Пераможам каронавірус разам

Пераможам каронавірус разам

Пераможам каронавірус разам

23 сентября 2021 1169
Пакуль мы ўзважваем «за» і «супраць» вакцынацыі, каронавірус не адпачывае. Захворванне «каронай» павялічваецца, месцы ў бальніцах запаўняюцца новымі covid-пацыентамі. Параўнайце: па стане на 1 верасня з пачатку пандэміі ў Беларусі быў зарэгістраваны 483 231 выпадак заражэння кавідам, а ўжо праз два тыдні, 15 верасня, колькасць хворых вырасла да 508 514 чалавек. Як бачым, хуткасць распаўсюджвання захворвання павялічваецца.

Падчас восеньскай хвалі, па словах медыкаў, людзі старэйшыя за 60 гадоў складуць асноўны кантынгент тых, хто будзе мець патрэбу ў шпіталізацыі з-за цяжкага ходу захворвання. Гэта перагрузіць сістэму медыцынскай дапамогі. А значыць, пацерпяць і іншыя пацыенты.
Месцаў, дзе можна абараніцца ад наступстваў covid-хвалі, усё больш: людзей прышчапляюць у паліклініках, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у магазінах і гандлёвых цэнтрах. На гэтым тыдні прышчэпку ад COVID-19 ужо атрымалі работнікі Навагрудскага РАУС, «Навагрудскія Дары» філіяла ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», Навагрудскай раённай бібліятэкі і іншыя. А ў мінулую пятніцу вакцынацай ад каронавіруса прышчаплялі ў гандлёвым цэнтры «Поні» ў Навагрудку. Прышчэпку там рабілі бясплатна і без папярэдняга запісу.
– На сённяшні дзень у Навагрудскім раёне прышчэпку першым кампанентам атрымалі 7572 чалавекі (18,16 %), другім кампанентам – 5956 чалавек (14,29 %). Вакцынацыя асобных катэгорый насельніцтва ідзе рознымі тэмпамі. У некаторых сферах прышчэпку зрабілі 80 % і болей ад агульнай колькасці работнікаў. Але ёсць і тыя, хто моцна адстае. Напрыклад, сфера гандю – 19,85 %, – адзначыў загадчык аддзялення прафілактыкі цэнтральнай раённай бальніцы Валерый Казакевіч. – З надыходам восені зноў адзначаецца уздым захворвання каронавіруснай інфекцыяй. Акрамя COVID-19, традыцыйна назіраецца ўсплёск сезонных вірусных захворванняў. Таму я рэкамендую кожнаму паклапаціцца аб сваім здароўі і зрабіць прышчэпку.

Да пунктаў вакцынацыі пастаянна падыходзяць людзі. Некаторыя, каб удакладніць інфармацыю, а іншыя – адразу прышчапіцца. Медыкі адказваюць на ўсе пытанні навагрудчан, а таксама даюць рэкамендацыі і парады тым, хто прышчапіўся.
Прышчэпкі робяцца прэпаратам «Спадарожнік V» («Гамковидвак»), Медсястра загадзя размарожвае пяць доз вакцыны ў адной упакоўцы. Таксама можна зрабіць прышчэпку і кітайскай вакцынай Vero Cell кампаніі Sinopharm, 1,5 мільёна доз якой нядаўна дастаўлена ў Беларусь.
Спецыялісты сыходзяцца ў меркаванні, што COVID-19 нікуды не знікне, але праз некаторы час пяройдзе ў разрад сезонных інфекцый.
Віктар МАШЧАР:    – Я ўвесь час знаходжуся ў кантакце з калегамі і іншымі людзьмі, таму адчуваю адказнасць за іх здароўе і бяспеку. Для мяне вакцынацыя – гэта праяўленне сацыяльнай адказнасці кожнага з нас і павага да навакольных. Я зрабіў прышчэпку ўжо двума кампанентамі. Вакцыну перанёс добра, без пабочных ускладненняў, на працягу ўсяго перыяду не хварэў. Але самым галоўным вынікам стала пачуццё задавальнення, што я магу сваім прыкладам паказаць усяму калектыву, што вакцынацыя – гэта жыццёва неабходная для ўсёй краіны мера. Грунтуючыся на асабістым вопыце, магу сумленна і адкрыта гаварыць пра перавагі вакцынацыі. Пагроза распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі яшчэ не адступіла, а з наступленнем восені сітуацыя нават абвастрылася. Я лічу, што неабходна прышчапляцца ад новай хваробы, як мы гэта ўжо даўно робім супраць віруса грыпу. Не трэба баяцца вакцынацыі, хвароба значна больш небяспечная. Мы ўсе стаміліся ад супрацьэпідэмічных абмежаванняў, нашэння масак і выкарыстання санітайзераў. Мы ўсе хочам вярнуцца да звычайнага ладу жыцця. І сёння прышчэпка – адзіны да гэтага шлях. Наперадзе ў нас доўгае жыццё, і трэба берагчы сябе і сваіх блізкіх. 

Віктар МАЦЮКЕВІЧ:
   – Сёння я прышчапіўся першым кампанентам вакцыны ад каронавіруснай інфекцыі. Прышчапляўся расійскай ванцынай «Спадарожнік V» – гэтай вакцыне я больш давяраю. Дзякуючы таму, што прышчэпачная брыгада прыехала да нас на завод, вакцынацыя ніяк не адбілася на маім асабістым і працоўным графіку. Ва ўмовах распаўсюджвання эпідэміі можна выбраць два варыянты дзеянняў: не прышчапляцца, спадзявацца на авось, не думаць пра сваё здароўе і здароўе навакольных або зрабіць прышчэпку праверанай вакцынай, сустрэць інфекцыю ў поўным узбраенні. Штодня мы кантактуем з вялікай колькасцю людзей: з сям'ёй, блізкімі, калегамі, партнёрамі, ад якіх залежыць жыццядзейнасць цэлых гаспадарак і прадпрыемстваў. Недапушчальна ставіць пад пагрозу бяспеку як асобных людзей, так і цэлых кампаній, кіруючыся толькі здагадкамі і сумніўнай інфармацыяй. Так, прышчэпка не дае стапрацэнтную гарантыю ў тым, што вы не захварэеце, але працякаць хвароба будзе зусім па-іншаму і без крытычных ускладненняў у далейшым. Заклікаю ўсіх калег зрабіць выбар на карысць вакцынацыі. Усім здароўя!  


 Карына Вальшонак, «НЖ»