Наталля Міхайлаўна Вайтовіч: «Я люблю вучыць, я ўмею гэта рабіць, мая справа прыносіць мне задавальненне»

Наталля Міхайлаўна Вайтовіч: «Я люблю вучыць, я ўмею гэта рабіць, мая справа прыносіць мне задавальненне»

14 сентября 2019 2492

Настаўнік… Гэта слова ўвабрала ў сябе цэлы свет. Чаго толькі не патрабуе прафесія настаўніка! Быць адначасова і выхавальнікам, і псіхолагам, і сябрам, і дарадцам. І ўсё для таго, каб не толькі навучыць дзяцей прадмету, але і захаваць у іх душах і сэрцах галоўнае – чалавечнасць. Вялікае шчасце – сустрэць педагога, які дае трывалыя веды, вядзе да вяршынь поспеху і пры гэтым вучыць дабрыні і справядлівасці. Да ліку такіх адносіцца былы дырэктар гімназіі №1, настаўніца матэматыкі Наталля Міхайлаўна Вайтовіч, якая «сее разумнае, добрае, вечнае» ўжо на працягу сарака гадоў.



Справядліва сказана, што пісьменнік жыве ў сваіх творах, кампазітар – у музыцы, добры мастак – у карцінах, скульптар – у створаных скульптурах. А сапраўдны настаўнік жыве ў думках і ўчынках сваіх вучняў. Не аднаму пакаленню дзяцей Наталля Вайтовіч, сустрэўшы на парозе роднай гімназіі, дала пуцёўку ў жыццё. Стыль яе работы – карпатлівая праца, творчае стаўленне да справы, спагада і адкрытасць.

Выдатнік па жыцці

Нарадзілася Наталля Міхайлаўна ў Бераставіцы і ніколі не думала, што жыццё яе будзе звязана з Навагрудчынай. Не аднойчы падчас размовы яна падкрэслівае, што многае ў яе жыцці – гэта лёс, прызначэнне.

– Мне пашчасціла нарадзіцца і вырасці ў выдатнай сям’і, – з гонарам гаворыць Наталля Міхайлаўна і пры гэтым адзначае:

– Сям’я – гэта галоўнае ў выхаванні дзіцяці: школа толькі шліфуе тое, што закладзена бацькамі. Мая мама Лідзія Аляксандраўна Філіповіч – настаўніца рускай мовы і літаратуры, выдатнік Народнай асветы, настаўнік-метадыст, узнагароджана ордэнам Працы. Граматнасць, любоў да кнігі, уменне выказваць свае думкі – гэта ўсё ад мамы. Бацька Міхаіл Ігнацьевіч працаваў тэхнікам-снабжэнцам, быў чалавекам майстравітым, адкрытым, добра ладзіў з людзьмі.

Пра бацькоў Наталля Міхайлаўна гаворыць з вялікай пяшчотай і шчыра прызнаецца, што ў яе дасягненнях і поспехах іх вялікая заслуга.

– Я выдатнік па жыцці, – з усмешкай канстатуе Наталля Міхайлаўна. – Вучыцца мне заўсёды падабалася, і ўсё давалася з лёгкасцю. А самым вялікім захапленнем заўсёды (і па сённяшні дзень) было чытанне.

Настаўніцкая сям’я

Здавалася б, усё ў жыцці накіроўвала выдатніцу Наталлю стаць настаўніцай рускай мовы: прыклад маці, захапленне літаратурай, выдатнае пачуццё слова і нават выпраўленне памылак у вучнёўскіх сшытках, якія яна дапамагала правяраць. Але ж перамагла – матэматыка. У Гродзенскі педагагічны ўніверсітэт імя Я. Купалы яна паступіла з лёгкасцю, а ад вучобы, як і ў школе, атрымлівала толькі задавальненне.

– Мне пашанцавала вучыцца ў адукаваных, інтэлігентных і вельмі таленавітых педагогаў. Як у такой атмасферы можна было не любіць матэматыку, англійскую мову, методыку, – разважае мая гераіня. – Ужо на практыцы я зразумела: быць настаўнікам – гэта маё.

У студэнцкія гады Наталля Міхайлаўна пазнаёмілася з будучым мужам Міхаілам Канстанцінавічам. Ён вучыўся на фізічным факультэце, яна – на матэматычным. З любоўю і цеплынёй мая гераіня расказвае, што свае прыгожыя, добрыя, светлыя пачуцці яны захоўваюць ужо сорак гадоў.

– Я ўдзячна лёсу за гэту сустрэчу, – ласкава ўсміхаецца мая суразмоўца. – Мы заўсёды, з першых дзён, разумелі адзін аднаго з паўслова. Я толькі падумаю, ён – сказаў. І зноў гэта лёс – я ўвайшла ў сям’ю педагогаў. Бацькі мужа ўсё жыццё працавалі ў Вераб’евіцкай школе. Гэта выдатныя, працавітыя, вельмі сумленныя і інтэлігентныя людзі, якіх я вельмі паважаю і з якімі мы шмат гадоў пражылі разам.

Адкрыта гляжу ў вочы ўсім

Пасля вучобы ва ўніверсітэце маладая настаўніцкая сям’я Вайтовіч прыехала працаваць у Лаўрышаўскую школу. З дабрынёй і павагай успамінае Наталля Міхайлаўна сваіх былых калег-настаўнікаў, якія сталі для іх добрымі сябрамі. Там, у Лаўрышаве, у маладой сям’і нарадзілася дачушка Таццяна, а праз некалькі гадоў сын Сяргей.

У 1986 годзе Вайтовічы вырашылі пераехаць у горад, якраз адкрывалася новая сярэдняя школа № 6. І зноў пачатак – новы этап.

– Калектыў быў малады, мы ўсе стараліся працаваць, хацелі зра­біць новую школу ўтульнай і прыгожай. І нават мой клас, у якім быў 41 вучань і большасць – хлопчыкі, здаваўся мне самым лепшым, – з энтузіязмам успамінае Наталля Міхайлаўна. – Вядома, здараліся складанасці і цяжкасці, але зноў мне пашчасціла. Побач былі муд­рыя калегі Т.Г. Мароз, А.А. Падалянчык.

– Я заўсёды давярала лю­дзям, хаця былі і расчараванні, і крыўды, – прызнаецца Н.М. Вайтовіч. – Вядома, з гадамі прыйшлі мудрасць і стрыманасць. А яшчэ – разуменне, што ўсе мы розныя, а час расставіць усё па сваіх месцах. У людзях цаню прыстойнасць, працаві­тасць, уменне выслухаць – тое, што і для мяне заўсёды з’яўлялася галоўным прынцыпам. І сёння я адкрыта гляжу ў вочы ўсім, з кім мне даводзілася ісці па жыцці.



Настаўніка прызванне – дабрыня

Сябе Наталля Міхайлаўна лічыць дастаткова строгім настаўнікам, хаця, як адзначаюць яе вучні, не ўмее доўга крыўдзіцца. Яна ўпэўнена, што, калі ёсць жаданне працаваць, ёсць любоў да дзяцей, абавязкова ўсё атрымаецца. Трэба проста быць шчырым і адкрытым, настаўнік ніколі не павінен ставіць сябе вышэй за вучня, ні ў якім разе не апускацца да помсты і зняваг.

Педагагічная скарбонка матэматыка Н.М. Вайтовіч налічвае дзясяткі перамог яе вучняў на прадметных алімпіядах і конкурсах розных узроўняў. А ў 2018 го­дзе адзінаццацікласнік Валерый Комар стаў прызёрам рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы і атрымаў 100 балаў на ЦТ. За гады працы педагог вывела сваю формулу работы з юнымі дараваннямі.

– Па-першае, педагагічная празарлівасць. Яна дапамагае знайсці вучня таленавітага і пры гэтым працавітага і мэтанакіраванага. Па-другое, вялікая работа педагога, яго жаданне ісці наперад, не шкадуючы часу і сіл. А перамога вучня для настаўніка – вялікая радасць і гонар. Я люблю вучыць, я ўмею гэта рабіць, мая справа прыносіць мне задавальненне, – падкрэсліла Наталля Міхайлаўна.

Дзякуй, за давер роднай гімназіі

У 2005 годзе Наталля Міхайлаўна Вайтовіч узначаліла гімназію №1. – Гімназія тады толькі стварылася: новыя педагогі, іншая нарматыўная база, шмат патрабаванняў, першая акрэдытацыя – гэта былі гады яе станаўлення як установы новага тыпу. Вялікі дзякуй усім маім калегам, якія ўмацоўвалі імідж гімназіі, – С.В. Новік, І.А Туманавай, В.І. Кунашцы, С.І. Аляхновіч, Н.В. Траццяк, Л.В. Прахарэвіч і інш.

Рашэнне стаць дырэктарам далося мне няпроста: месяц я не магла вызначыцца. Чаму? Я разумела, якая гэта вялікая адказ­насць за школу, дзяцей, калектыў, – гаворыць Наталля Міхайлаўна.

Успамінаючы сваю работу на пасадзе дырэктара гімназіі, яна адзначае, што любімую матэматыку ніколі не пакідала. Бо ўпэўнена, што адміністрацыйная работа – толькі перыяд у жыцці, а настаўнікам яна будзе заўсёды. Н.М. Вайтовіч неаднаразова атрымлівала граматы і падзякі абласнога і раённага ўзроўняў, у мінулым годзе была ўдастоена звання «Лепшы па прафесіі». Але ж самая вялікая яе ўзнагарода – бачыць на парозе гімназіі былых вучняў, якія прывялі вучыцца сваіх дзяцей. Ім яна заўсёды гаворыць: «Дзякуй, за давер роднай гімназіі».

Вялікае шчасце

– Я шчаслівая жанчына, бо муж – мой першы дарадчык, памочнік, аднадумца, – дзеліцца Наталля Міхайлаўна. – У нас самыя лепшыя сын і дачка, яны атрымалі вышэйшую адукацыю, рэалізаваліся прафесійна, стварылі сем’і. Нельга сказаць, што мы спецыяльна іх выхоўвалі нейкім чынам. Сама атмасфера ў доме, дзе жылі тры пакаленні, нашы ўчынкі, прыклад сямейных зносін – усё ўплывала. А зараз у нас чацвёра дзяцей – уласныя і цудоўныя нявестка Алена і зяць Андрэй.



Сям’я, дзеці, унукі – самае вялікае шчасце для Наталлі Міхайлаўны. Ім яна аддае ўсю сваю пяшчоту і любоў. Двайнятам Вані і Мішы хутка споўніцца два гады, а старэйшай унучцы Еве шэсць. На думку Наталлі Міхайлаўны, ніякіх сакрэтаў шчаслівага жыцця няма. Трэба проста жыць – сумленна, шчыра, праўдзіва.

«Ты ўсміхаешся, і людзі ў адказ табе ўсміхнуцца, бо дабро абавязкова вяртаецца даб­ром», – жыццёвая мудрасць сапраўднага настаўніка і чалавека.

Яшчэ доўга пасля нашай сустрэчы адчуванне цяпла і дабрыні, якімі шчодра дзеліцца з людзьмі Наталля Міхайлаўна, не пакідала і мяне. Удумлівы позірк добрых і крыху гарэзлівых вачэй, адкрытая і пяшчотная ўсмешка, цікавыя і шчырыя разважанні, упэўненасць і спакой... Яшчэ раз пераконваюся, што таленавіты і граматны настаўнік у першую чаргу – выдатны чалавек.

Алена Ганцэвіч, “НЖ”