Цудоўны скарб – наша родная мова

Цудоўны скарб – наша родная мова

01 декабря 2021 1582

У кожным куточку, дзе б’ецца беларускае сэрца, жыве беларуская мова. Жыве па-рознаму: у штодзённай гамонцы, у песнях і казках, у школьных падручніках і цудоўных творах літаратуры. Матчына мова, родная мова! Менавіта так, шаноўна і ласкава, вучні і настаўнікі Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы называюць гэты бясцэнны духоўны набытак.

«Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…» І неад’емная частка гэтай спадчыны — родная мова. Яна не проста сродак зносін, з дапамогай якога людзі наладжваюць сувязі, абменьваюцца інфармацыяй, яна — своеасаблівае люстэрка жыцця народа, яго грамадскага i культурнага развіцця.

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў нашай установе адукацыі – гэта сапраўднае свята! На працягу 150-ці гадоў ўсе прадметы выкладаюцца тут на роднай мове. Наш педагагічны калектыў упэўнены, што любоў і павагу да мовы продкаў трэба выхоўваць з маленства. А моўная культура беларускага народа надзвычай багатая i самабытная. Яна ўвасоблена ў поўных чароўнага хараства песнях, у афарбаваных міфічнасцю легендах, паданнях, мудрых прыказках, у адмысловых загадках. Таму невыпадкова першы дзень нашага прадметнага тыдня пачаўся з інтэлектуальнай размінкі для малодшых школьнікаў турніра знаўцаў «Свет беларускіх загадак». Дзеці паспарабавалі праявіць сваю эрудыцыю ў разгадванні беларускіх народных загадак. Усе без выключэння паказалі сваю актыўнасць і кемлівасць, і ніхто не застаўся без салодкіх прызоў.

Станоўча і нават узнёсла ў нашай установе адукацыі ўспрынялі акцыю «Размаўляй са мной па-беларуску!», мэта якой не толькі далучэнне да багатай моўнай спадчыны беларускага народа, але і пашырэнне лексічнага запасу, ператварылася ў калектыўную творчую справу, якая ахапіла ўсіх супрацоўнікаў нашай установы адукацыі, вучняў і іх бацькоў. Хацелася, каб і дарослыя, і дзеці глыбей усвядомілі: мы – беларусы, у нас ёсць свая мова, непаўторная, мілагучная, якую трэба ведаць і шанаваць, каб пакінуць у спадчыну сваім дзецям. А каб стварыць святочны настрой нашаму мерапрыемству, з вялікай любоўю былі аздоблены тэматычныя выстаўкі і фотазоны.

Кожны дзень нашага тэматычнага тыдня пачынаўся прыгожай музычнай старонкай. Вядомыя беларускія мелодыі гучалі ў выкананні вучняў школы мастацтваў на народных музычных інструментах. А кожны жадаючы змог стаць артыстам нашага ўсеагульнага караоке-шоу «Спявай па-беларуску!»

Гонарам нашай установы адукацыі з’яўляецца Народны гісторыка-краязнаўяы музей, першым кіраўніком якога быў заслужаны настаўнік БССР Ускоў Васіль Піліпавіч. У музеі маецца этнаграфічная экспазіцыя, якая дэманструе прадметы быту, культуры, звычаяў нашай мясцовасці. З мэтай вывучэння матэрыяльнай і духоўнай спадчыны нашага народа, культурна-гістарычных скарбаў роднага краю менавіта ў музеі праводзілася этнаграфічная старонка «Куфэрак маёй бабулі». Школьнікі мелі магчымасць убачыць неабходныя ў паўсядзённым сялянскім жыцці прадметы быту, прыгожыя вышытыя ручнікі з россыпам васількоў і рамонкаў, карункавыя сурвэткі - работы сваіх бабуль і прабабуль, дакрануцца рукамі да гэтай незвычайнай прыгажосці, з заміраннем сэрца адчуць цеплыню працавітых і добрых рук.


Лірычным, паэтычным, песенным і натхнёным быў чацвёрты дзень, прысвечвны нашай любімай роднай мове – гэта агульнае ўражанне гасцей і ўдзельнікаў творчай імпрэзы – літаратурнай гасцёўні пад назвай «Ад родных ніў, ад роднай хаты…», прысвечанай 130-гадоваму юбілею з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

У незвычайна святочнай, рамантычнай абстаноўцы адбылося знаёмства вучняў старэйшых класаў з жыццём і творчасцю нашага нацыянальнага паэта. Пранікнёна гучалі радкі вершаў, прысвечаныя Радзіме, прыродзе роднага краю, светламу, вечна юнаму каханню.

Вясёлы настрой панаваў у час правядзення майстар-класа «Беларускія народныя песні і танцы», што спрыяла пашырэнню ўяўленняў дзяцей і дарослых аб танцавальнай культуры беларускага народа, узбагачэнню вопыту выканання, слухання і нават імправізацыі музыкі! Удзельнікі гэтага танцавальнага шоу паказалі свае здольнасці і ўменне рухацца пад пяшчотную «Купалінку» і рытмічную «Лявоніху»! Нам удалося праз мову рухаў выразна паказаць характэрныя асаблівасці беларускіх народных танцаў! А ўсё гэта складнікі багацця нашай роднай мовы!

Як добра, што мы можам даць падрастаючаму пакаленню рэальную магчымасць усвядоміць высокую каштоўнасць сваіх адносін да гісторыі і культуры роднага краю, пачуцця свайго дачынення да яго мінулага і сучаснасці, разумення сваёй адказнасці за будучыню нашай краіны. І згадзіцца з рытарычным пытаннем Петруся Броўкі:

Xiбa можна кут не любіць,
Дзе твае нарадзіліся бацькі,
Дзе жыццё пражылі дзяды,
Дзе спрадвеку твае карані?

Рачко Ірына Міхайлаўна,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы