Навагрудчане прынялі ўдзел у рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны»

Навагрудчане прынялі ўдзел у рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны»

Навагрудчане прынялі ўдзел у рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны»

12 августа 2019 1897

Сёлета ўдзельнікаў рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны» вітаў горад Свіслач. На дзень маляўнічы гарадскі парк імя Тышкевіча ператварыўся ў каляровую святочную пляцоўку пад адкрытым небам.

Дакрануцца да культуры нашых продкаў стала магчымым дзякуючы рэгіянальнаму фестывалю, які аб’яднаў шматлікіх прыхільнікаў фальклорнай спадчыны прынёманскага краю. Кожны з раёнаў Гродзенскай вобласці дэманстраваў сваю калекцыю традыцыйных беларускіх рамёстваў і сучасных вырабаў народнага мастацтва.

Наш раён на фестывалі прадстаўляў Навагрудскі раённы цэнтр рамёстваў. Перад гасцямі свята раскрылася ўнікальная скарбонка самых разнастайных каштоўнасцей навагрудскай зямлі. Падворак, на якім была арганізавана выстаўка сапраўдных шэдэўраў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, страў нацыянальнай кухні, знакамітай выцінанкі-выбіванкі – элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, зацікавіў гасцей мерапрыемства. Для ўсіх жадаючых праводзіліся майстар-класы.













Праграма фестывалю ўключала конкурсы падворкаў традыцыйнай культуры, фальклорнага мастацтва па наступных намінацыях: «Лепшы падворак традыцыйнай культуры Гродзеншчыны», «Лепшая калекцыя работ традыцыйных рамёстваў», «Лепшае прыгатаванне традыцыйнай стравы Гродзеншчыны», «Лепшая прэзентацыя падворка традыцыйнай культуры Гродзеншчыны», «Лепшы аўтэнтычны калектыў», «Лепшы дзіцячы фальклорны калектыў», «Лепшы дарослы фальклорны калектыў».

Упершыню ў рамках фестывалю прайшоў конкурс рэгіянальных касцюмаў «Скарбніца моды Панямоння», дзе з прэзентацыяй традыцыйнага адзення выступілі супрацоўнікі раённага цэнтра рамёстваў. У канцы фестывалю адбылася цырымонія ўзнагароджання.

У конкурсе падворкаў традыцыйнай культуры навагрудскі падворак стаў лаўрэатам I ступені ў намінацыі «Лепшая калекцыя традыцыйных рамёстваў». А Навагрудскі раённы цэнтр рамёстваў адзначаны спецыяльным дыпломам журы за фотакалекцыю старадаўніх традыцыйных касцюмаў.

Калектыў Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў выказвае шчырую па­дзяку ўсім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы да фестывалю. Прыгожы каравай і выпечку прадставіла жыхарка в. Вераскава Лілія Міхайлаўна Журавель, а сям’я Марцінкевіч – фотаздымак сваёй бабулі ў традыцыйным навагрудскім строі.

Віншуем навагрудчан з дасягненнямі і заслужанымі ўзнагародамі!

Падрыхтавала Вольга Пісар, «НЖ»