Шчасце складаецца з правільнага выбару сваёй прафесіі, упэўнены вучні сярэдняй школы №3 Навагрудка

Шчасце складаецца з правільнага выбару сваёй прафесіі, упэўнены вучні сярэдняй школы №3 Навагрудка

Шчасце складаецца з правільнага выбару сваёй прафесіі, упэўнены вучні сярэдняй школы №3 Навагрудка

21 октября 2021 1315
Выбар прафесіі – справа важная. Сапраўды, жыццё чалавека – гэта шэраг шматлікіх выбараў. Сур’ёзных, ад якіх залежыць будучае, і паўсядзённых. Выбар прафесіі, лічаць мае вучні, можна аднесці да самых складаных. Бо гэта і ёсць выбар таго, якое месца зойме прафесія ў жыцці чалавека, што ён зможа атрымаць ад сваёй будучай працы.

Калі задаём сабе пытанне: «Што такое шчасце ?», то адказ будзе гучаць так: «Шчасце – гэта калі раніцай з радасцю ідзеш на працу, а вечарам з радасцю вяртаешся дамоў». А вось вядомы педагог Канстанцін Дзмітрыевіч Ушынскі пісаў: «Калі вы ўдала выбераце працу і ўкладзяце ў яе ўсю сваю душу, то шчасце само вас знойдзе». Безумоўна, шчасце складаецца з правільнага выбару сваёй прафесіі. Гэта праблема рана ці позна паўстае перад кожным чалавекам. І як выбраць тую адну і адзіную прафесію, якая будзе прыносіць шчасце, задавальненне? Прафесій шмат, яны ўсе важныя. Выбар прыйдзецца ў жыцці зрабіць кожнаму, бо ад выбару прафесіі залежыць будучыня вучняў.  

Што ўплывае на выбар прафесіі, якія фактары? Усё часцей адбываецца так, што схільнасці падлеткаў улічваюцца ў апошнюю чаргу. А вось думка бацькоў адыгрывае вялікую ролю. Таму немалаважнае месца ў школе займае прафарыентацыйная работа. Ажыццяўляецца індывідуальны і дыферэнцыраваны падыход да кожнага вучня ў залежнасці ад узросту, ад узроўню сфарміраванасці, ад жыццёвых планаў, ад узроўню паспяховасці. Прафарыентацыйная работа арганізуецца на розных этапах навучання і дапамагае зрабіць свой выбар у прафесіі . У нашай школе праводзяцца тэматычныя сустрэчы з прадстаўнікамі розных навучальных   устаноў. Вучні наведваюць дні адкрытых дзвярэй у навучальных установах. У класах таксама ладзяцца гадзіны, прысвечаныя прафарыентацыі. Вялікую ролю адыгрывае валанцёрская дзейнасць. Вучні набываюць вопыт, навыкі і веды, спрабуюць сябе ў розных сферах дзейнасці. У час пазашкольных мерапрыемстваў праводзяцца круглыя сталы, гутаркі– знаёмствы з прафесіямі, а таксама арганізуюцца экскурсіі на прадпрыемствы.



Вось нядаўна наведалі Навагрудскі завод металічных вырабаў. Вучні даведаліся аб тым, што гэта прадпрыемства трывала замацавалася на рынку Рэспублікі Беларусь. Завод можа прапанаваць пакупнікам шырокі асартымент: шафы металічныя, стэлажы мабільныя, цвікі будаўнічыя, сетку металічную, дрот, вырабы культурна – бытавога прызначэння з дроту. Спецыялісты прадпрыемства ўжо даўно працуюць у сферы добраўпарадкавання тэрыторый. Вырабы, якія выпускае завод, адрозніваюцца не толькі трывалым выкарыстаннем, але і прыгожым знешнім выглядам. Бо, як паведаміў экскурсавод, для вырабу прадукцыі выкарыстоўваецца самы лепшы метал, які вылучаецца практычнасцю. Галоўнае ў час працы – гэта добрасумленнасць і выпуск якаснай прадукцыі.


 У час экскурсіі вучні ўбачылі новае прэсавае і гібачнае абсталяванне з праграмным забеспячэннем аўстрыйскай вытворчасці. Майстры сваёй справы прадэманстравалі выпуск агароджы з павышанай трываласцю, якая складаецца з панэльных секцый, слупоў і элементаў для замацавання. Усё на прадпрыемстве аўтаматызавана, за абсталяваннем назіраюць працаўнікі завода. Прадукцыя прадпрыемства мае высокую якасць. Навагрудскі завод металічных вырабаў – гэта надзейны партнёр, які выконвае ўсе свае абавязкі, мае шмат узнагарод.

Экскурсія па заводзе прайшла цудоўна, цікава і пазнавальна. Вучні паспелі ўсё: і паглядзець, і даведацца, і задаць пытанні, і пазнаёміцца з рознымі прафесіямі. Парадавалі ўважлівыя адносіны да кожнага наведвальніка прадпрыемства.

 Наступная пляцоўка для прафарыентацыі – Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж. Экскурсавод, загадчык аддзяленняў Таццяна Пятроўна Любко арганізавала для вучняў экскурсію па каледжы, расказала аб стварэнні гэтай навучальнай установы, пазнаёміла прысутных з галерэяй працоўнай славы. Вучні даведаліся аб навучанні ў каледжы, аб спецыяльнасцях, якія можна набыць. Гэта – аграномія, прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва, ахова акаляючага асяроддзя, камерцыйная дзейнасць. Таксама экскурсавод паведаміла аб навуковай і інавацыйнай дзейнасці навучэнцаў. Цікава было пачуць, што кожны, хто вучыцца ў каледжы, мае сацыяльныя гарантыі: засяленне ў інтэрнат, даплата да стыпендыі за ўдзел у спартыўнай і культурна- масавай дзейнасці каледжа, забеспячэнне садавінай і агароднінай на ўвесь перыяд навучання. А як цікава і весела распавядалі нам пра студэнцкае жыццё! У каледжы ладзяцца культурныя мерапрыемствы, існуе вялікая колькасць аб’ яднанняў па інтарэсах, спартыўных секцый.

 Прысутныя наведалі вучэбна-кансультацыйны цэнтр па ўзнаўляльных крыніцах энергіі і павышэнні энергаэфектыўнасці, які быў створаны пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза. У час сустрэчы вучні маглі падлічыць, як сэканоміць ваду, зберагчы электраэнергію, засвоілі дзесяць простых звычак для зберажэння энергіі і прыроды, зрабілі крок да энергазберажэння. Экскурсавод расказала, для чаго праводзіцца сарціроўка і комплексная паглыбленая перапрацоўка смецця. Удзельнікі сустрэчы зрабілі для сябе вывад, што смецце – гэта не рэчыва, а мастацтва змешваць розныя карысныя рэчы і прадметы, тым самым вызначаючы іх месца на звалцы.

Пабывалі таксама вучні і ў музеі гэтай навучальнай установы. Увагу наведвальнікаў прыцягнулі і багатыя дары, і разнастайны асартымент яркіх фарбаў, а галоўнае – маштаб творчых ідэй.

Затым удзельнікі экскурсіі накіраваліся на ўчастак вучэбнай гаспадаркі. Менавіта тут здзівілі сваімі дарамі і парадавалі вока яблыні і грушы, пасаджаныя і дагледжаныя самымі навучэнцамі каледжа. А напрыканцы экскурсіі вучні наведалі аўтадром. Ад жадаючых паспрабаваць праехацца на вучэбнай легкавой машыне не было адбою.

Вось такія экскурсіі, якія арганізоўваюцца на прадпрыемствы, у навучальныя ўстановы дапамагаюць выяўляць у школьнікаў прафесійныя схільнасці, даюць магчымасць вызначыцца з выбарам будучай прафесіі. Нездарма лічаць многія, што арганізацыя прафарыентацыйнай дзейнасці – гэта крокі да поспеху падлеткаў у будучым. Калі чалавек упэўнены ў сваім выбары, калі ён ведае, што займаецца сваёй справай, то такі чалавек поўны энтузіязму, імкнецца знайсці новае, творча падыходзіць да справы. Вось тады такі чалавек і стане выдатным прафесіяналам.

Зоя Белуш,
класны кіраўнік 9 «А» класа
ДУА «Сярэдняя школа №3 г.Навагрудка»