўстанова, але, я ўпэўнены, нічым не ўступае гарадскім. Право­дзяцца разнастайныя заняткі, працуюць гурткі, удасканаль­ваецца матэрыяльна-тэхнічная база, падтрымліваецца парадак на тэрыторыі. Добра і тое, што ў цэнтра ёсць свой сайт. Гэта дае магчымасць бачыць, чым нашы дзеці займаюцца, у якіх мерапрыемствах удзельні­чаюць, атрымліваць розную карысную інфармацыю. Жадаю калектыву цэнтра толькі поспехаў.



 Марына Уладзіміраўна расказала пра кожны накірунак работы цэнтра (а іх, паверце, нямала), дасягненні выхаванцаў, сумесную дзейнасць з бацькамі і поспехі. Бягучы 2018/2019 навучальны год для Любчанскага ДЦРД аказаўся шчодрым на ўзнагароды. У скарбонцы калектыву 21 дыплом па выніках удзелу ў конкурсах раённага ўзроўню, дыплом ІІ ступені ў абласным конкурсе відэаролікаў і прызавое месца ў раённым конкурсе «Установа дашкольнай адукацыі ўзорнай якасці і парадку». Гэта не проста лічбы і словы – за кожным конкурсам стаіць вялікая работа кіраўніка, калектыву, бацькоў і, канешне, маленькіх любчан.
– Хачу выказаць словы падзякі бацькам і нашым сацыяльным партнёрам за дапамогу і падтрымку, працоўнаму калектыву – за адданую работу і імкненне кожны дзень ісці толькі наперад, – сказала напрыканцы Марына Уладзіміраўна. – З цягам часу многае забываецца, асабліва тое, што адбываецца з намі ў раннім дзяцінстве. Таму, вядома, нашы дзеці не будуць так помніць сад, як, напрыклад, школьныя гады. Але гэта і не важна. Дзіцячы ўзрост – гэта час, калі закладваюцца асновы здароўя, асобы, інтэлекту. Таму мы ўсімі сіламі імкнёмся дапамагчы бацькам у развіцці дзіцячых здольнасцей, навыкаў зносін і сацыялізацыі.   
Старонку падрыхтавала 
Анастасія Пятрова, «НЖ»