Новае графіці з выявай асобы першадрукара Францыска Скарыны з’явілася ў горадзе Навагрудку

Новае графіці з выявай асобы першадрукара Францыска Скарыны з’явілася ў горадзе Навагрудку

Новае графіці з выявай асобы першадрукара Францыска Скарыны з’явілася ў горадзе Навагрудку

25 августа 2019 2000
Новае графіці з выявай асобы першадрукара Францыска Скарыны з’явілася гэтым летам на сцяне пяціпавярховага шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Юбілейнай у Навагрудку. Аднак трэба сказаць, што выява якраз скіравана на вуліцу імя Францыска Скарыны. 


– У апошнія гады набывае папулярнасць такая форма мастацтва, як графіці. Самае першае графіці ў нашым горадзе з’явілася яшчэ ў 2012 годзе на вуліцы Міцкевіча. Затым былі малюнкі з помнікамі гістарычнай спадчыны Навагрудчыны. Зараз мы засяродзілі ўвагу на знакамітых асобах,–  расказвае начальнік аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Марына Шабановіч. – Новае графіці – гэта адно з мерапрыемстваў, якія прымеркаваны да 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці і да Дня пісьменства і друку. І тым больш у нас ёсць вуліца імя Францыска Скарыны. 

Асоба Францыска Скарыны займае адно з ганаровых месц сярод дзеячаў эпохі Адраджэння і Рэфармацыі ў Беларусі. Гэты чалавек увайшоў у гісторыю нашай дзяржавы як першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном. Сэнс усёй сваёй дзейнасці ён бачыў у служэнні народу. Скарына імкнуўся далучыць суайчыннікаў да здабыткаў агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі.
Выдавецкую дзейнасць Францыск Скарына пачаў у Празе, дзе пры падтрымцы купцоў-мецэнатаў з Полацка і Вільні заснаваў друкарню, а ўжо ў 1517 годзе надрукаваў  «Псалтыр» у перакладзе на старабеларускую мову, які стаў першым выданнем у гісторыі нацыянальнага і ўсходне­славянскага кнігадрукавання. Усяго ж на працягу двух гадоў у пражскай друкарні ўбачылі свет 23 кнігі Бібліі, якія суправаджаліся ілюстрацыямі, а таксама аўтарскімі прадмовамі і каментарыямі, у якіх Францыск Скарына дзяліўся з чытачамі сваімі асветніцкімі ідэямі і поглядамі. У пачатку 1520-га года Францыск Скарына пераехаў у Вільню і адкрыў першую друкарню на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта тут выйшла «Малая падарожная кніжка» і «Апостал».

– Стварылі графіці мастакі Яўгеній Мілюта і Юрый Пікула з кампаніі «ZADELO», з якой мы супрацоўнічаем не адзін год, – адзначае Марына Шабановіч. – Гэта не першае графіці, якое выканана сёлета. Вясною з’явілася графіці на вуліцы Леніна з выявай нашага знакамітага земляка Адама Міцкевіча. Наогул усе графіці ў нашым горадзе створаны мастакамі гэтай кампаніі. У будучым з’явіцца графіці з выявай Язэпа Драздовіча.
Вольга Пісар, «НЖ»