Старшыня Навагрудскай раённай арганізацыі ветэранаў Ганна Лапата ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі»

Старшыня Навагрудскай раённай арганізацыі ветэранаў Ганна Лапата ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі»

Старшыня Навагрудскай раённай арганізацыі ветэранаў Ганна Лапата ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі»

06 Ноября 2020 883

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2020 г. №290 за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, развіццё ветэранскага руху медалём «За працоўныя заслугі» ўзнагароджана старшыня Навагрудскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Ганна Нікадзімаўна Лапата.

Высокую ўзнагароду ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў Ганне Нікадзімаўне старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Федчанка.


– Ваш жыццёвы і працоўны шлях, вашы адносіны да справы, паважаная Ганна Нікадзімаўна, знайшлі адлюстраванне ў высокай і заслужанай узнагародзе, якую мне вельмі прыемна сёння ўручыць. На працягу апошніх 15 гадоў вы ўзначальваеце раённую арганізацыю ветэранаў. Дзякуючы менавіта вашай ініцыятыўнасці і адносінам да справы нашы ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы адчуваюць сваю значнасць і заўсёды сацыяльна абароны, вы дапамагаеце ў вырашэнні ўзнікаючых жыццёвых пытанняў. Прыміце, калі ласка, шчырыя віншаванні і пажаданні моцнага здароўя, дабрабыту і шчасця, – сказаў Сяргей Аляксандравіч падчас віншавання.


І сапраўды, Ганна Нікадзімаўна Лапата з асаблівым трапятаннем ставіцца да людзей сталага ўзросту, да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх на дадзены момант на Навагрудчыне пражывае 18 чалавек.

– Гэты медаль «За працоўныя заслугі» – узнагарода не толькі мая, а і ўсіх маіх калег, – гаворыць старшыня раеннай арганізацыі ветэранаў Г.Н. Лапата. – Вельмі ўдзячна за такую адзнаку працы. Асабіста ў мяне гэта другі медаль. Першы юбілейны медаль «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна» быў уручаны яшчэ на пачатку майго працоўнага шляху ў Бераставіцкім раене. Усе ўзнагароды для мяне вельмі дарагія, бо ўручаюцца за працу, а працу можна ацаніць па паказчыках.

Вёска Вуглы – малая радзіма Ганны Нікадзімаўны Лапаты, самы любімы куточак на зямлі. Яшчэ ў дзяцінстве Ганна Нікадзімаўна марыла стаць аграномам і пасля заканчэння Налібацкай сярэдняй школы паступіла ў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1969 годзе пачынала свой працоўны шлях загадчыкам вытворчага ўчастка ў калгасе «Авангард» Бераставіцкага раёна. Аднак праз два гады жанчына вярнулася на родную Навагрудчыну. Спачатку працавала рахункаводам-касірам, затым тэхнікам па бягучым рамонце Навагрудскага домаўпраўлення, майстрам па азеляненні Навагрудскага вытворчага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі.


Майстрам па азеляненні жанчына працавала на працягу дзесяці гадоў і добра ведала сваю справу. Пазней была загадчыцай склада Навагрудскага вытворчага прадпрыемства водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі.

Яшчэ падчас працы ў Бераставіцкім раёне ў Ганны Нікадзімаўны быў не толькі першы вопыт работы ў полі, але і грамадскай работы – была сакратаром камсамольскай арганізацыі калгаса. І ў гады працы ў Навагрудскім домаўпраўленні жанчына таксама актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці. Перш была сакратаром партыйнай арганізацыі, а пазней узначальвала ветэранскую арганізацыю прадпрыемства, уваходзіла ў прэзідыум раённага савета ветэранаў, узначальвала прафсаюз, была і дэпутатам раённага Савета дэпутатаў двух скліканняў, з’яўлялася дэлегатам 3 і 4 Усебеларускага народнага сходу.

Зараз усе свае арганізатарскія якасці, вопыт і веды жанчына аддае развіццю ветэранскага руху на Навагрудчыне. Асноўным напрамкам у рабоце арганізацыі сёння, як і раней, з’яўляецца сацыяльная абарона тых, хто вызваляў Айчыну – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, дапамога ім у вырашэнні ўзнікаючых жыццёвых пытанняў, паляпшэнне матэрыяльнага становішча і, вядома ж, праца па ўвекавечванні памяці абаронцаў і ахвяр вайны. Шмат сустрэч праводзіцца і па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі.


За плённую працу ў скарбонцы Г.Н. Лапаты нямала ўзнагарод: медаль «За доблесную працу», Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, ганаровыя граматы раённага, абласнога ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі і савета ветэранаў, а таксама Ганаровая граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Імя Ганны Нікадзімаўны Лапаты занесена ў энцыклапедыю «Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь. Жанчыны Беларусі».

Зараз скарбонка ўзнагарод папоўнілася медалем «За працоўныя заслугі».

Шчыра віншуем паважаную Ганну Нікадзімаўну з высокай узнагародай і адзнакай яе працы і жадаем далейшага плёну ў рабоце, якой яна сябе прысвяціла!

Вольга Пісар, «НЖ»