Не толькі экскурсіі. Чым цікавіць турыстаў музей міні-макетаў Навагрудскай бібліятэкі

Не толькі экскурсіі. Чым цікавіць турыстаў музей міні-макетаў Навагрудскай бібліятэкі

17 августа 2019 1396

Ужо два гады пры Навагрудскай раённай бібліятэцы існуе музей міні-макетаў “Страчаная спадчына”.

Ідэю стварэння музея міні-макетаў падказала гісторык па адукацыі, былы супрацоўнік Навагрудскага краязнаўчага музея Кацярына Драчылоўская. Ажыццявіць ідэю дапамаглі мастак бібліятэкі Анатоль Бандзюкевіч і дырэктар бібліятэкі Ірына Царук. Спачатку былі зроблены асобныя макеты. З цягам часу даследчая краязнаўчая работа поўнасцю паглынула бібліятэкараў.

P1230805.JPG

Пад музей спецыяльна былі адведзены два пакоі з асобным уваходам. З пачатку бягучага года музей наведала больш за 600 чалавек, а з дня яго адкрыцця, у чэрвені 2017-га – каля дзвюх з паловай тысяч. У музей прыходзяць людзі розных узростаў з розных краін. Тут неаднаразова пабывалі замежныя турысты з Расіі, Украіны, Літвы, Польшы, Кітая і іншых. Музей наведалі паслы гэтых краін, а таксама Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

12.jpg

Экспазіцыя ўключае міні-макеты рынкавай плошчы Навагрудка ў 20 – 30 гады ХХ стагоддзя, вузкакалейнай чыгункі “Наваельня-Любча” (1916 – 1965 гады), будынак былой бібліятэкі Я. Храптовіча ў вёсцы Шчорсы, палацавы комплекс роду Храптовічаў, партызанскай стаянкі каля вёскі Чарэшля (1942 – 1944 гады), старыя фотаздымкі горада, выставу жывапісу мастака Я. Даўлюда і выставу кніг пачатку ХХ стагоддзя.

10.jpg7.jpgP1230745.JPG13.jpg

Але музей міні-макетаў “Страчаная спадчына” для наведвальнікаў – гэта не толькі экскурсіі. Тут можна паўдзельнічаць у эксклюзіўных праграмах: паслухаць цыкл урокаў “Навагрудказнаўства”, па гатовых чарцяжах сабраць папяровы домік, які знаходзіўся на “Рынкавай плошчы” Навагрудка ў 20 – 30-я гады ХХ стагоддзя, прыдумаць цікавую гісторыю пра яго жыхароў і гандляра. Таксама супрацоўнікі музея прапануюць пазнаёміцца з настольнай гульнёй.

6.jpgP1230795.JPGP1230758.JPG

Бібліятэка ўсім гасцям горада і нават самім гараджанам дае магчымасць ўвачавідкі ўбачыць тое, чаго сёння насамрэч ўжо не існуе. Такім спосабам бібліятэка вяртае гадамі і стагоддзямі страчаную спадчыну, хаця б у такім мінімальным выглядзе.

Служба информации «ГП»