Творчы вечар і прэзентацыя выстаўкі мастака Віктара Залаціліна адбыліся ў Цэнтры рамёстваў

Творчы вечар і прэзентацыя выстаўкі мастака Віктара Залаціліна адбыліся ў Цэнтры рамёстваў

Творчы вечар і прэзентацыя выстаўкі мастака Віктара Залаціліна адбыліся ў Цэнтры рамёстваў

28 марта 2020 2577

«65 фарбаў на палітры майго жыцця» – пад такой назвай у чацвер у Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў прайшоў творчы вечар і адкрыццё выстаўкі «Ты зямля мая, родная, мілая!» мастака Віктара Залаціліна.

Віктар Мікалаевіч 23 сакавіка адзначыў 65-гадовы юбілей. Шмат шчырых віншаванняў у адрас юбіляра прагучала як у дзень нараджэння, так і падчас творчага вечара. А таксама ў гонар юбілею навагрудскія аўтары Алена Піразева і Ганна Валенцік прысвяцілі мастаку вершаваныя творы. А землякі Ала Ярмак і Мікалай Герасімаў падрыхтавалі відэакліп, прысвечаны малой радзіме мастака – вёсцы Купіск.


У вёсцы Купіск на ўлонні прыроды,  дзе сінявокі Нёман нясе свае воды, вясной зацвітае чаромха і пяюць салаўі, тут у простай вясковай сям’і нарадзіўся хлопчык, дзякуючы якому зараз пра гэта мясцэчка, яго прыгожыя краявіды ведаюць многія далёка замежамі нашай краіны.

65 гадоў – шлях сур’ёзны. Кожны чалавек мае ўспаміны. Яны вяртаюць нас у мінулае, абуджаюць розныя пачуцці, кранаюць тонкія струны душы. Сваімі ўспамінам і з дзяцінства, і з юнацтва,  дзяліўся з гасцямі Віктар Залацілін. А таксама пра яго жыццёвы і творчы шлях шмат напісана ў газетах, у часопісе «Імёны», ёсць нават дакументальны фільм.


У часопісе «Імёны» чытаем: «У сваёй Купіскай школе Віктар больш за ўсё любіў два прадметы: гісторыю і геаграфію. Пасля ўрокаў часта сядаў у лодку і плыў уніз па Нёмане на некалькі кіламетраў у пошуках прыгод. Невыпадкова, што пасля заканчэння школы ён паступіў на геафак БДУ. Не з першага разу, а з другога. Зрэшты, гэта не перашкодзіла яму стаць адным з лепшых студэнтаў патока і атрымаць важкую мянушку ад аднагрупнікаў – «Баця».

– Мне давялося пажыць і ў сталіцы, але мілей за ўсё мой родны Купіск, – падкрэсліў падчас сустрэчы Віктар Мікалаевіч. – Неяк прыехаў з Мінска адпачыць у родную вёску месяц, а застаўся на ўсё жыццё. Мяне запрасілі падмяніць адпачынак настаўніка ў маёй роднай Купіскай школе. Аднак работа зацягнула на 4 гады, працаваў да закрыцця школы. З часам пачаў пісаць карціны.


Так пачаўся новы перыяд у жыцці будучага мастака. Віктар Мікалаевіч зразумеў, што жывапіс не проста захапленне, гэта сэнс усяго яго жыцця. Зараз мастак жыве ў бацькоўскім доме і ўсёй душой аддаецца прыродзе, якая акружае і імкнецца па-свойму перадаць яе прыгажосць. Яго тэхніка не падобна на тэхнікі іншых мастакоў, у яго свой стыль. Кожная работа – гэта маленькая частка роднай зямлі мастака, прыгажосць якой ён паказвае ў розныя поры году. Найбольш любімымі для яго з’яўляюцца зіма і лета. Любіць маляваць Віктар Мікалаевіч Залацілін ранак ці вечар, калі прырода толькі прачынаецца ці наадварот адыходзіць у ноч і яе абдымае мяккімі далонямі туман. Пейзажы ўражваюць сваім лірычна-драматычным гучаннем.

Першая персанальная выстаўка мастака была арганізавана ў 2005 годзе ў Доме-музеі Адама Міцкевіча. За гэты час прайшлі 33 персанальныя выстаўкі як на Навагрудчыне, так і ў Гродне, Мінску і іншых гарадах. Работы Віктара Залаціліна асаблівыя, яны напоўнены любоўю да роднага Купіска.


Зараз колькасць работ Віктара Залаціліна складае больш чым 450 карцін, частка іх знаходзіцца ў прыватных калекцыях. Дваццаць работ мастак перадаў у дар жыхарам горада Навагрудка. На выстаўцы ў Цэнтры рамёстваў выстаўлены карціны апошніх гадоў, а таксама чатыры работы, напісаныя ў 2020 годзе.

Дзякуючы Віктару Мікалаевічу, многія людзі, якія жывуць далёка ад Купіска, маюць магчымасць захапляцца хараством і багаццем наднёманскай прыроды.


Сустрэча прайшла ў цёплай абстаноўцы, падарыла прысутным магчымаць зносін з мастаком, аўтарам выдатных работ, кожная карціна якога – асобны свет, не падобны ні на што.

Музычныя нумары падрыхтавалі супрацоўнікі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.


Вольга Пісар, "НЖ"