Міхаіл Касцюк - педагог, даследчык, вучоны з Навагрудчыны

Міхаіл Касцюк - педагог, даследчык, вучоны з Навагрудчыны

21 мая 2019 2249

Удумлівы позірк, ледзь кранутыя ўсмешкай вусны – такім бачыцца вядомы беларускі гісторык, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Паўлавіч Касцюк. Ён наш зямляк -  з вёскі Масцішча. Тут нарадзіўся ў 1940 годзе ў звычайнай сялянскай сям’і.

Пасля заканчэння школы, а затым Навагрудскага педагагічнага вучылішча ў 1958 г., ён паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я.Купалы, які закончыў у 1963 г. і атрымаў дыплом з адзнакай. Маладога спецыяліста адразу ж прызначылі на пасаду дырэктара Касадворскай васьмігадовай школы ў в. Баярская Навагрудскага раёна. У 1964 – 1965 гг. ён праходзіў вайсковую службу, а потым працаваў сакратаром камітэта камсамола Гродзенскага педагагічнага інстытута.

У 1966 г. Міхаіл Паўлавіч звязаў свой лёс з Інстытутам гісторыі АН БССР, калі паступіў у аспірантуру гэтай навуковай установы. Пад кіраўніцтвам акадэміка І.С. Краўчанкі ён даследаваў працоўную дзейнасць калгаснага сялянства БССР у 30-я гады.

З 1970 г. Міхаіл Паўлавіч працаваў на пасадзе вучонага сакратара Інстытута гісторыі АН БССР, у перыяд 1975 – 1981 гг. – на той жа пасадзе ў Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Ён паспяхова спалучаў арганізатарскую і даследчыцкую работу і ў 1980 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Дзейнасць Кампартыі Беларусі па ідэйна-палітычным выхаванні сялянства ў перыяд будаўніцтва сацыялізма». У ліпені 1981 г. Міхаіл Паўлавіч быў прызначаны на пасаду намесніка дырэктара Інстытута гісторыі АН БССР.

Глыбокія веды і ўменне выдзеліць галоўнае ў навуковым матэрыяле, прынцыповасць і настойлівасць, інтэлігентнасць і добразычлівасць Міхаіла Паўлавіча Касцюка прынеслі яму заслужаную павагу ў калектыве. Таму падчас першых альтэрнатыўных выбараў у 1989 г. яго, выконваючага абавязкі дырэктара, абралі кіраўніком Інстытута гісторыі АН БССР. Гэтую пасаду ён займаў каля дванадцаці гадоў у складаны час выпрацоўкі новых падыходаў да праблем айчыннай гісторыі. Пад кіраўніцтвам Міхаіла Паўлавіча калектыў Інстытута гісторыі змог захаваць навуковы патэнцыял, даследаваць «белыя плямы» гісторыі: пытанні палітычнага і культурнага жыцця ВКЛ, розныя аспекты рэлігійнага развіцця, гісторыі беларускай эміграцыі, палітычных рэпрэсій 1920 – 1950-х гадоў. Толькі за перыяд 1995 – 1999 гг. супрацоўнікамі інстытута былі надрукаваны 37 манаграфій, 21 зборнік, 10 брашур, 7 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. У 1994 – 1995 гг. выйшлі «Нарысы гісторыі Беларусі» ў дзвюх частках. Міхаіл Паўлавіч быў галоўным рэдактарам і адным з аўтараў гэтай навуковай працы.

Навуковым даследаванням Міхаіла Паўлавіча ўласцівы творчы падыход да асвятлення складаных праблем гісторыі, імкненне прасачыць як агульныя заканамернасці, так і асаблівасці ў развіцці гістарычных падзей. Ён вядзе актыўную арганізацыйную працу па стварэнні калектыўных манаграфій, здзейсняе іх навуковае рэдагаванне. Міхаіл Паўлавіч з’яўляецца галоўным рэдактарам «Гісторыі Беларусі» у шасці тамах, якія вышлі з друку на працягу 2000–2011 гадоў. Ва ўступленні да першага тома ён выразна абазначыў пазіцыю да аналізу гістарычнага мінулага: «Максімальна поўнае, аб’ектыўнае, непалітызаванае даследаванне мінулага беларускага народа з яго павучальным стваральным вопытам, а таксама цяжкімі выпрабаваннямі, вялікімі людскімі стратамі, знішчэннем матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, а затым іх аднаўленнем і далейшым развіццём – усё гэта дапаможа ўзнаўленню гістарычнай памяці сучаснага і будучых пакаленняў, паспрыяе павышэнню аўтарытэту беларускага народа сярод сваіх суседзяў, а таксама ў Еўропе і свеце».

За гады знаходжання Міхаіла Паўлавіча Касцюка на пасадзе дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі пашырыліся міжнародныя сувязі вучоных з навуковымі цэнтрамі іншых дзяржаў. Былі заключаны дагаворы аб творчым супрацоўніцтве з Інстытутам расійскай гісторыі і Інстытутам усеагульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук, наладжаны навуковыя сувязі з Інстытутам гісторыі Польскай акадэміі навук.

Плённа развівалася супрацоўніцтва з вучонымі Інстытута гісторыі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук. Беларускімі і сібірскімі вучонымі была праведзена вялікая праца па вывучэнні гісторыі беларускай дыяспары ў Сібіры. Каардынатарамі яе выступалі акадэмік РАН Вячаслаў Малодзін і акадэмік НАН Беларусі Міхаіл Касцюк. Супрацоўніцтва мела добрыя вынікі: былі выдадзены два зборнікі артыкулаў «Беларусы в Сібіры», а ў 2002 г. – калектыўная манаграфія «Нарысы гісторыі беларусаў у Сібіры ў XIX – XX ст.». У 2003 г. манаграфія была адзначана прэміяй імя акадэміка В.А.Капцюга Сібірскага аддзялення РАН, лаўрэатам якой разам з іншымі гісторыкамі стаў і М. П. Касцюк.

Міхаіл Паўлавіч папоўніў скарбонку беларускай гістарыяграфіі цікавымі арыгінальнымі даследаваннямі. Яго пяру належаць звыш 300 навуковых прац, прысвечаных вывучэнню актуальных праблем айчыннай гісторыі. Зыходзячы з цвёрдага пераканання, што «без гістарычных ведаў і выкарыстання гістарычнага вопыту нельга паспяхова будаваць незалежную дзяржаву», М.П. Касцюк надае вялікую ўвагу папулярызацыі гістарычных ведаў, выступае з цікавымі і змястоўнымі артыкуламі на старонках перыядычных выданняў, па радыё і тэлебачанні, на шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, семінарах, сімпозіумах. Актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для гістарычнай навукі. На працягу многіх гадоў вядзе актыўную навукова-педагагічную дзейнасць на гістарычных факультэтах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Паспяховая рознабаковая дзейнасць М.П. Касцюка, яго ўклад у развіццё гістарычнай навукі атрымалі прызнанне навуковай грамадскасці Рэспублікі Беларусь і замежжа. У 1989 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам, у 1996 г. акадэмікам НАН Беларусі. У 1998 г. М. Касцюк стаў акадэмікам Цэнтральнай Еўрапейскай Акадэміі навукі і мастацтва.  Амерыканскі біяграфічны інстытут прызнаў яго «Чалавекам года» і ўключыў у склад Міжнароднага камітэта па прысваенні такога статуса іншым асобам. Ён таксама выбіраўся «Чалавекам года» Кембрыджскім універсітэтам. Мае іншыя ўзнагароды і званні.

Імя Міхаіла Паўлавіча Касцюка занесена ў Кнігу Славы Навагрудскага раёна.

Падрыхтавала Л. ЮРЧЫК, бібліятэкар аддзела па абслугоўванні дзіцячага чытача ДУК «Навагрудская раённая бібліятэка»