Леся Байко: "Без любві і спагады немагчыма быць добрым урачом"

Леся Байко: "Без любві і спагады немагчыма быць добрым урачом"

19 марта 2019 1825
Чужога болю не бывае – пераканана ўрач-тэрапеўт, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення Навагрудскай ЦРБ Леся Байко. Прафесіянал сваёй справы, выдатны спецыяліст, чулы, спагадлівы, уважлівы доктар, яна нікога і ніколі не пакіне без увагі, граматнай кансультацыі, добрай парады. Імя Лесі Уладзіміраўны Байко сёлета занесена на раённую Дошку гонару. Калі чалавек трапляе ў бальніцу, ён чакае ад урача дапамогі і ўвагі, шукае спагады і надзеі. У тэрапеўтычным аддзяленні Навагрудскай цэнтральнай раённай бальніцы працуюць урачы, якім пацыенты заўсёды кажуць толькі словы ўдзячнасці. Дзякуючы загадчыцы Лесі Байко, у аддзяленні створана асаблівая атмасфера клопату і ўвагі да кожнага пацыента, а высокі прафесіяналізм урачоў і медсясцёр дае надзею на шчаслівае лячэнне і выздараўленне. Выбар на ўсё жыццё Аб прафесіі ўрача Леся Байко задумалася толькі ў старэйшых класах. Яна заўсёды была пераканана, што ўрач –  адна з самых высакародных, гуманных і неабходных прафесій на свеце. І ў тое, што яна, звычайная дзяўчына з сельскай украінскай школы, зможа стаць доктарам, паверыла не адразу – Урача ў ва мне першымі ўбачылі бацькі, – усміхаецца Леся Уладзіміраўна. – Яны часта паўтаралі, што я буду добрым доктарам, хаця самі былі далёкія ад медыцыны. А я сумнявалася, і калі б не старэйшы брат, які заўсёды быў для мяне аўтарытэтам, то, магчыма, і не стала б урачом. Брат ужо вучыўся ў Гродзенскім медыцынскім інстытуце, і я бачыла, як ён займаецца, бачыла яго захапленне медыцынай. Сёння мой брат Ігар Петранчук –  загадчык хірургічнага аддзялення ў Лельчыцкай раённай бальніцы. У інстытуце Леся Байко з галавой пагрузілася ў свет медыцыны. Лекцыі, заняткі, практыка ў бальніцы – яна старалася запомніць кожнае слова выкладчыкаў, уважліва слухала вопытных урачоў. Менавіта тады для сябе дакладна вырашыла, што гатова пайсці менавіта па гэтым шляху – ля­чыць людзей. Быць урачом. – Усе мае аднакурснікі звязалі сваё жыццё з медыцынай, значыць, у нас уклалі гэтае імкненне – дапамагаць людзям, – адзначае Леся Ула­дзіміраўна – Працаваць пачала тут жа, у Навагрудку, урачом-тэрапеўтам у жаночай кансультацыі. Там атрымала вельмі добры вопыт, але ў першую чаргу, навучылася ўважлівым адносінам да пацыентаў. Не толькі прафесія Прафесія ўрача – адна з самых адказных і складаных на свеце. Прызванне ўрача патрабуе, каб ён выконваў свае абавязкі згодна з сумленнем і медыцынскімі прынцыпамі. Як адзначаюць многія калегі і пацыенты, Леся Байко менавіта такі ўрач. Яе прафесіяналізм спалучаецца з цярпеннем, дабрынёй і ўменнем адчуваць пакуты іншых. – Сваю справу стараюся рабіць добра і не лічу гэта чымсьці асаблівым, – прызнаецца мая суразмоўца. – Кожны дзень у аддзяленні пачынаю з таго, што прыходжу ў палату да цяжкіх хворых, каб паглядзець, падтрымаць, зрабіць неабходныя прызначэнні. А далей – як звычайна: агляды, дыягназы, кансультацыі. Але за кожным з гэтых слоў – чалавек, якому патрэбна мая дапамога. Любое лячэнне, лічыць Леся Уладзіміраўна, пачынаецца з размовы з пацыентам, да якога трэба ўвайсці ў давер. А чалавек павінен паверыць урачу, не баяцца падзяліцца з ім сваімі перажываннямі і праблемамі. Тады і ўзнікае вера ў доктара, такая неабходная пры лячэнні. Бо вядома, што самы важны фактар у выздараўленні – настрой самога пацыента, жаданне стаць здаровым. Чужога болю не бывае У тэрапеўтычнае аддзяленне Навагрудскай ЦРБ Леся Байко прыйшла дзесяць гадоў таму. Спачатку працавала ўрачом-ардынатарам, а тры гады таму ўзначаліла аддзяленне. Леся Уладзіміраўна пераканана, што як урач яна састаялася дзякуючы былому загадчыку аддзялення Віктару Міхайлавічу Шанько. Сёння ў тэрапеўтычным аддзяленні атрымліваюць лячэнне пацыенты з рознымі профілямі захворванняў: пульманалагічым, гастраэнтэралагічным, гематалагічным, эндакрыналагічным, анкалагічным. Асаблівасць аддзялення ў тым, што ўрач тут павінен ведаць паталогію па ўсіх сумежных спецыяльнасцях. – Аддзяленне мае ўсё неабходнае для аказання якаснай медыцынскай дапамогі. Створаны камфортныя ўмовы знахо­джання для пацыентаў, маюцца палаты павышанай камфортнасці, працуе граматны медыцынскі персанал, ёсць усе неабходныя лекавыя сродкі і адпаведнае медыцынскае абсталяванне, – пералічвае загадчыца. – Аднак урач у першую чаргу павінен быць міласэрным, умець спачуваць хвораму. Бо чужога болю не бывае. І тут важна прая­віць такую неабходную кожнаму пацыенту ўвагу. Калі хворы выздаравеў, яму стала лепш, для мяне, як урача, гэта самая лепшая адзнака маёй працы. Напэўна, пад стаць кіраўніку падабраўся і калектыў тэрапеўтычнага аддзялення. Медсёстры і санітаркі аднолькава цёпла і чула ставяцца да ўсіх пацыентаў, да кожнага знахо­дзячы падыход. OLYMPUS DIGITAL CAMERA Прыклад бацькоў –   лепшае выхаванне Як прызналася Леся Ула­дзіміраўна, яна ні разу не па­шкадавала аб абранай прафесіі, адчувае сябе на сваім месцы, і, калі б паўтарыць усё спачатку, зноў бы стала ўрачом. – Урачы таксама людзі, і не варта пра гэта забываць, – сціпла адзначае Леся Уладзіміраўна. – Безумоўна, вопыт накладвае свой адбітак: ты вучышся стрымліваць эмоцыі, пакідаць працу за парогам дома. Але ж гэтак жа перажываеш, гэтак жа бывае цяжка сказаць чалавеку пра няпросты дыягназ. Урач заўсёды павінен думаць пра тое, каб не нашкодзіць пацыенту, каб назначыць правільнае лячэнне. Менавіта таму ні адзін урач не можа пазбегнуць страхаў і сумненняў. Аднак я ніколі не прымаю рашэнні, калі не ўпэўнена ці ёсць хоць нейкае сумненне. Вольны час ... Яго заўсёды не хапае: агляды пацыентаў, рашэнне адміністрацыйных пытанняў – адымаюць дарагія га­дзіны і хвіліны. Але калі з’яўляецца час на адпачынак, Леся Уладзіміраўна праводзіць яго разам з сям’ёй. Муж Андрэй Міхайлавіч таксама доктар, працуе галоўным урачом у ЛПП№5. – Сям’я медыкаў –  гэта і доб­ра, і складана адначасова, – лічыць мая гераіня. – З аднаго боку вельмі важна, каб блізкія людзі з разуменнем ставіліся да няпростага графіка працы, мірыліся з выклікамі да хворых і дзяжурствамі. З іншага – работу часта не атрымліваецца пакі­нуць у кабінеце ... Аднак Леся Уладзіміраўна заўсёды паспявала і паспявае ўдзяліць увагу сям’і і дзецям. Дачка Вольга студэнтка – будучы архітэктар, сын Віктар вучыцца ў чацвёртым класе. Для іх мама першы дарадчык і самы дарагі чалавек. – Выхаванне… Стараюся даць дзецям як мага больш любві і клопату, – разважае Леся Уладзіміраўна. – На мой погляд, дзецям трэба давяраць, трэба размаўляць з імі на самыя розныя тэмы. Яны бачаць мае ўчынкі, мае адносіны да людзей, да сваёй работы. Таму прыклад бацькоў – самае лепшае выхаванне. Вядома, хочацца, каб сын і дачка знайшлі для сябе справу па душы, сталі дастойнымі людзьмі, былі шчаслівымі ў сямейным жыцці. Шкадуе Леся Уладзіміраўна толькі аб адным, што не так шмат часу, як ёй хацелася б, удзяляе сям’і. Разам з тым кожную свабодную хвілінку яна імкнецца прысвяціць родным. Зрабіць з сынам урокі, пагаварыць па душах з дачкой, прыгатаваць смачную страву, усёй сям’ёй адпачыць на прыродзе – звычайнае жыццё, простае сямейнае шчасце. І як бы ўсе ў іх сям’і ні былі загружаны справамі і работай, абавязкова падтрымлі­ваюць і дапамагаюць адзін аднаму. А справа ўрача – дапама­гаць людзям, у гэтым Леся Ула­дзіміраўна Байко ўпэўнена цвёрда, што і даказвае сваёй працай з дня ў дзень. І як бы далёка ні крочыў прагрэс, міласэрнасць, гатоўнасць у любы час прыйсці на дапамогу былі і заўсёды застануцца асновай медыцыны. Алена Ганцэвіч, «НЖ» Варта пачытаць: От неизвестности – к международным вершинам. Александр Грабовик - о спорте, семье, своем пути в борьбе, целях и ІІ Европейских играх Новогрудчанка Людмила Остапенко в строительной отрасли работает более 35 лет