Наш зямляк – Іван Іванавіч Катляр

Наш зямляк – Іван Іванавіч Катляр

15 мая 2019 2059

Іван Катляр нарадзіўся ў в. Балотца Навагрудскага раёна. Скончыў гісторыка-геаграфічны факультэт Магілёўскага педінстытута, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Навуковае званне «прафесар» атрымаў у 2003 годзе. З 1997 года працуе на пасадзе прафесара паліталогіі і сацыялогіі Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна.

Яго ўклад у станаўленне рэспубліканскай сістэмы адукацыі па правах чалавека, яе навукова-метадычнае забеспячэнне даволі вялікі. Іван Катляр - ініцыятар і арганізатар праведзеных у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце  канферэнцый рэспубліканскага і міжнароднага значэння. Аўтар 195 навуковых, навукова-метадычных і навукова-папулярных работ.

Дзейнасць прафесара Катляра ў галіне правоў чалавека атрымала рэспубліканскае і міжнароднае прызнанне: ён узнагароджаны ганаровым дыпломам Міжнароднага біяграфічнага цэнтра (г. Кембрыдж, Англія). Біяграфічныя дадзеныя пра Івана Катляра апублікаваныя ў 8-м томе 18-томнай Беларускай энцыклапедыі (1999 г.), выданнях міжнароднага біяграфічнага цэнтра «Выдатныя мысліцелі ХХ стагоддзя», «Выдатныя навукоўцы XXI стагоддзя», іншых энцыклапедыях і слоўніках. Мае шматлікія ўзнагароды. У 2016 годзе атрымаў падзячны ліст ад прадстаўніка ААН у Рэспубліцы Беларусь С. Самарасінха.

 Перад аўтарам любой кнігі заўсёды стаіць няпростае пытанне: «Як яе назваць?» Брэсцкія аўтары Святлана Пцічкіна і Арсеній Галоўчанка напісалі кнігу пра Івана Катляра і назвалі яе так: «Асоба: Катляр І.І.» Гаворачы мовай спартсменаў, яны «папалі ў дзясятку».

Іван Іванавіч Катляр сапраўды прайшоў па жыцці як асоба. А ў гэтым жыцці было ўсё. Поўныя цяжкасцей і рамантычных мараў дзіцячыя і юнацкія гады вясковага хлопца, які нарадзіўся за тыдзень да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Імкненне да фундаментальных ведаў у перыяд навучання ў Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Аркадзя Куляшова. Паспяховае праходжанне армейскіх універсітэтаў. Узорнае выкананне службовага абавязку ў час працы ў сістэме рэгіянальных органаў улады. Шматгранная навукова-педагагічная дзейнасць у Брэсцкім дзяржаўным ўніверсітэце імя А.С. Пушкіна.

Факты, якія прыводзяць Святлана Пцічкіна і Арсеній Галоўчанка, даюць усе падставы сцвярджаць, што на такіх, як прафесар Іван Катляр, трымаецца грамадзянская супольнасць у нашай Айчыне. Гэтыя людзі сваімі справамі і ўчынкамі пішуць гісторыю краіны.

Уражвае панарама грамадскай дзейнасці прафесара, акрэсленая аўтарамі. Уявіць цяжка, наколькі шмат ён паспеў зрабіць у гэтым плане за апошнія гады. Гэта дыскусійны клуб выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта; Брэсцкая група правоў чалавека; абласное аддзяленне Беларускай асацыяцыі садзейнічання Арганізацыі Аб'яднаных Нацый; Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне абароны правоў чалавека (Беларуская секцыя Міжнароднага таварыства правоў чалавека).

Апошняя з пералічаных структур стала галоўнай справай жыцця Івана Іванавіча. Беларуская секцыя Міжнароднага таварыства правоў чалавека правяла вялікую колькасць навуковых мерапрыемстваў, якія выклікалі шырокі рэзананс, прыняла шэраг заяў і зваротаў па прынцыповых пытаннях. Яе нязменнаму старшыні ўдалося сабраць вакол сябе калектыў аднадумцаў, прыцягнуць прадстаўнікоў навуковай эліты, усталнавіць дзелавыя кантакты з многімі арганізацыямі. Мяркуючы па інфармацыі, якая змяшчаецца ў кнізе, у названай секцыі сфарміраваўся касцяк дзеяздольных людзей, а гэта дае падставу з аптымізмам глядзець у яе будучыню.

Аўтары пастаянна завастраюць увагу на тым, што Беларускую секцыю Міжнароднага таварыства правоў чалавека ўзначальвае чалавек, які ўнёс каласальны ўклад у вывучэнне правоў чалавека ў адукацыйнай сістэме Беларусі. Чвэрць стагоддзя назад ён наўпрамую выйшаў на кіраўніцтва міністэрства адукацыі і пераканаў, што ва ўсіх ВНУ трэба ўводзіць абавязковую вучэбную дысцыпліну «Правы чалавека». На прэзентацыі былі прадстаўлены падручнікі па гэтай дысцыпліне, напісаныя прафесарам, распрацаваная ім вучэбная праграма, інфармацыя пра студэнцкі гурток «Правы чалавека», які дзейнічаў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце пад кіраўніцтвам Івана Катляра.

М. Стралец, прафесар, доктар гістарычных навук, г. Брэст