«Літаральна праз візуальнае» – персанальная выстаўка мастака Івана Васюкевіча праходзіць у Навагрудскай раённай бібліятэцы

«Літаральна праз візуальнае» – персанальная выстаўка мастака Івана Васюкевіча праходзіць у Навагрудскай раённай бібліятэцы

11 января 2019 938

У міні-галерэі «Імгненне» Навагрудскай раённай бібліятэкі праходзіць персанальная выстаўка мастака Івана Васюкевіча. На выстаўцы прадстаўлена 37 жывапісных і графічных работ.

Мастацтвам Іван Васюкевіч захапіўся яшчэ ў дзяцінстве, пачаў вывучаць спецыяльную літаратуру. Сваю працоўную дзейнасць пачынаў мастаком-афарміцелем у родным горадзе Іўе.

IMG_7070 IMG_7097

На прэзентацыі выстаўкі, якая адбылася ў чацвер, мастак пазнаёміў навагрудчан са сваімі работамі.

IMG_7128 IMG_7057 IMG_7048

– За сваё жыццё я стварыў каля тысячы твораў жывапісу і графікі, быў арганізаваны шэраг выставак маіх карцін як у Іўі, так і ў Гродне, у Мінску. З’яўляюся адным з аўтараў помніка чатыром канфесіям у цэнтры горада Іўе. У мінулым годзе быў заняты рамонтнымі работамі ў Іўеўскім цэнтры культуры, дзе сёння можна ўбачыць маляўнічае пано шырынёй у пяць метраў і тры метры ў вышыню. На стварэнне вялікіх памераў палатна, якое адлюстроўвае купальскія гулянні, пайшло каля паўгода. У сваёй большасці мая творчасць – гэта такі накірунак у мастацтве, як абстракцыянізм – адмова ад малюнка рэальных прадметаў. Творы абстракцыянізму заснаваны выключна на фармальных элементах: лінія, каляровыя фарбы, адцягненая канфігурацыя. Я лічу, што мастак павінен пісаць тое, што яму блізка, што падабаецца. Я выбраў абстакцыянізм, знайшоў сваю нішу ў мастацтве. Яшчэ на пачатку 90-х гадоў захапіўся графікай і шмат працую ў гэтай тэхніцы. Тэмы сюжэтаў маіх карцін самыя разнастайныя: тэма малой радзімы, Чарнобыльская трагедыя, чэчэнская вайна і іншыя.

Больш падрабязна пра мастака, яго жыццёвую і творчую біяграфію расказала падчас прэзентацыі намеснік дырэктара Навагрудскай раённай бібліятэкі Ірына Старадымава.

– Першая персанальная выстаўка мастака Івана Васюкевіча адбылася ў 1989 годзе ў Іўеўскім раённым Доме культуры, а другая выстаўка прайшла праз 10 гадоў у мастацкай галерэі ў горадзе Лідзе.

Творчасць мастака мае шырокі дыяпазон: жывапіс алеем, лінагравюра, эклібрыс, разьба па дрэве. Вялікі вопыт рэстаўрацыі харугваў, ікон, іканастасаў і храмаў: касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла, царквы Святога мучаніка Гаўрыіла Беластоцкага (г. Іўе), Свята-Троіцкай царквы (в. Морына Іўеўскі раён), касцёла Святой Марыі (в. Дуды Іўеўскі раён).

IMG_7051 IMG_7048 IMG_7112 IMG_7079 IMG_7067

Іван Васюкевіч прымаў удзел у абласных і раённых выстаўках самадзейных мастакоў, кірмашах. Яго работы знайшлі прызнанне ў мастацкай «СТЭП-галерэі» ў горадзе Познані. Многія палотны знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Іспаніі, Швецыі, Германіі, Расіі, Беларусі, – расказала Ірына Старадымава. – У 2006 годзе таксама персанальная выстаўка мастака прайшла ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Рэтраспектыўная выстаўка «Сувязь часу» прадэманстравала творчыя набыткі аўтара за значны перыяд. Наогул у графіцы мастак спрабуе нанава асэнсаваць біблейскія сюжэты, язычніцкія святы, перадаць прыгажосць краявідаў роднай прыроды, нацюрмортаў, абстратных кампазіцый.

Наведаць выстаўку мастака Івана Васюкевіча ў Навагрудскай раённай бібліятэцы можна да 10 лютага.

В. Пісар, «НЖ»

Варта пачытаць:

У Навагрудку адзначылі дзень нараджэння Адама Міцкевіча