Музычныя дасягненні вучаніцы Пятрэвіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Лізы Гірыновіч

Музычныя дасягненні вучаніцы Пятрэвіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Лізы Гірыновіч

Музычныя дасягненні вучаніцы Пятрэвіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Лізы Гірыновіч

07 июля 2020 1247

Здараецца так, што маленькія перамогі нараджаюць вялікае жаданне развіваць свае здольнасці, рухацца  насустрач новым дасягненням, даказваць сабе і іншым, што ты таленавіты. І тады ўжо зусім няважна, дзе ты жывеш – у вялікім горадзе, ці ў маленькай вёсцы. Гэта даказала на сваім прыкладзе 11-гадовая вучаніца Пятрэвіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ліза Гірыновіч, якая стала пераможцай міжнароднага фестывалю-конкурсу  вакальнай і інструментальнай музыкі «Fen Flower International- 2020» сярод вучняў 10-11 гадоў.

Ліза займаецца ў музычнай школе па класу цымбал усяго 4 гады, але яе поспехі радуюць бацькоў і педагогаў.


– За мінулы год мы прынялі ўдзел у некалькіх рэгіянальных і абласных конкурсах творчасці. Апошні час мы сур’ёзна рыхтаваліся да фестывалю-конкурсу «Шанс», але яго па вядомых прычынах перанеслі на восень. Мы вырашылі не траціць час і паспрабаваць свае сілы на міжнародным узроўні, прыняць  удзел у фестывалі-конкурсе вакальнай і інструментальнай музыкі «Fen Flower International- 2020», які праходзіў  з 1 па 7 чэрвеня, – рассказала настаўніца Валеўскай музычнай школы Наталля Будзіловіч, – Па умовах конкурса неабходна было адправіць відэа з музычным нумарам працягласцю не менш чым 4 мінуты. У нас якраз быў гатовы знакаміты  твор Ігара Лучанка «Вяртанне да спадчыны». Мы рызыкнулі, падалі заяўку і адправілі відэа. Вельмі ўдзячны за дапамогу у здымку гэтага нумару дырэктару  Навагрудскай школы мастацтваў Людміле Аніскінай – працягвае Наталля Станіславаўна.

– Добрыя навіны не заставілі сябе чакаць. У канцы чэрвеня па пошце атрымалі медаль і  дыплом 1-ай ступені. Гэта падзея стала нечаканасцю і цудоўным  заканчэннем  навучальнага года. Наступным крокам стала падача заяўкі на атрыманне стыпендыі Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Перамога Лізы  на конкурсе міжнароднага ўзроўню першая, але, я ўпэўнена, не апошняя. Ліза таленавітая дзяўчынка, яна як быццам нарадзілася з малаточкамі для ігры на цымбалах у руках і пры гэтым яшчэ вельмі працавітая – можа займацца нават, калі стамілася. Маючы талент і працавітасць можна дабіцца многага. Мы будзем працягваць займацца і пакараць новыя вяршыні. Магчыма, у бліжэйшым будучым Ліза сыграе дуэтам са сваёй малодшай сястрычкай Насцяй, якая таксама займаецца  музыкай па класу цымбал, – дзеліцца далейшымі планамі настаўніца.


Ліза старэйшая дачка ў мнагадзетнай сям’і. У яе дзве малодшыя сястрычкі Насця і Злата, і брацік Сцёпка. Мама, Вольга Ю’еўна, і тата, Дзмітрый Мікалаевіч, з любоўю выхоўваюць сваіх дзяцей, цікавяцца іх поспехамі, стараюцца развіваць іх таленты, падтрымліваюць ва ўсім і ганарацца дасягненнямі.

– З самага маленства Лізе падабалася музыка, – расказвае Вольга Юр’еўна – Як толькі дачка пайшла ў першы клас, мы адразу запісалі яе ў музычную школу і купілі цымбалы. Ёй так падабалася іграць, што здаралася, на ўроках яна забывала пра ўсё і пачынала рукамі вадзіць у паветры, як быццам іграе на цымбалах. Я рада,што мая дачка знайшла любімы занятак, які прыносіць ёй задавальненне.


А што думае пра гэта сама Ліза? Ці збіраецца яна звязаць свой лёс з музыкай?

– Я не спадзявалася, што выйграю гэты конкурс, таму вельмі рада. Я люблю іграць і  мару стаць музыкантам,  – саромяючыся адказвае дзяўчынка.

Хто ведае, можа некалі з гэтай маленькай сціплай дзяўчынкі  атрымаецца сапраўдная музычная зорка.

Ірына Духоўнік,

настаўнік хіміі і біялогіі Пятрэвіцкага д/с-СШ